Ученики Веркудской школы в туристическом походе

Наши дети

Вось і настала цудоўная пара – лета, калі можна адпачыць і дзеткам, і дарослым. Для вучняў старэйшых класаў гэта напружаная пара экзаменаў, а для школьнікаў сярэдняга і малодшага звяна – магчымасць набрацца сіл да наступнага навучальнага года.
Вучні нашай школы любяць праводзіць вольны час з карысцю, а таму настаўнікі часта арганізуюць для іх розныя экскурсіі, паходы і іншыя мерапрыемствы. Напрыканцы гэтага навучальнага года вучні сёмага і восьмага класаў разам з педагогамі прынялі ўдзел у двухдзённым паходзе па наступным маршруце: аграгарадок Вяркуды – в.Гарбаціца – в.Павулле – в.Янова – в.Суя – Вяркуды. Згадзіцеся, маршрут нялёгкі: ісці прыйшлося шмат. Дзеці стаміліся, аднак былі ўсё роўна задаволеныя і шчаслівыя. У вёсцы Гарбаціца мы спыніліся ля абеліска, які разам з дзецьмі прыбралі і ўсклалі кветкі ў памяць аб тых, хто загінуў дзеля нашай будучыні. 
Спыніліся ў вельмі прыгожым месцы, якое прываблівала нас незвычайнымі краявідамі. Паставілі палаткі, расклалі вогнішча, на якім прыгатавалі смачны абед і чай з лекавых траў. Пасля абеду дзеці гулялі ў розныя гульні, расказвалі цікавыя гісторыі. Час прайшоў вельмі хутка.
Наступнай раніцай усе прачнуліся рана. Гатавалі розныя стравы, адпачывалі, загаралі. Дзецям хацелася як мага больш часу правесці вось так, на прыродзе, у сяброўскай кампаніі. Аднак час прыспешваў. Вярталіся тым самым маршрутам.
Хачу адзначыць, што паход, калі ён добра спланаваны, – гэта цудоўная магчымасць наладзіць з дзецьмі цёплыя ўзаемаадносіны, пазнаць унутраны свет кожнага. Такія мерапрыемствы спрыяюць выхаванню і развіццю школьнікаў. Наш паход спадабаўся ўсім: і дзецям, і настаўнікам. Поўныя эмоцый, ужо плануем новыя маршруты.
І.ІВАНЮК,
настаўніца Вяркудскай школы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *