У 2006 годзе на Ушаччыне пачало сваю дзейнасць таварыства з абмежаванай адказнасцю “Форэстгандаль”. Кампанія займаецца выпускам і прапануе разнастайную ўпакоўку з дрэва – кошыкі і чашы для прадуктаў харчавання: хлебабулачных вырабаў, грыбоў, ягад і іншага. За час свайго існавання таварыства заваявала давер кліентаў, і сёння ў складаных эканамічных умовах тут знаходзяць новых заказчыкаў, павялічваюць выпуск.
Многія ўшачане ўжо добра знаёмы з названай прадукцыяй – у кошыках прадаецца выпечка нашага хлебазавода, аднак таварыства працуе не толькі ў межах свайго раёна. Выпушчаная прадукцыя запатрабавана ў іншых гарадах Беларусі, у прыватнасці, Віцебску, Мінску, пэўная частка ідзе на экспарт у Аўстрыю і Германію, а гэта ўжо валютны прыбытак.
У сучасных умовах рынку і канкурэнцыі неабходна зацікавіць асартыментам і высокай якасцю прадукцыі. Кошыкі якраз вырабляюцца розных памераў і па індывідуальных заказах кліентаў.
– Вось гэтыя кошыкі выраблены для вядомай беларускай кампаніі “Златагор”, якая выпускае хлебабулачныя, кандытарскія вырабы, а вось гэтыя адправяцца за мяжу, – паказвае ўжо гатовую тару бухгалтар прадпрыемства Марыя Мікалаеўна Спірчонак. – Індывідуальны падыход да кожнага пакупніка дазваляе нам знаходзіць найбольш эфектыўныя схемы супрацоўніцтва.
Што да якасці прадукцыі, то яна не выклікае сумненняў, бо выпускаецца з натуральнай драўніны ў экалагічна чыстым раёне Беларусі. Вырабленае адпавядае еўрапейскім стандартам якасці.
Як жа адбываецца тэхналагічны працэс вырабу? Неабходная для вытворчасці колькасць сыравіны закупляецца ў лясгасе. Гэта разнастайныя віды драўніны – бяроза, асіна, таполя, ліпа. Пры дапамозе спецыяльных дрэваапрацоўчых станкоў драўніна разразаецца ў плоскасці, паралельнай напрамку валокнаў. Гэты працэс называецца лушчэнне шпона. Пасля ідзе разразанне шпона на патрэбныя памеры, а потым – ручная работа, калі па пэўным шаблоне складваецца кошык і замацоўваецца стэплерам. Вырабы праходзяць прасушку і падрыхтаваны да працяглага захоўвання і транспарціроўкі.
Ручны працэс не вельмі складаны. Хоць і патрабуе ўмення, аднак справіцца з ім зможа кожны. Той, хто працуе тут працяглы перыяд часу, “набіў руку” і з лёгкасцю выконвае норму выпрацоўкі, а яна сёння складае 500 кошыкаў у дзень. Але кожны работнік імкнецца перавыканаць гэту норму, каб атрымаць большы заробак. Сёння на прадпрыемстве працуе 13 пастаянных работнікаў. У цяперашні час колькасць заказаў не зніжаецца, а павялічваецца, таму зараз патрабуюцца рабочыя – як мужчыны, так і жанчыны для пастаяннага працаўладкавання. У летні час тут могуць падзарабіць і школьнікі.
Штомесяц ТАА “Форэстгандаль” выпускае 103-107 тысяч кошыкаў. Толькі ў маі рэалізавана прадукцыі на суму 27 мільёнаў 344 тысячы рублёў. У планах далейшае развіццё і пошукі новых рынкаў збыту.
В.ПОЛАЗАВА.
На здымку: ідзе працэс вырабу кошыкаў.