В школах Ушаччины прошли выпускные вечера

Общество

Гэта не проста мерапрыемства з урачыстым уручэннем атэстатаў. Гэта вечар, які павінен стаць асаблівым, запамінальным на ўсё жыццё. Таму школы імкнуцца знайсці цікавыя формы правядзення балю, у якім, аднак, ёсць і “абавязковая праграма” – школьны вальс, сустрэча першага дарослага світанку. Ва Ушацкай школе да гэтых непарушных традыцый далучылася яшчэ адна – кожнае падобнае мерапрыемства пачынаюць тут з ускладання кветак да помніка загінуўшым воінам і партызанам. Прыгожая калона з 56 юнакоў і дзяўчат урачыста прайшла па цэнтральных вуліцах гарпасёлка, прыцягваючы да сябе захопленыя позіркі людзей, многія з якіх наўмысна выйшлі на вуліцу, каб палюбавацца на выпускнікоў. У сваёй прамове ля помніка дырэктар навучальнай установы Святлана Канстанцінаўна Турло адзначыла, што гэта ўскладанне кветак асабліва сімвалічнае, бо набліжаецца дата 70-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, і пажадала сваім выхаванцам быць дастойнымі нашчадкамі тых, хто адстаяў Радзіму. Права першымі ўскласці вянок да помніка было даручана выдатнікам вучобы Алене Зімніцкай і Леаніду Сазанкову. 
Святочны вечар у актавай зале школы пачаўся з выступлення начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Людмілы Рыгораўны Карабань, якая павіншавала выпускнікоў і выказала ўпэўненасць, што яны стануць дастойнымі грамадзянамі нашай краіны. Першыя настаўнікі, ад імя якіх выступала Наталля Анатольеўна Шарыпа, падрыхтавалі сваім выхаванцам сюрпрыз – фільм, складзены з фотаздымкаў тых часоў, калі выпускнікі былі пачаткоўцамі. Наіўныя і кранальныя кадры нікога не пакінулі абыякавымі, прысутныя (іншы раз не без цяжкасці) пазнавалі адзін аднаго, смяяліся, жартавалі, апладзіравалі.
Ад імя бацькоў на сцэну ўзняліся Наталля Васільеўна Падвойская і Дзмітрый Анатольевіч Клачок. Было відаць, што яны хваляваліся нават больш за сваіх дзяцей. Бацькі падзякавалі настаўнікам за іх няпростую працу, за любоў і цярплівасць, пажадалі юнакам і дзяўчатам, каб яны не забывалі школу, сяброў, педагогаў.
Выступленне класных кіраўнікоў было, бадай, найбольш пранікнёным і шчымлівым момантам балю. Калі Ларыса Аляксандраўна Корабава, Алена Васільеўна Марозава і Маргарыта Анатольеўна Бутоўская разам праспявалі песню, усе выпускнікі ўзняліся са сваіх месцаў і ўстроілі авацыю. У многіх прысутных на вачах заблішчэлі слёзы… 
Падобныя і, канечне, у кожнага па-свойму непаўторныя выпускныя балі арганізавана прайшлі ў кожнай сярэдняй школе раёна.
І вось адзінаццацікласнікі атрымалі атэстаты – пачаўся адлік іх дарослага жыцця. Яны пакінулі школу, каб прымножыць яе славу. У добры шлях!
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *