Литр молока в одни руки? В магазинах Ушачского филиала облпотребобщества крайне низкий ассортимент товаров

Общество

“Прыехалі з Мінска на дачу ў Вашкова, завітала ў мясцовы магазін, каб купіць малака – мужу патрэбна дыетычная ежа. А стаіць толькі паўтарапрацэнтнае, якое невядома калі прывезена. Наогул такіх пустых паліц не бачыла з часоў развалу Савецкага Саюза, калі тавары выдавалі па картачках. Няхай бы прыватнікі якія ўзялі магазін, ці “Еўраопту” перадалі, калі Белкаапсаюз не спраўляецца. Раней лары ламіліся, магазінам карысталіся не толькі вяскоўцы, але і адпачываючыя санаторыя “Лясныя азёры”, зараз расіянам сюды толькі як у музей былых часоў хадзіць”, – абурэнню Галіны Шумскай не было межаў.

У магазінах “ПраЗапас”…

Яшчэ ўчора мінчанка перабірала пачакі ёгуртаў розных вытворцаў, напаўняльнікаў і тлустасці. Гублялася ў выбары мясных далікатэсаў. А сёння вымушана ехаць у раённы цэнтр, каб прыгатаваць мужу кашу. “Чытала, што вы ўжо рабілі рэйды па магазінах, праедзьце зноў, сфатаграфуйце”, – прапаноўвала жанчына чарговы варыянт уздзеяння на мясцовую кааператыўную сістэму.

Нас пустымі паліцамі не здзівіш. Ведалі, што пасля таго як прыбытковае Ушацкае райспажыўтаварыства стала філіялам Віцебскага, праблемы з пастаўкамі растуць як снежны ком. Першымі зніклі цыгарэты. Не паўсюдна, канечне. У “Табакерках” ці крамах сеткавікоў – на выбар. А ў кааператараў іх няма ўжо два гады! “Вокладкі на падручнікі? Яшчэ за мінулы год не разлічыліся з прадпрымальнікам, таму сёлета іх пакуль няма”, – тлумачылі перад 1 верасня ва Ушацкім універмагу. Потым з аўтакрам пачалі знікаць яйкі, грэчка, запалкі, па месяцы не было ў вясковых магазінах цукру. Цяпер насталі перабоі з “малочкай”. Пашанцавала жыхарам аграгарадка Кублічы, якія дзякуючы запаслівасці прадаўца на гэтым тыдні яшчэ маглі паласавацца марожаным. А ўсё пералічанае – хадавы тавар, які і даваў добры працэнт выручкі. “Самі дзівімся, з чаго тысячу нагандлявалі ўчора, – разводзіла рукамі прадавец магазіна “На Калінінскай” Святлана Палячэнка. – Мікрараён абслугоўваем вялікі, а ні каўбас, ні малочкі, ні гарэлкі”.

…“На Калінінскай”.

Дарэчы, нядаўна зачынілі магазін у аграгарадку Вяркуды. Не ў глухой вёсцы і не ў райцэнтры, дзе харчовыя павільёны ў кропкавай даступнасці… Арэнда за немаленькае памяшканне і зарплата прадаўца яўна перавышалі выручку паўпустой кропкі. Асам выкладкі трэба быць, каб запоўніць прастору лароў, якія ламіліся ад мясных і малочных тавараў, калі Ушацкі філіял самастойна напрамую разлічваўся з пастаўшчыкамі. У вёсцы Селішча 25 мая на іх красаваліся тры слоікі з кількай у тамаце! А спіртное ганарліва прадстаўляла адна бутэлька бальзаму ды некалькі віна.

Добра, калі ў вялікіх вёсках ёсць прыватныя крамы. Толькі такіх – адзінкі, ну а ў аддаленых раней надзейна выручалі аўтакрамы. На старонках газеты – пастаянныя падзякі прадаўцам, бабулі ласкава называлі іх сыночкамі і чакалі як родных. Сёння ля акенца, дзе на рукі даюць толькі па літры малака, стаіць лаянка і сяльчане пытаюцца: “Навошта ехалі?”. На размеркавальных жа складах спецыялісты жартаўліва называюць сябе агентамі не па забеспячэнні, а па выжыванні: “Сёння на сем аўтамагазінаў дзяліла 300 пачакаў малака – прывезлі чацвёртую частку ад заказу: з “Сафійкі” не паступіла нічога, а з “Лепелькі” – палавінны аб’ём. Шчасліўчыкі, каму дастанецца. Ну а выручкі ў хлопцаў зноў не будзе”, – дзялілася чацвярговай рэчаіснасцю агент Ірына Бурак. А шчасціць, канечне, не ўсім. У чацвер вадзіцель-прадавец Іван Крупеня (на здымку) вёз 53 пачакі малака, на наступны дзень – толькі 10, праўда паўтаралітровых. “Пакіну іх на Лясіны – самую дальнюю вёску, там людзям больш няма дзе ўзяць”.

“Мацвееўна мая з Забалоцця, якой 86 гадоў, заказвала каўбасы і малака – ні таго, ні другога ёй не купіла, – расказвае сацыяльны работнік Наталля Грабоўская. – Да Жывалакі, Гваздоў – усіх вёсак, дзе жывуць мае падапечныя, аўтамагазін прыходзіць у заканчэнні маршрута, таму тавар у астатку. Раней тое, што заказвалі, магла набыць у нашым магазіне ў Слабадзе. А зараз прадаўцы самі вымольваюць тавар. Уявіце – 10 бутэлек піва на прыдарожную краму з амаль дзвюма сотнямі жыхароў прыйшло. Калі б не паштавікі – прапалі б. Там і малочка свежая, і мясное ў асартыменце. Вяскоўцы прызвычаіліся і заказваюць усё ў “газетныя” дні”.

Так, дэфіцыту тавараў у краіне няма. І тытунёвыя фабрыкі працуюць, і цукровыя ды малочныя заводы не зачыняліся. Толькі вось Ушацкі філіял (яшчэ некалькі год – перадавы нават па краіне) стаў заложнікам сітуацыі, і калі Віцебскае аблспажыўтаварыства тэрмінова не прыме мер па разліках з пастаўшчыкамі, зачыніць давядзецца ўсе крамы. Няўжо толькі пошта будзе задавальняць вяскоўцаў таварамі першай неабходнасці?

Абавязкова падыміце праблему, каб жыхары раёна ведалі, што яна агульная. А то некаторыя мяркуюць, што мы прыкрываем прадаўцоў ці кіраўніцтва філіяла, – папрасілі нас старшыні сельвыканкамаў, якім таксама часта даводзіцца чуць пра дэфіцыт тавараў выключна ў кааператыўных магазінах.

У вёсцы Ціханяты.

А да парады нашай чытачкі рэдакцыя прыслухалася – па магазінах прайшліся, праўда толькі ва Ушачах. Навошта ехаць па вёсках, калі ў цэнтры гарпасёлка, у асноўнай прадуктовай краме кааператараў “ПраЗапас” на малочных паліцах сіратліва ляжаў пачак малака, сыркі аднаго наймення і згушчонка.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *