Ушачанка Лариса Данилова: «Лучшее время — когда семья вместе!»

Калейдоскоп

Пакуль размаўлялі з Ларысай Мікалаеўнай Данілавай, яе сярэдняя дачка Надзя рыхтавала для старэйшай Паліны падарунак на Дзень нараджэння – паштоўку. І праз паўгадзіны дэманстравала запоўнены колерам сямейны партрэт: “Я, мама, брацік Макар, тата, Поля і кот Барсік”. Прычым, усе трымаліся за рукі, акрамя Барсіка, канечне. Зрабіла юная мастачка і сімвалічную папраўку, што над імі ўсімі не хмаркі, а прыгожыя аблокі.

На наступны год Надзя зноў марыць стаць першакласніцай – толькі ўжо школы мастацтваў. Любіць маляваць, і гэта ў яе атрымліваецца. А васьмігадовая Поля пасля ўрокаў бяжыць у секцыю лёгкай атлетыкі ў СДЮШАР, а таксама ў цэнтр дзяцей і моладзі на заняткі па спевах. Нягледзячы на розныя інтарэсы, сёстры-пагодніцы ні хвіліны не могуць адна без адной. Так жа аддана любяць і малодшага браціка, даглядаюць якога з пялёнак. Паліць градкі, пакарміць курэй, прапыласосіць пакоі і нават нешта прыгатаваць – літаральна ва ўсім безадказныя памочніцы.

“Так было і ў нас у сям’і, – расказвае Ларыса. – Маці трымала вельмі вялікую гаспадарку, нават дзвюх кароў, у мяне з сястрой розніца 8 гадоў, так што асноўнай памочніцай была і сельскую гаспадарку ведаю змалку. У ветэрынарнай акадэміі вучылася з ахвотай, сама прасілася на выезды падчас практык на Ушацкай ветстанцыі. Люблю наш дружны калектыў, у якім заўсёды дадуць і прафесійную, і жыццёвую параду. А ў сямейных адносінах галоўным лічу ўменне чуць другога, “не закрывацца” і не трымаць у сабе крыўды, а размаўляць, каб не заставалася непаразуменняў. Таму навальніц у нас у сям’і не бывае, калі толькі рэдкія аблокі”.

Ля іх дома па вуліцы Маладзёжнай у Двор Пліне, сапраўды, нейкая асабліва спакойная, лагодная аўра. Цвітуць беллю грушы, невялікі ўчастак засаджаны градкамі і кветкамі, на якіх ні травінкі, утульна ў прасторных пакоях. А больш за ўсё радавала позірк шарэнга каляровага абутку рознага памеру. Тата Сямён Сямёнавіч Паўлец працуе будаўніком, таму прыклаў руку да рамонту дома, здадзенага ў пачатку дзевяностых. А паколькі першая яго спецыяльнасць – повар, то ўсе любяць, калі на кухні гаспадарыць менавіта ён. Нават пірагі пячэ, не гаворачы пра любімыя ўсімі дранікі і боршч. “Калі ў бальніцы з малым, ці куды паехаць трэба, ведаю, што ўсё будзе ў парадку”, – гаворыць Ларыса.

Паколькі тата працуе вахтавым метадам, самы лепшы час – калі ўсе збіраюцца разам. Вельмі любяць адпачываць сям’ёй на возеры Баравёнак, дзе ловяць рыбу, ставяць палатку, у якой сёлета мяркуюць застацца і на начную рыбалку. Частыя і сумесныя прагулкі да мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, дзе Макар асвойвае намнога большыя за сябе “машынкі”.

Ларысе было ўсяго 25, калі не стала маці Алены Пятроўны Русак. Вось ужо 10 год без яе падтрымкі, парады, не парадавалася і не дапамагла расціць унучак. Таму так цэніць маладая жанчына сямейныя стасункі. Нямнога ў яе блізкіх, але з тымі, хто ёсць, яны вельмі трывалыя. Выдатныя адносіны з бацькам, які жыве на суседняй вуліцы. Ну а Галіну Іванаўну Карповіч Ларыса наогул называе другой мамай. Разам жывуць у двухпавярховым катэджы, не проста суседзі, а і радня, яны дапамагаюць ва ўсім. Штодня размаўляе Ларыса з малодшай сястрой, якая працуе ў Мінску, але часта прыязджае ў бацькоўскі дом. І вельмі хочацца, каб не толькі ў гэтай дружнай сям’і, але і ва ўсіх ушацкіх над галавой былі не хмары, а лёгкія, закрываючыя ад спёкі аблокі – такія, як на малюнку Надзі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *