Церковные праздники: что можно и нельзя делать

Калейдоскоп

У час рэлігійных святаў паўстае больш чым калі пытанняў наконт таго, што можна, а чаго нельга рабіць, што лічыцца правільным. І да благачыннага Ушацкай праваслаўнай акругі іерэя Аляксандра Таляронка мы звярнуліся з самымі частымі сярод людзей.

Ці можна працаваць у святочныя дні і нядзелю?

– Ёсць народная прымаўка – у Бога дзён многа, якая азначае, што будзе яшчэ час на тое, каб выканаць свае бытавыя справы, а нядзелю, кожная з якіх з’яўляецца святочным днём, прысвяціць Богу: схадзіць на службу, задумацца аб вечных паняццях, пачытаць, праведаць родных, дапамагчы ім і блізкім – заняцца любымі добрымі справамі. Час Вялікага паста – гэта час глыбокага асэнсавання сваіх паводзін. Вербная нядзеля ці іншае вялікае свята – тым больш. Даводзілася чуць: “Як жа я пайду ў храм, калі мне да Вялікадня стол прыгатаваць трэба і столькі ўсяго зрабіць”. Ідзе падмена паняццяў – другаснае становіцца першачарговым. Ці да царквы чалавек усё ж даходзіць, каб выканаць рытуал асвячэння вярбы ці яек, не задумваючыся, навошта ён гэта робіць. Ляжаць ля тэлевізара, паколькі свята і нічога нельга рабіць, незанятасць душэўная – гэта тое ж гультайства і таксама грэх, як і хапацца за сякеру, распачынаць у святочныя, значыць, асаблівыя дні будаўніцтва ці рамонт. А прыгатаванне ежы і ўсе іншыя хатнія справы наогул работай не лічацца, пасля службы можны займацца любымі штодзённымі.

Ці фарбуюць яйкі ў чырвоны колер, калі ў сям’і на працягу года нехта памёр?

– Варта прыгадаць, адкуль пайшла традыцыя фарбаваць яйкі. Калі Марыя Магдаліна прыйшла да імператара Ціверыя з весткай “Хрыстос Уваскрэс”, у руках трымала яйка як сімвал жыцця. Цар сказаў, што гэта немагчыма, як і тое, каб гэтае яйка з белага стала чырвоным. І яно пачало ружавець. Вялікдзень – самае светлае свята, якое сведчыць пра вечнае жыццё, пра бессмяротнасць душы. Мы молімся аб памерлых родных як аб жывых. І па традыцыі фарбуем яйкі. Забарона не рабіць так, каб нехта зноў не памёр – забабоны. Даводзілася бачыць, што іх фарбавалі нават у чорны колер як сімвал жалобы. Паўтаруся, што Вялікдзень – гэта радасць. Гэта адзіны дзень у годзе, калі не праводзяцца адпяванні, каб нічога не азмрочвала гэту радасць. Так што смела можаце фарбаваць яйкі.

Ці ходзяць на Вялікдзень на могілкі?

– Можна лічыць, што на гэтае пытанне мы адказалі ў папярэднім. Не ходзяць, паколькі на могілках мы міжволі смуткуем і значыць зацяняем радасць уваскрэсення Ісуса Хрыста. Для таго каб падзяліцца з памерлымі продкамі гэтай падзеяй, існуе спецыяльны дзень – Радаўніца. А вось прыбрацца на могілках, канечне, трэба. Дарэчы, ад Вялікадня да Радаўніцы дні лічацца святочнымі, калі не робяць вялікіх спраў. Няма ў Царквы і паняцця жывой і мёртвай радаўніцы.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *