«Разлетается на ура!». Выпечка магазина «Санта» пользуется большим спросом у ушачан

Общество

Пах свежай выпечкі пакупнікі ўшацкага магазіна “Санта” чуюць ужо з парога. Здобныя булачкі і смятаннікі, шакаладныя мафіны і макавыя завіткі… Пакуль многія з нас толькі прачынаюцца, у кандытарскім цэху ва ўсю кіпіць работа. Да адкрыцця гандлёвай кропкі яшчэ гарачымі на паліцы паступае некалькі соцень прысмакаў, а гэта звыш 20 найменняў.

А.Дзямешка, Ж.Мяніцкая, А.Уладзіёнак, Н.Варанько, К.Захарэнка.

“Прыемна, што наша выпечка заўсёды разлятаецца на ўра, – расказвае загадчык вытворчасці Наталля Варанько. – Праводзім для гэтага сур’ёзную “кандытарскую палітыку”: цікавімся густамі нашых пакупнікоў, як мінімум раз у тыдзень аналізуем пералік рэалізаванага, а потым павялічваем ці, наадварот, скарачаем вытворчасць пэўнага віду прадукцыі”.

У штаце цэха зараз чатыры кандытары. З захапленнем назіраем, як з пышнага цеста ўмела пляце касічкі, накіроўваючы іх у печ, Аксана Дзямешка, як хутка спраўляецца з упакоўкай, раскладкай гатовых булачак Жанна Мяніцкая. У другія дні – згодна з графікам – гатаваць будуць Валянціна Данілёнак і Крысціна Тарасевіч. Апошняя, дарэчы, на ўзгаданай пасадзе з моманту адкрыцця магазіна. Вернай “Санце” на працягу гэтых амаль трох гадоў застаецца і тэхнолаг па адукацыі, у мінулым – повар кафэ “Ландыш” Н.Варанько, якая паралельна адказвае за работу яшчэ двух вытворчых цэхаў.

“Многія пытаюцца, ці пяку я што-небудзь, вярнуўшыся вечарам дамоў. Кажу адназначнае “не” – сіл не хапае! – прызнаецца загадчык вытворчасці. – Заўсёды бяру прысмакі ў нашым магазіне. Паколькі і з пастаўшчыкамі працую, і непасрэдна кантралюю работу кандытараў, у высокай якасці вырабаў упэўнена на 100 працэнтаў!”.

Між тым, правяраюць прадукцыю і іншыя кампетэнтныя органы: прадстаўнікі сеткі “Санта”, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, раз у квартал пробы накіроўваюцца ў Лепель. Што цікава, праходзіць выпечка і строгі кантроль знешняга выгляду. Калі ў цэх ад брэсцкіх тэхнолагаў паступае рэцэптура любога новага вырабу, кандытары абавязкова робяць яго пробную порцыю ў 10 штук ці 1 кілаграм – спецыяльная камісія ўсё фатаграфуе і адсылае на ўзгадненне. Калі штосьці не так, афармленне мяняецца. Такім жа чынам, дарэчы, на месцы апрабуецца смак вырабаў, ацэньваецца разрэз і інш.

А.Дзямешка.

Пералік кандытарскай прадукцыі, сапраўды, пастаянна абнаўляецца. З’яўляюцца на паліцах і прысмакі, характэрныя для пэўных нацыянальных, рэлігійных святаў.

“Святочныя стравы гатуем зараз і ў іншых цэхах, – дзеліцца Н.Варанько. – Сярод іх – рулецікі з ветчыны з сырам, руляда з птушкі вараная, сушы-торт, тры віды салатаў. Ну а з акцыямі, якія прапануе “Санта”, зрабіць пакупку можна па выгадным кошце”.

А вось некалькі рэцэптаў “немагазінных” страў да Вялікадня ад кандытараў “Санты”:

Пасха з варанай згушчонкай

Спатрэбіцца: 800 г творагу 9%, 1 слоік (400 г) варанай згушчонкі, 200 г густой смятаны (пажадана 42%), 120 г цёмных разынак.
Прыгатаванне: твораг пратрыце праз сіта, дадайце смятану і разагрэтую на агні згушчонку, узбіце міксерам. Усыпце прамытыя разынкі, перамяшайце. Выкладзіце масу ў засланую марляй форму, утрамбуйце. Трымайце ў халадзільніку пад гнётам мінімум 12 гадзін, перыядычна злівайце сыроватку.

Тварожны кекс з міндалём

Спатрэбіцца: 100 г творагу 5%, 220 г мукі, 120 г сметанковага масла, 1,5 шклянкі мукі, 2 яйкі, 1 ч.л. ваніліну, 2/3 шклянкі міндаля, ч.л. разрыхляльніка, ч.л. солі, цукровая пудра, 1 ст.л. сметанковага масла для формы.
Прыгатаванне: Абсмажаны міндаль здрабніце. Міксерам узбіце масла, твораг і цукар, дадайце яйкі, ванілін, зноў узбіце. Змяшайце муку, разрыхляльнік і соль, дадайце ў цеста, куды пакладзіце і міндальную крошку, перамяшайце. Форму змажце маслам, пасыпце пудрай, выкладзіце гатовую сумесь. Выпякайце 45-55 хвілін.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *