Министр лесного хозяйства Александр Кулик с рабочим визитом побывал в Ушачском районе

Общество

Тое, што лес – наша багацце і яго трэба берагчы, засвоілі малышы дзіцячага сада №3 – у нядаўна створаным дашкольным лясніцтве “Лесавічок” на базе ўстановы актыўна праходзяць экалагічныя заняткі. А яшчэ выхаванцы ўжо ведаюць, як правільна садзіць дрэўцы, і могуць пахваліцца, што рабілі гэта разам з міністрам лясной гаспадаркі!

А.Кулік і А.Апёнак з дзецьмі садзяць дрэўцы.
Удзельнікі “Лесавічка”.
Пажаданні пакідае Ю.Ліпскі.

На гэтым тыдні кіраўнік ведамства А.А.Кулік з рабочым візітам пабываў на Ушаччыне і ў рамках правядзення “Тыдня лесу-2023” завітаў у дзіцячы садок, каб пазнаёміцца з самымі юнымі лесаводамі і разам з імі закласці міні-дэндрарый. “Практыка стварэння на базе садкоў лясніцтваў у краіне існуе нядаўна. На Віцебшчыне іх пакуль два: у Гарадку і Ушачах. Такія ініцыятывы па беражлівых адносінах да прыроды будзем падтрымліваць. Прычым, вопыт Ушацкага лясгаса параіў бы смела пераймаць астатнім рэгіёнам. “Лесавічок” створаны месяц таму, а ўжо бачны зацікаўленасць, супрацоўніцтва, вынікі”, – адзначыў Аляксандр Антонавіч.

Залатая і звычайная туя, самшыт і ядловец – такімі маладзенькімі раслінамі ўпрыгожылі тэрыторыю дзіцячага сада. Першыя 16 саджанцаў сталі стартавай пасадкай у міні-дэндрарыі, які ў будучым плануюць пашырыць. Майстар-клас па пасадцы выхаванцам далі ганаровыя госці – генеральны дырэктар Віцебскага ДВЛГА Юрый Ліпскі, дырэктар УП “Беллесэкспарт” Леанід Дзям’янік, старшыня райвыканкама Сяргей Садоўскі, цяперашні і былы дырэктары Ушацкага лясгаса Аляксей Апёнак і Аляксандр Рудасаў. Маленькай Еве Кальчэўскай у гэты дзень дасталася крыху больш увагі журналістаў: дзяўчынка ўжо шмат ведае пра лес, бо яе тата – ляснічы Кубліцкага лясніцтва Вадзім Васільевіч – больш 20 гадоў прысвяціў справе. І менавіта Еве выпала місія пасадзіць дрэўца разам з міністрам.

С.Садоўскі на закладцы міні-дэндрарыя.

Яшчэ адным цікавым момантам сустрэчы стала закладка капсулы з пасланнем нашчадкам. Яе завешчана адкрыць праз 15 гадоў, і мяркуецца, што сярод удзельнікаў той цырымоніі будуць сённяшнія маленькія лесаводы, а Аляксандр Кулік паабяцаў сабраць усіх прысутных дарослых, каб убачыць новае пакаленне дзяцей з дашкольнага лясніцтва. На месцы закладкі капсулы з’явілася архітэктурная форма – Лесавічок, якога змайстравалі работнікі лясгаса. У якасці падарунка прадпрыемства вырабіла і столік з лавачкамі, на якіх дашкаляты паласаваліся салодкім тортам ад міністра. Было ў гэты дзень і шмат іншых сімвалічных падарункаў. На спецыяльным стэндзе, прысвечаным Году міру і стварэння, малышы пакінулі адбіткі сваіх далоняў, а госці – пажаданні, каб працвітала наша Радзіма і квітнеў лес.

У рамках візіту А.Кулік наведаў Сарочынскае лясніцтва і сустрэўся з калектывам лясгаса. Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што ў прадпрыемства на чале з нядаўна назначаным дырэктарам ёсць будучыня, але ёсць над чым і працаваць, у прыватнасці, у лесааднаўленні. На гэтым накірунку засяродзіў увагу лясгасаўцаў і генеральны дырэктар Віцебскага абласнога вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Юрый Ліпскі: “Я заўсёды казаў: можна добра пілаваць дошкі, вырашаць іншыя праблемы, але асаблівы акцэнт павінен быць на лясной гаспадарцы. Кожны з нас за лесааднаўленне адказвае сваёй пасадай”. Таксама ён акцэнтаваў увагу на працы з насельніцтвам. На думку генеральнага дырэктара, прыйшоў час ісці да людзей і прапаноўваць сваю прадукцыю, а не займаць пасіўную пазіцыю.

Нягледзячы на шчыльны графік, А.Кулік затрымаўся на Ушаччыне і пабываў на “Прарыве”, дзе разам з С.Садоўскім, прадстаўнікамі абласнога аб’яднання ўсклаў вянок і кветкі да мемарыяльных пліт. Хвілінай маўчання была ўшанавана памяць загінуўшых у гады вайны.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *