Хозяйка «мини-поликлиники»

К профессиональному празднику

Звычайна ў фельчарска-акушэрскіх пунктах працуюць людзі, для якіх клопат пра іншага чалавека заўсёды вышэй асабістых інтарэсаў. Яны гатовы днём і ноччу, у дождж і спякоту дабірацца ў суседнюю вёску, каб аблегчыць боль чалавека, дапамагчы яму справіцца з хваробай. Да ліку такіх людзей адносіцца і фельчар Вяркудскага ФАПа Т.А.КРУПСКАЯ. 

Таіса Аляксандраўна нарадзі-лася ў вёсцы Павулле. Яшчэ ў дзяцінстве марыла звязаць сваё жыццё з медыцынай, таму пасля заканчэння школы павезла дакументы ў Полацкае медыцынскае вучылішча. Праз пэўны час вярнулася на радзіму. З 1991 года стала працаваць фельчарам у Гарбаціцкім ФАПе, а пазней “далучыўся” і Вяркудскі. У 2010 годзе атрымала домік у Вяркудах, уладкавалася на новым месцы. Сёння фельчарска-акушэрскі пункт у названым аграгарадку стаў яе асноўным месцам працы, аднак Таіса Аляксандраўна паспявае абслугоўваць выдатна і пацыентаў Гарбаціцкага ФАПа, дзе працуе на палову стаўкі. На абслугоўванні Т.А.Крупскай знаходзіцца 605 чалавек.
– Скажу шчыра, клопатаў многа штодзень, – расказвае жанчына. – Трэба і ў аддзяленне кругласутачнага прабывання для пажылых людзей, інвалідаў за-зірнуць, і ў школу, да немаўлят і пажылых людзей. Ды і наведвальнікаў хапае. А яшчэ шмат-лікія тэлефонныя званкі. Людзі цікавяцца наяўнасцю тых або іншых лекаў, што лепш прыняць ад галаўнога болю, калі можна прыйсці змерыць ціск.
Кожнага Таіса Аляксандраўна ўважліва выслухае, кожнаму дасць параду, для кожнага знойдзецца добрае, ласкавае слова. Ці не таму вяскоўцы з павагай называюць яе “наш любімы доктар”. Падчас нашага візіту да Т.А.Крупскай на прыём прыходзілі пацыенты, якія шчыра дзяліліся з намі цёплымі словамі ў адрас гэтай незвычайнай жанчыны.
– Людзям вельмі пашанцавала, што тут працуе Таіса Аляксандраўна, – дадаў старшыня КУСГП “Дубраўка” Б.Т.Юргенс. – Гэта шчыры, дабрадушны чалавек, граматны медык. Яна гатова хвораму аддаць часцінку свайго сэрца, каб дапамагчы.
Дарэчы, не забывае яна разам з кіраўніком мясцовай гаспадаркі завітаць на машынны двор ці на поле, асабліва ў час масавых сельскагаспадарчых кампаній. Пацікавіцца здароўем хлебаробаў, змерыць ціск, дасць неабходныя рэкамендацыі. А з набыццём алкатэстараў і праверыць стан механізатараў.
– Дысцыпліна і парадак у гаспадарцы толькі на 10 працэнтаў залежаць ад мяне, – жартуе Б.Т.Юргенс. – Усе астатнія 90 працэнтаў – заслуга нашай Таісы Аляксадраўны.
Рабочы дзень фельчара пачынаецца з самага ранку: ужо ў шэсць гадзін Т.А.Крупскую можна сустрэць на медаглядзе работнікаў КУСГП “Дубраўка”. Бывае, што прыходзіцца працаваць да позняга вечара. А як інакш? Кожны дзень у кабінет да яе прыходзіць каля 30 пацыентаў, не ўлічваючы тых, каго наведвае на доме, хто з пытаннямі звяртаецца па тэлефоне або прыходзіць набыць лекі. Справіцца з усімі задачамі Таісе Аляксандраўне дапамагае акушэрка ФАПа Валянціна Васільеўна Маковіч, якая стала надзейным сябрам, “правай рукой” фельчара.
– Самае прыемнае ў рабоце тое, што звязана яна з людзьмі. Бывае, што чалавека дастаткова выслухаць, і яму ўжо становіцца лягчэй. А яшчэ прыемна, што на маіх вачах растуць дзеці, – расказвае жанчына. – Хлопчык, якога я некалі прымала на гэты свет, – сёлета ўжо выпускнік школы.
Таіса Аляксандраўна ўжо можа ісці на заслужаны адпачынак. Але на пенсію пакуль не збіраецца, ды і выглядае, насуперак усім выпрабаванням лёсу, цудоўна.
– Проста зараджаюся пазітыўнай энергіяй ад людзей, з якімі стасуюся. А калі яшчэ чую і сардэчны “дзякуй”, то разумею, што дзень пражыты недарэмна, – дзеліцца сакрэтам Т.А.Крупская – выдатны доктар, абаяльная жанчына і сапраўдны чалавек.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *