В Ушачском районе началась борьба с борщевиком

Общество Экология

Гэтай вясной баршчэўнік кінуўся ў рост нейкімі неверагоднымі тэмпамі. Аднак і меры ў барацьбе з ім сёлета прадпрымаюцца надзвычайныя. Вылучаныя на гэту справу бюджэтныя сродкі накіраваны на выкананне работ адначасова на землях агульнага карыстання ўсіх сельсаветаў, а для іх правядзення ва Ушачы прыбыў вялікі дэсант з абласнога ўпраўлення МНС, у складзе якога выратавальнікі з розных раёнаў Віцебшчыны.

Як паведамілі нам у раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, 11 брыгад, у складзе якіх каля 80 супрацоўнікаў, з чацвярга прыступілі да апрацоўкі хімічнымі сродкамі забруджаных участкаў. Каардынуюць гэту работу сельвыканкамы, дапамагаюць ім старэйшыны населеных пунктаў. Як мы памятаем, летась куды меншыя брыгады рухаліся па складзеных маршрутах паступова, пачынаючы з самых зарослых тэрыторый, і да некаторых вёсак дайшлі, калі апырскваць буйныя расліны было ўжо позна. Зараз жа ёсць магчымасць ахапіць адразу шмат участкаў ва ўсіх кутках раёна. А пра аператыўнасць знішчальнікаў “зялёнага агрэсара” кажа такі факт: за першыя паўтара дня работы брыгады апрацавалі 50 гектараў.

Раённыя эколагі выдалі землекарыстальнікам 52 прадпісанні з указаннем тэрыторый, якія трэба ачысціць, і адведзеных на гэта тэрмінаў.

Як звычайна, ачышчаць ад баршчэўніку свае землі будуць лясгасаўцы, дарожнікі, энергетыкі. Апошнія, дарэчы, ужо распачалі справу. Так, у мінулую пятніцу мы сустрэлі брыгаду раёна электрасетак у наваколлі вёскі Лабані, дзе работнікі знішчалі пустазелле ўздоўж ліній электраперадач. Для правядзення падобных работ ёсць усё неабходнае. Некалькі год таму ў іх арсенале з’явіўся навясны апырсквальнік, з яго дапамогай трактарыст Васіль Ключонак хутка апрацоўваў зялёныя парасткі, а яго калега Леанід Міхейка (на здымку) распыляў “Тэрсан” з ранцавага агрэгата. Канечне, насіць за спіной груз у 20 кілаграмаў нялёгка, але ж трактар заедзе не паўсюль, і без такога абсталявання не абыдзешся. “Забруджаныя ўчасткі выяўляем падчас планавых абходаў ліній. На працягу мая мяркуем знішчыць баршчэўнік хімічным і механічным спосабам на 35 гектарах. Сёння працуем па Сарочынскім сельсавеце – скончым тут і рушым на Мосар, а заўтра паедзем у далецкі бок”, – патлумачыў нам майстар Віктар Брэнько.

Адпаведна плана, брыгады МНС павінны апрацаваць гербіцыдам 1230 гектараў зямель, а работы неабходна выканаць да канца мая.

У важнасці і неадкладнасці гэтай работы энергетыкаў упэўніваць не трэба. Добра было б, каб разумелі гэта і іншыя землекарыстальнікі – у тым ліку і гаспадары прыватных участкаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *