Пра тое, што праз гарпасёлак у суправаджэнні ДАІ рухаецца дзіўны “сельгаскартэж”, нам паведамілі аж з некалькіх крыніц: чытачоў зацікавіў зачэплены за “Беларусам” незнаёмы ярка-чырвоны агрэгат, шасціметровы “размах” якога нават на некалькі хвілін прыпыніў рух на Камсамольскай. Высветлілася, што з базы “Сафійскіх дароў” на першую палявую змену едзе сеялка турэцкай фірмы “Оздуман”, спецыяльна прызначаная для высеву кукурузы, сланечніка і іншых падобных культур. Паколькі такой машыны ў арсенале ўшацкіх гаспадарак яшчэ не было, да працэсіі далучыліся і мы.
Каб наладзіць тэхніку і патлумачыць нюансы работы на ёй, ва Ушачы прыехалі прадстаўнікі афіцыйнага дылера турэцкай кампаніі ў Беларусі, а таксама галоўны аграном Полацкага аграпрамысловага аб’яднання В.Бумажэнка. “Гэтымі днямі мы ўжо развезлі на прадпрыемствы інтэграцыйнай структуры тры першыя сеялкі, а чацвёртая сёння прыбыла да вас”, – зазначыў Валерый Пятровіч, рэгулюючы маркеры.
Як патлумачыў нам галоўны інжынер гаспадаркі Дзмітрый Ладзік, навінка мае шэраг вартасцяў: вылучаецца дакладнай нормай высеву, высокай прадукцыйнасцю, паралельна ў радкі можна ўносіць угнаенне (яно, як і насенне для кожнай з 8 высяўных секцый, паступае з асобных пластыкавых бункераў). Работа агрэгатаў адлюстроўваецца на дысплеі ў кабіне трактара. Калі ж, напрыклад, кукурузу трэба пасеяць спачатку на сілас, а потым на зерне, норму высеву можна аператыўна памяняць пераналадкай шасцярэнек. З усім гэтым, безумоўна, хутка разбярэцца кемлівы механізатар Раман Ладзік, якому і даручылі чарговую тэхнічную навінку.
Адметна, што ў гэты дзень на полі адбылася і яшчэ адна “прэм’ера”: тут упершыню пасеялі кукурузу “Бема-203”. “Гэты раннеспелы гібрыд – плён сумеснай працы селекцыянераў Малдовы і навукоўцаў Жодзінскага НПЦ па земляробстве. Ён добра сябе паказаў на Гомельшчыне і вось зараз спрабуем яго ў паўночным рэгіёне. Патэнцыяльная ўраджайнасць гатунку пры вырошчванні на сілас – 450-500 ц/га, на зерне – да 120”, – патлумачыў нам прадстаўнік беларускай даччынай фірмы малдаўскай насенняводчай кампаніі Барыс Жуковіч.
◆ Складанасці з пастаўкамі сельгастэхнікі з заходніх краін прымусілі беларусаў шукаць альтэрнатыўных партнёраў. Адным з такіх стала турэцкая кампанія “Оздуман”, якая вырабляе якасныя глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты па даступным кошце. Сеялка мадэлі HVMD8 дэманстравалася на выставе “БЕЛАГРА-2022”, а ўжо зараз працуе на ўшацкіх палях.
І ўжо першыя прагоны задаволілі спецыялістаў: галоўны аграном “Сафійскіх дароў” Станіслаў Лісічонак і практыкант Ілья Алімаў, які пасля заканчэння Лужаснянскага каледжа зойме пасаду агранома, вымерылі глыбіню і адлегласць паміж зярнятамі, якія склалі адпаведна 3,5-4 і каля 13 см – якраз тое, што патрабуе тэхналогія. З прыемным пачуццём “дапаможная” частка картэжа рушыла ў зваротны бок, а галоўная працягнула дэбютную змену заморскай тэхнікі.
Сёлета сафійцы вылучылі пад “каралеву палёў” пад 400 гектараў і на момант выхаду гэтага артыкула ўжо практычна справіліся з задачай. А новая сеялка пераедзе на другі бок раёна – да глыбачанцаў, якія таксама ўваходзяць у полацкае аб’яднанне.
Наталля БАГДАНОВІЧ.