Развіццё турызма

Калейдоскоп Общество

Рашэннем раённага Савета дэпутатаў прынята праграма развіцця турыстычнай галіны на 2010 год. Прадстаіць настойлівая работа па яе ажыццяўленні. Аб названым, важным для раёна пытанні, гутарка з начальнікам аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама С.І.ЦІХАНЁНКАМ.

 

– Сяргей Іванавіч, якія мэты і задачы ставіць названы дакумент?

 

 

– Перш за ўсё мэтай з’яўляецца фарміраванне іміджу нашага раёна як рэгіёна, прыцягальнага для турызму. Ставяцца такія задачы, як фарміраванне сеткі турыстычных паслуг, стварэнне спрыяльных умоў для прыцягнення інвестыцый, забеспячэнне сучасным турыстычным інвентаром устаноў адукацыі і зборных каманд раёна, увядзенне ў штат фізкультурна-спартыўнага клуба “Ураджай” стаўкі інструктара па турызму. У перспектыве плануецца продаж сувенірнай прадукцыі, развіццё існуючых сельскіх сядзіб, стварэнне пунктаў пракату турыстычнага інвентару і амуніцыі. Прадугледжваецца будаўніцтва, рэканструкцыя і абсталяванне: аднаго аб’екта прыдарожнага сервісу, дзвюх сельскіх сядзіб, пяці аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры. Спектр плануемага разнастайны.

 

– Як развіваўся турызм апошнія гады?

 

– Названую дзейнасць ажыццяўляў перш за ўсё санаторый “Лясныя азёры”, які аказваў паслугі па размяшчэнні, харчаванні, перавозцы турыстаў, лячэнні. Маюцца більярд, парыльная лазня з міні-басейнам, цэнтр для правядзення вольнага часу, пункты пракату спортінвентару. У 2009-м санаторый наведалі 4000 чалавек. Таксама лясгас прапаноўвае такі від, як арганізацыя размяшчэння людзей і паляванне. У мінулым годзе аказана паслуг 71 чалавеку на суму 4,8 мільёна рублёў. Індывідуальны прадпрымальнік Г.В.Малашчанка забяспечвае жадаючых адпачынкам на плыту па азёрах раёна.

 

– Што змянілася да лепшага?

 

– Змены адчувальныя. Так, у 2008-м у вёсцы Глыбачка Глыбачанскага сельсавета з’явілася першая аграсядзіба А.У.Чувахова “Зялёны бераг”, дзе маюцца: абсталяваны пляж з прычалам, пяць турыстычных маршрутаў па наваколлі. Ёсць жылы пакой на двух чалавек. У гэтым месцы адпачынку пабывалі 68 чалавек.

На сённяшні дзень у раёне ажыццяўляюць сваю дзейнасць яшчэ дзве аграсядзібы. У вёсцы Сержаны Жарскага сельсавета гаспадар Н.Д.Падрэз падрыхтаваў пяць пакояў на 29 месцаў, валейбольную, футбольныя, дзіцячую пляцоўкі. Тут пабывалі 297 чалавек. У планы на бягучы год уваходзіць будаўніцтва лазні і скаладрома. Самая маладая “Шуркіна сядзіба”, але яе гаспадар А.А.Літвін прапаноўвае ўжо турыстам дагледжаны дом з чатырма спальнямі на дзесяць чалавек. Госці забяспечваюцца харчаваннем з асабістага падворку. Аказваюцца паслугі масажу, аздараўлення травамі, рыбнай лоўлі, палявання, экскурсій, вясковай лазні. У бліжэйшыя планы гаспадара ўваходзіць абсталяванне аздараўляльнай солекамеры, аналагаў якой у вобласці няма.

У 2009 годзе аграсядзібамі раёна было прынята 395 турыстаў.

Літаральна са жніўня мінулага года пачало ажыццяўляць у раёне сваю турыстычную дзейнасць ТАА “Азёрныя ростані” ў вёсцы Слабада Сарочынскага сельсавета. Тут будынак былой мясцовай школы перададзены для арганізацыі базы адпачынку, на яе абсталяванне затрачана 129,6 мільёна рублёў уласных сродкаў, а таксама атрымана бюджэтная пазыка ў адпаведнасці з рашэннем аблвыканкама на суму 67 мільёнаў рублёў. Работа ідзе. ТАА “Азёрныя ростані” з’яўляецца тураператарам нашага раёна. Ім заключаны дагаворы з санаторыем “Лясныя азёры”, лясгасам і гаспадарамі трох сядзіб Ушаччыны. Аказаны турыстычныя паслугі на 11,3 мільёна рублёў.

Усяго раён наведалі каля пяці тысяч чалавек.

 

– Што плануецца на бягучы год?

 

– Пачне сваю дзейнасць ПТУП “Азёрны рай”, заснавальнік якога – расійская фірма, на яе баланс перададзены для арганізацыі сельскага турызму будынак былой Маладолецкай школы. Для арганізацыі месцаў адпачынку плануецца затраціць 1,3 мільярда рублёў. У Сарочыне ПВУП “Ляснеўшчына” прадугледжвае арганізаваць аб’ект прыдарожнага сервісу, мяркуецца, што на гэта будзе выкарыстана 430 мільёнаў рублёў уласных сродкаў.

Гутарку вяла Г.ВАРАТЫНСКАЯ

 

 

 



1 комментарий по теме “Развіццё турызма

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *