Чатыры месяцы ў раёне працуе група ўзнаўлення, спецыяльна створаная для павелічэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы і павышэння колькасці і якасці прадукцыі. Як могуць чатыры чалавекі зрабіць тое, што раней племстанцыя з поўным штатам? Гэта і высвятлялі, пабываўшы ў ААТ “Ільюшынскі”, на базе якога і працуюць спецыялісты пад кіраўніцтвам ветурача-гінеколага Васіля Леанідавіча Зеляніка.
Усе з раніцы на малочна-таварным комплексе ў Ільюшыне, з якога і пачынаецца кожны традыцыйны дзень. У кароўніку, дзе стаіць група перад расцёламі, да ўрача падыходзіць даярка: “Леанідавіч, не падымаецца, жвачкі няма, мабыць з цяляці што”. І В.Зелянік імгненна аказваецца за металічнай агароджай. Аслабляе прывязь, аглядае і задаволена агучвае дыягназ: “Не, цяліцца мы яшчэ не збіраемся, зараз паставім кропельніцу і падымецца. А вось тут патрэбна працяглае лячэнне”, – паказвае на рабрыстую рагулю. Калі яе суседку, што расцялілася ў такі ж час, пракалолі і вунь якая ладная, то ў гэтай сур’ёзныя праблемы са страўнікам”.
На кожнай з навацельных кароў бачу меткі, зробленыя зялёнкай ці маркерам – ад адной да трох рысак ці літара. І не толькі Васіль Леанідавіч, але і яго памочніца ветфельчар Наталля Шнітко ведае, што адной патрэбна лячэнне, другая ўжо гатова для прагулкі, трэцяй “прапісаны” масаж, які, дарэчы, і робяць у працэсе абходу. “Пасля масажу матка лепей ачышчаецца і хутчэй скарачаецца. Наогул да кожнай навацельнай каровы падысці трэба мінімум раз на дні: праверыць агульны стан, вымя, аддзяленне паследу, бывае, што частка застаецца, загнівае, развіваецца эндаметрыт – самая распаўсюджаная хвароба, што прыводзіць да бясплоднасці, а то і да лятальнага зыходу. Наша задача-максімум – каб кожная цялушка і карова дала прыплод, хутка без ускладненняў аднавіла лактацыю і зноў пакрылася. У ідэале і рэгуляваць расцёлы па месяцах, пераносіць на патрэбныя, рабіць роўнай нагрузку”.
За ўсім за гэтым, па сутнасці, павінны сачыць спецыялісты гаспадарак. Толькі ў адных сельгаспрадпрыемствах, як “Дземенец”, зааветслужба адсутнічае наогул, у другіх, як “Глыбачаны” і “Ільюшынскі”, яна прадстаўлена маладымі спецыялістамі, якім патрэбна падказка, ды і практычная дапамога. У апошняй гаспадарцы зараз 120 расцёлаў у месяц, праходзяць якія ў любы час сутак.
◆ У “Ільюшынскім” і “Дземенцы” ў студзені эфектыўнасць асемянення склала 70 працэнтаў (па раёне 63), а сінхранізацыі (пакрыцця не прыходзячых у ахвоту жывёл) 36.
Раніцу папярэдняга дня спецыялісты групы правялі ў “Дземенцы”, потым пабывалі ў “Глыбачанах”, ну і канечне, традыцыйны аб’езд ферм “Ільюшынскага”. “З ветурачамі, заатэхнікамі, а то і даяркамі гэтых арганізацый мы на пастаяннай сувязі. Калі што экстраннае, выязджаем, – тлумачыць В.Зелянік. – За “Дземенцам” замацавана і ветурач ветстанцыі, таму падстрахуюць, калі мы ў другім баку раёна. У “Глыбачаны” і “Вялікадолецкае” выязджаем на рэктальную праверку па іх заяўках, даём кансультацыі”.
Хаця са снежня, як пачала працаваць група ўзнаўлення, у штодзённым раскладзе значылася і апошняя гаспадарка. Ранішні аб’езд 6 ферм заканчваўся ў 15 гадзін, а ў 17 распачынаўся вячэрні. З такім графікам медыцынская дапамога хутка спатрэбілася б самім спецыялістам, за якімі ўся работа ад адбору цялушак па кандыцыях да прыняцця складаных родаў. “Наша група створана па прынцыпе савецкай племстанцыі, толькі там поўны штат быў і тры машыны на аб’езд. А ў нас наадварот адна і чатыры чалавекі, таму асемянатару Генадзю Сінякову, які хутчэй спраўляецца са сваёй задачай, даводзіцца дапамагаць нам з Наташай”, – тлумачыць В.Зелянік. Маладая дзяўчына, якая перайшла ў групу з “Сафійскіх дароў”, нягледзячы на штодзённыя нагрузкі, работай задаволена, адзначае выдатны мікраклімат і карысную стажыроўку пад кіраўніцтвам вопытнага ветурача. Ну а Алеся Кімава, чацвёрты спецыяліст групы, займаецца пакрыццём выключна на комплексе ў “Ільюшынскім”. У гэтай гаспадарцы ім выдзелілі асобны кабінет, ёсць асямянатарскі пакой з неабходнымі прыборамі, а таксама ветаптэка. Наогул жа ўсе гаспадаркі, якім дапамагае група ўзнаўлення, закупаюць прэпараты самастойна згодна з вызначаным дыягназам і рэкамендацыямі па лячэнні.
◆ За першы квартал 2023 года групай узнаўлення праведзена рэктальнае абследаванне 707 кароў, асемянілі 481, сінхранізавана 207, пралечана 129.
Здароўе каровы, і не толькі рэпрадуктыўнае, уплывае на якасць малака. Калі прысутнічае любы запаленчы працэс, павышаецца колькасць саматычных клетак, то прадукцыя прымаецца нізкімі гатункамі. Таму работа групы напрамую спрыяе і павышэнню якасці малака, а значыць і прыбытку гаспадарак. Так, у сакавіку 2023 года “Ільюшынскім” класам “экстра” яго прададзена 49 працэнтаў, калі год таму не было наогул.
“Канечне, для падвядзення пашыранага аналізу прайшло яшчэ мала часу, аднак ужо зараз бачны станоўчыя вынікі работы групы ўзнаўлення, таму задача на бліжэйшую перспектыву – стварэнне аналагічнай для поўнага ахопу гаспадарак”, – пракаменціравала сітуацыю начальнік аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці райсельгасхарча Вера Аляксандраўна Мацюш.
Вольга КАРАЛЕНКА.