«Мусорная» проблема на Ушаччине: разбираемся, кто виноват — жители или ЖКХ?

Общество

Да “смеццевай” тэмы вяртаемся рэгулярна. Пад увагу трапляюць не толькі стыхійныя звалкі, але і спецыяльна адведзеныя для збору бытавых адходаў месцы. У чарговы рэйд па райцэнтры, вёсках Сарочынскага сельсавета накіраваліся з памочнікам урача-гігіеніста Ушацкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Г.У.Коўшаль.

На вуліцы Першамайскай.

Ужо ў самым цэнтры Ушач – ля дома №19 па вуліцы Ленінскай (за магазінам “Віраж”) – убачылі гару буйнагабарытных рэчаў: кавалкаў пластыку, дэталяў старой мэблі… Добра, што хоць побач з кантэйнерамі паклалі – месца ўнутры зэканомілі. Прадугледжаная тут агароджа мала што схавала – ужо з тратуара былі бачны нечыя пажыткі. За крамай “На Віцебскай” сітуацыя аказалася не лепшай: на смеццевай пляцоўцы – сучча, матрац і нават унітаз, нібы для аздаблення, вакол – пакеты ды бананавыя скуркі. На Першамайскай і Данукалава, па ўсім відаць, пабывалі механікі: кантэйнеры запоўнены аўтамабільным шклом, кузаўнымі элементамі. Між тым, практычна ўсё названае не адносіцца да ліку цвёрдых камунальных адходаў, збор і вываз якіх аплачваем УП ЖКГ, а значыць на пляцоўках быць не павінна!

Наша “расследаванне” з мэтай высветліць, хто з жыхароў пакідае камунальнікам “няправільнае” смецце, зайшло ў тупік. Прыносяць чужыя людзі? Наўрад ці. Як заўсёды, “вінаватых няма”…

Нельга спісваць з рахункаў і недапрацоўкі УП ЖКГ. Колькі ні прасілі жыхары вуліцы Школьнай у Арэхаўне дабавіць на пляцоўку ля дома №16 кантэйнер для змешанага смецця – не пачулі. Як вынік – пастаянная перапоўненасць, завальванне адходаў за бакі. “У ідэале, пакуль адзін работнік смеццявоза займаецца выгрузкай, другі павінен прыбраць усё, што на зямлі, – кажа Ганна Уладзіміраўна. – Аднак такога, як бачым, не адбываецца, за што ў адносінах адказных асоб варта было б прымяніць вызначаныя заканадаўствам санкцыі. Дарэчы, не толькі за гэта”. Так, за будынкам пракуратуры ва Ушачах і па вуліцы Дуброўскага прыкмецілі зламаныя агароджы смеццевых пляцовак, адзін з кантэйнераў па Е.Лось трэба замяніць: “свеціцца” ад буйных дзірак. Падчас правядзення на мінулым тыдні нагляднай камісіі, у якой прымалі ўдзел спецыялісты РЦГЭ, актыўна скардзіліся ўшачане і на несвоечасовы вываз смецця. “Ва УП ЖКГ ёсць графік прыезду спецтранспарту ва ўсе кропкі раёна, – зазначае Г.У.Коўшаль. – Вось толькі “працуе” ён, як паказалі праверкі, сапраўды, не заўсёды. Вось паглядзіце: мяхі яшчэ з мінулага суботніка ляжаць, пяць дзён для ўборкі не хапіла. Камунальнікі спісваюць гэта на наяўнасць усяго адной “нязношанай” адзінкі тэхнікі, адсутнасць вадзіцеля. Гаварыць пра неабходную апрацоўку кантэйнераў спецсродкамі ўвогуле не даводзіцца. Ёсць праблемы і з захаваннем санітарных правілаў, якія датычацца збору смецця на могілках. Там, дзе няма спецыяльных ёмістасцяў, павінны абсталёўвацца месцы часовага складзіравання – з бетонным пакрыццём і трохбаковай агароджай. Такіх практычна няма. Як і ў цэлым, абсалютна ідэальных смеццевых пляцовак”.

Наглядная работа працягваецца. Заўвагі, прадпісанні могуць перарасці ў рэальныя грашовыя спагнанні. Датычыцца гэта не толькі адказных за добраўпарадкаванне асоб, але і кожнага, каго застануць за выкідам смецця ў неналежным месцы. Пазбаўляйцеся ад адходаў правільна. І не пераймайце прыклад жыхара Чарсцвяд, які ўсе шклянкі, бутэлькі кідаў пад бліжэйшы куст бэзу – маўляў, хутка распусціцца і закрые такую “прыгажосць”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *