Прадстаўнікі дзвюх правінцый Кітая прыехалі ў Беларусь для вывучэння патэнцыялу рэгіёнаў з мэтай эканамічнага супрацоўніцтва. Былі ў Баранавічах, Талачыне, Віцебску і далей працягваюць дзелавую вандроўку. Візіту ў наш раён папярэднічала дамоўленасць са старшынёй Ушацкага райвыканкама С.С.Садоўскім. Два тыдні таму Сяргей Сяргеевіч вёў перамовы з заснавальнікам адкрытага акцыянернага таварыства “Белчайна коннект” Янай Вонг, падчас якіх былі акрэслены цікавячыя напрамкі і маршрут падарожжаў. Каб весці прадметную размову, аддзел эканомікі падрыхтаваў прайс-лісты, цэны на якіх ужо стаялі ў юанях, а таксама буклеты з узорамі прадукцыі ўсіх прадпрыемстваў Ушаччыны. Дапамагаў абодвум бакам у ходзе непасрэдных перамоў першы намеснік начальніка камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама К.Э.Чорны, які добра ведае “дарожную карту” паміж Прыдзвіннем і Кітаем.
Хутчэй за ўсё Ушаччыну б не заўважылі сярод буйных прамысловых раёнаў, калі б не збег абставін. У нас у Двор Жарах вось ужо 10 год мае дачу Дзмітрый Ігумнаў, які з’яўляецца камерцыйным дырэктарам прыгаданага вышэй таварыства. А Яна Вонг на працягу 20 гадоў спрыяе наладжванню дзелавых стасункаў паміж бізнесам Расіі і Кітая. Як толькі мінулі абмежаванні з каранавірусам, яна прыляцела ў Беларусь, склала працоўны графік і састаў адной з груп. У ёй аказаліся адказны за інвестыцыі Шандунскай правінцыі, кіраўніцтва заводаў па выпуску абсталявання і камбікармоў для птушкі, а таксама ўладальнік упаковачнай фірмы.
Апошні і праяўляў найбольшы інтарэс падчас візіту ў цэх дрэваапрацоўкі Ушацкага лясгаса. Паколькі займаюцца выпускам паддонаў, яго зацікавілі ўзоры дошкі нізкіх гатункаў. Дарэчы, беларускі 2 сорт у Кітаі адпавядае першаму! Малады прадаўжальнік сямейнага бізнесу непасрэдна з цэха звязваўся з бацькам, агаворваў усе нюансы, цікавіўся аб’ёмамі, фатаграфаваў узоры і мацаў у руках розныя віды пілавання, якое таксама можна пускаць у справу.
Пабачылі прадстаўнікі дэлегацыі, як працуе лінія, вяліся перамовы пра магчымасць пашырэння вытворчасці, тым больш што наш лясгас зацікаўлены ў павелічэнні прадукцыі і набыцці сушылкі, каб пашыраць асартымент тавараў з даражэйшым адпускным коштам. Дырэктар лясгаса А.М.Апёнак назваў мінімальны заказ і максімальныя магчымасці і неаднойчы падкрэсліў, што гатовы падстроіцца пад памеры і іншыя запыты заказчыка.
◆ Трэба зазначыць, што за мінулы год, калі зачыніла дзверы Еўропа, лясгас поўнасцю памяняў накірункі экспарту і на сённяшні дзень адгружае драўніну ў тым ліку і ў Кітай. Прыбытак атрымліваецца невялікі з-за таго, што 60-70 працэнтаў у кошце тавару займаюць транспартныя выдаткі. Беларуская драўніна паступае на Усход чыгункай, хаця больш танным з’яўляецца водны транспарт.
Азнаямленне з выпускаемай у раёне прадукцыяй працягнулася на фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Юнацтва-Ушачы”, дзе свае ўзоры выставілі як прадстаўнікі лясгаса, так і “Форэстгандля”, Ушацкага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства, ААТ “Лес” і “Твестуба-Про”. Кітайскія бізнесмены цікавіліся літаральна ўсім. Адзначылі, што ўпакоўка з лушчыны асіны – прадстаўнічага класа, а ўшацкі квас і мінеральная вада ўдвая танней за іх айчынныя аналагі. Убачыўшы кардонныя гільзы, паведамілі, што ў Кітаі выпускаецца дастаткова падобнай прадукцыі, але гатовы ўкласціся ў пашырэнне вытворчасці, калі ёсць запыт на ўнутраным рынку. Падчас экскурсіі па комплексе начальнік сектара спорту і турызму С.І.Ціханёнак расказваў пра турыстычны патэнцыял раёна, знаёмства з якім пачалося з санаторыя “Лясныя азёры”. А агляд і рэклама прадукцыі рабілася з акцэнтам на перспектыўныя накірункі ўкладання інвестыцый: у выпуск мінеральнай вады, стварэнне турыстычнай інфраструктуры, здабычу торфу, тым больш што ва Ушацкім раёне ён унікальны – падыходзячы для развіцця агародніны ў цяпліцах – і такі маецца толькі ў трох рэгіёнах Віцебшчыны. Прадстаўнік вытворчасці камбікорму для птушкі запытаўся, ці можам мы пастаўляць кукурузу. На жаль, ні Ушаччына, ні Прыдзвінскі край у цэлым не забяспечвае сябе ў поўнай патрэбе гэтай каштоўнай, але капрызнай паўднёвай культурай. Гатовы закупляць кітайскі бок і кураціну, таму і вялі перамовы з заснавальнікам “Віцебскаграпрадукта” У.П.Некрашэвічам аб пашырэнні вытворчасці. Яны ж гатовы прапанаваць абсталяванне па раздзелцы птушкі, а два ўдзельнікі дэлегацыі прыехалі ў тым ліку і для мадэрнізацыі галандскай лініі на Баранавіцкай бройлернай птушкафабрыцы.
Якім будзе працяг візіту кітайскай дэлегацыі – пакажа час. Мы зацікаўлены ў інвестыцыях, новых вытворчасцях і рынках збыту прадукцыі, кітайскі бок – таксама. Аднак паколькі размова ідзе пра эканоміку, усяму папярэднічаюць дакладныя разлікі, а падлічвае кітайскі бок усё да капейкі. Цікава, што нават канкурэнты заўсёды кааперуюцца пры закупцы тавару, каб заказ атрымаўся больш танным. Таму папрасілі прадаставіць дакладныя сумы кошту ліній, а ўсе паступіўшыя прапановы перададуць кіраўніцтву Шандунскай правінцыі, якое ў сваю чаргу прыцягвае прыватны бізнес. Вельмі спадзяюцца Беларусь і Кітай на магчымасці расійскага порта Усць-Луга, тады значна патаннее “лагістыка”.
“Нам проста неабходна пашыраць супрацоўніцтва з Кітаем, паколькі гэта альтэрнатыва еўрапейскаму, закрытаму вектару, – выказваў свой погляд К.Э.Чорны. – Рэгіён не першы год супрацоўнічае з гэтай краінай і ў энергетыцы, і ў іншых галінах, зараз час больш інтэнсіўнага партнёрства, у тым ліку і таму, што пераважная большасць абсталявання на нашых заводах – заходняя, і зараз не адшукаць запчастак. Віцебск, Орша, Глыбокае, Браслаўскі раён ужо маюць кітайскія гарады-пабрацімы, мяркую, што з’явіцца такі і ва Ушачах”.
Што ж, спадзяёмся, што так яно і будзе. На гэты момант зроблены маленькі крок на шляху далейшага партнёрства. Ну а самымі хуткімі інвестыцыямі ва Ушацкі раён стане пакупка Янай Ванг участка ў Двор Жарах. Гэта цвёрды яе намер, падчас знаёмства з прадукцыяй лясгаса аблюбавала і зруб з кругляка, нават на скідку дамовілася.
◆ З няменшай цікавасцю кітайскія госці знаёміліся з экспазіцыяй музея народнай славы імя У.Е.Лабанка, ну а на мемарыяльным комплексе “Прарыў” нават праверылі на трываласць браню кожнай баявой машыны. “Мы значна адставалі ў зброі, выпуску жалеза”, – патлумачыла “хлапечы” інтарэс спадарыня Яна. А ў завяршэнні мітынгу ціха дадала: “Вайна – гэта вельмі страшна. Я перажываю за дзяцей, унукаў, хачу, каб ва ўсім свеце было мірнае, такое прыгожае, як сёння, неба”.
Вольга КАРАЛЕНКА.