У 2005 годзе разглядалася справа аб нанясенні бацькам цяжкіх цялесных пашкоджанняў свайму сыну. Бацьку – Контараву Васілю Міхайлавічу тады было 50, сыну Юрыю – 27. І вось зноў крымінальная справа, у якой галоўныя дзеючыя асобы тыя ж, толькі “ролю” падсуднага і пацярпелага на гэты раз бацька і сын памянялі. Сын нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні, якія і прывялі да смерці.
Сваёй віны Юрый Контараў, дарэчы, катэгарычна не прызнаваў, была пададзена касацыйная скарга, аднак і пасля перагляду справы Віцебскім абласным судом мера пакарання засталася ранейшай – 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Кажуць, у сваёй сям’і складана разабрацца, а што казаць пра чужыя. Застарэлая крыўда моцна засела ў душы маладога мужчыны? Калі верыць яго паказанням, то наогул баяўся бацьку, які некалі так жорстка яго пабіў. Праўда, гэта супярэчыць паказанням суседзяў, якія неаднойчы чулі сваркі ў доме, бачылі пабітага бацьку, які не хацеў прыцягваць да адказнасці сына-ініцыятара.
Якімі б складанымі не былі адносіны паміж імі, не адбылося б трагедыі, калі б “зялёны змій” не кіраваў паводзінамі гэтых людзей. Сын і бацька злоўжывалі спіртным, нідзе не працавалі. Юрый стаяў на ўліку ў нарколага, меў сярэднюю ступень залежнасці. Не памятае добра, што адбылося ў той дзень 20 лістапада, таму што не быў цвярозым. І “тры ўдары па твары далонню” – як ён сцвярджае, ніяк не пасуюцца з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, пераломамі рэбраў з абодвух бакоў, крывападцёкам лёгкага, што пры моцнай страце крыві і прывяло да смерці. Не мог цвярозы падсудны растлумачыць і чаму сказаў той ноччу сустрэчным хлопцам, што забіў бацьку. У п’янага, як вядома, усе думкі на языку.
Якую выснову з гэтай бытавой трагедыі трэба зрабіць, акрамя той, што п’янства рана ці позна прывядзе да бяды. У тым, што такое стала магчымым – і вынік недастатковай прафілактычнай работы з боку супрацоўнікаў міліцыі. Сістэматычнае п’янства, улік у нарколага, два прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці сына і дзве судзімасці ў бацькі… Такі “букет, а сям’я не стаяла на ўліку па сістэме “Быт”, Контаравы не выклікаліся на савет грамадскага пункта. І жыла ж сям’я не недзе далёка, а ва Ушачах па вуліцы Калінінскай.
С.УРБАНОВІЧ,
памочнік пракурора Ушацкага раёна.