«Пейзажи нравятся, но больше люблю портреты». Ушачанка Галина Толстая в свободное время увлекается творчеством

Общество

Гэтай вясной у музеі народнай славы ладзілася выстава работ мастачкі Аляксандры Дубінінай, дзе паралельна свае працы прадставіла наша зямлячка Галіна Пятроўна Талстая. Для многіх ушачан гэта стала адкрыццём, бо многія ведаюць яе як улюбёнага ў сваю справу бібліятэкара. Таму мы і вырашылі расказаць чытачам пра творчае захапленне жанчыны.

Пераступаеш парог дома Г.Талстой – і быццам у мастацкі музей трапляеш. Тут сапраўднае царства пейзажаў і партрэтаў. Гэта ж колькі часу і сіл трэба патраціць, каб атрымаўся такі маляўнічы сюжэт, а героі карцін выглядалі рэалістычна!

З дзяцінства любіла ствараць нешта сваё, напрыклад, выразала папяровых лялек, адзенне для іх, былі нават цэлыя сем’і. Настаўнікам малявання ў школе быў Франц Віктаравіч Струй. Яго парады і падказкі вельмі спатрэбіліся. На захапленне паўплываў і таленавіты ўшацкі мастак Міхаіл Антонавіч Казіцкі, які вёў гурток ў Доме піянераў. Хадзіла туды вучыцца вязаць, але забягала і на яго заняткі. Было вельмі цікава, падоўгу любавалася яго карцінамі.

– Рана пачала ствараць і свае “шэдэўры” з натуры, – усміхаецца Галіна Пятроўна. – Маці працавала на ферме, і акрамя мянушкі ля стойла кожнай каровы я прымацавала партрэт. За каляровы дапаможнік мяне вельмі хваліў асемянатар. Жартаваў, што ўжо ні за што не пераблытаеш, два разы да адной не падыдзеш. Калі паўстала пытанне выбару прафесіі, хацела пайсці вучыцца ў мастацкае вучылішча ў Кобрын, марыла распісваць керамічны посуд, але бацька пераканаў, што трэба працягнуць сямейную дынастыю: “Едзь вучыцца на закройшчыка. У цябе заўсёды будзе хлеб з маслам!”

Вучылішча Галіна скончыла з адзнакай. І хоць не працуе па першай спецыяльнасці, атрыманыя навыкі спатрэбіліся ў жыцці. Выдатна шые, вяжа. Але ж часцей у вольны час цягне ўзяць у рукі фарбы і пэндзаль. “Пейзажы падабаюцца, але больш люблю партрэты. Гэта чалавек, яго душа, імкнешся перадаць і выгляд, і эмоцыі. Першымі маімі натуршчыкамі (акрамя буронак) былі родныя: тата, мама, пляменніца. Спачатку малявала графічныя партрэты, пазней прызвычаілася і да акварэлі. Самае цікавае і складанае – што ёю трэба маляваць адразу на “чыставік”. Лічыцца, што гэта адна з самых складаных тэхнік. Цікаўлюся партрэтамі прафесійных мастакоў, ёсць такія, што быццам фатаграфіі”, – зазначае жанчына.

Галіна Пятроўна лічыць, што ніколі не позна вучыцца новаму. І ўдасканальвае сваё майстэрства ў інтэрнэце на анлайн-уроках. Займаецца і іншымі відамі творчасці: асвоіла тэхніку канзашы – робіць заколкі для валасоў, карціны, захапляецца батыкам, вырабляе з капрону цацкі. Ну а свае работы дорыць сябрам, родным, знаёмым. Ёсць у творчасці і яшчэ адзін плюс: сам працэс адганяе негатыўныя думкі, узнімае настрой і прыносіць задавальненне.

Караліна КЛАЧОК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *