«Судья и эмоции – понятия несовместимые». Интервью с председателем суда Ушачского района О.Н.Мишутой

Общество

Упэўненасць насельніцтва ў сіле правасуддзя, давер Фемідзе дасягаюцца бездакорнай рэпутацыяй судовых органаў, на што і нацэлены ўвесь калектыў суда Ушацкага раёна. Пра гэта і іншае – у нашай сённяшняй гутарцы з яго старшынёй А.М.Мішута.

– Аксана Мікалаеўна, які кантынгент часцей трапляе на лаву падсудных?

– Беспрацоўныя грамадзяне, схільныя да злоўжывання спіртным. Дарэчы, у нецвярозым стане яны звычайна і ўчыняюць злачынствы. Найбольшая іх колькасць – па артыкулах 205 (крадзеж) і 174 (ухіленне ад выплаты аліментаў) КК Рэспублікі Беларусь. Нярэдка трапляюць да нас браканьеры – па фактах незаконнага палявання, рыбалоўства. Летась разглядалі ажно тры крымінальныя справы наркатычнага “профілю” – сярэдні ўзрост парушальнікаў склаў каля 30 гадоў.

– Колькасць спраў, якія трапляюць на разгляд, павялічваецца?

– На шчасце, не – з году ў год трымаецца на адным узроўні. Асабіста мне больш даспадобы грамадзянскія справы, хаця працаваць з імі цяжэй: трэба прааналізаваць доказы, якія прад’яўляюць абодва бакі, ацаніць іх важкасць. У ліку такіх – працоўныя спрэчкі. Нядаўна праз суд меркаваў “адмяніць” рашэнне наймальніка аб непадаўжэнні кантракта работнік аднаго з прадпрыемстваў раёна. Аднак яго 15-гадовы стаж не прымусіў апанента перадумаць, тым больш што ў першага было дысцыплінарнае спагнанне. Яшчэ адну ўшачанку звольнілі за два дапушчаныя прагулы – і яна таксама хоча такое рашэнне аспрэчыць. Судом Ушацкага раёна справа ўжо разгледжана (па запісах відэакамер, дарэчы, устаноўлена яшчэ больш парушэнняў працоўнага рэжыму з боку жанчыны), цяпер яна знаходзіцца на разглядзе ў Віцебску.

Што датычыцца фактаў разводу, заўсёды папярэдне гутару з парай ці тым, хто ініцыіраваў рашэнне разысціся. Мая задача – захаваць ячэйку грамадства, падабраць правільныя словы, а часам і параду, каб дастукацца да грамадзян. Прыемна, калі пасля нашай сустрэчы яны мірацца. Быў выпадак, калі ў свае 74 і 68 гадоў развесціся рашылі жыхары Ушаччыны, якія ў шлюбе звыш 30 гадоў. Пагутарылі – і сям’я захавалася.

– Пры вынясенні абвінаваўчых прысудаў эмоцыі не перашкаджаюць?

– Суддзя і эмоцыі – паняцці несумяшчальныя, на рабоце я ў першую чаргу спецыяліст. Хаця, канечне, справіцца з пачуццямі бывае няпроста.

– Традыцыйна супрацоўнічаеце з пракуратурай, РАУС, аддзеламі прымусовага выканання і Следчага камітэта, натарыятам?

– Каб работа была плённай, без гэтага ніяк! Сумесна праводзім выязныя пасяджэнні суда, з запрашэннем насельніцтва, прафілактычнымі гутаркамі – летась пабывалі практычна ва ўсіх сельсаветах.

– Ці можна са сваімі пытаннямі звярнуцца да старшыні суда?

– Канечне, акрамя штомесячных грамадскіх прыёмных кожны тыдзень па серадах з 8.00 да 13.00 праводжу прыём грамадзян. У кожную другую суботу месяца з 9.00 да 13.00 прыйсці можна да вядучага спецыяліста суда Ушацкага раёна, работніка канцылярыі. Прыём заяў яны ажыццяўляюць штодзень з 8 гадзін раніцы, хаця суд працуе з 9.00 да 18.00.

– З якімі пытаннямі звычайна звяртаюцца?

– Вельмі часта людзям патрэбна тлумачэнне пэўных прававых аспектаў – па тэме спадчыннай маёмасці, выплаты аліментаў, мэтазгоднасці прымянення рознага віду санкцый, устанаўлення права ўласнасці, фактаў роднасных адносін і правільнага падзелу межаў зямельнага ўчастка.

Бывае, раім грамадзянам напісаць заяву і для вырашэння праблемнага пытання распачаць судовы працэс. У ліку такіх найперш – справы па ўстанаўленні заработнай платы ў пэўны перыяд (звычайна 1997-2003 гады) і ў пэўным памеры. Да прыкладу, чалавек працаваў у прыватным прадпрыемстве, якое было рэарганізавана, архіўныя даведкі то здаваліся, то не. Калі ж прыйшоў час афармлення пенсіі, доказаў налічваемых работніку сум не аказалася. У такіх выпадках знаходзім сведак, якія працавалі ў той жа арганізацыі ці займалі такую ж пасаду ў іншай. Аднойчы прыйшоў мужчына, які меркаваў аформіць пенсію на льготных умовах, аднак дакументальных доказаў таго, што ён працаваў электрагазазваршчыкам, не было: рабочыя месцы на прадпрыемстве не атэстоўваліся. У ходзе разгляду справы атэстацыю ўсё ж правялі – упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама рашэнне аб назначэнні пенсіі перагледзелі.

– Работа суддзі – надзвычай адказная…

– Так, але атрымліваю ад яе вялікае задавальненне. Калі нехта з ушачан гэтак жа марыць паспрабаваць сябе ў судовай справе, прыходзьце – для пастаноўкі ў кадравы рэзерв патрэбны вышэйшая юрыдычная адукацыя, стаж работы па такой спецыяльнасці і ўзрост ад 25 гадоў. Каб канчаткова вызначыцца, можна пачаць з работы сакратара судовых пасяджэнняў. Хто ведае – магчыма, менавіта ў судзе Ушацкага раёна знойдзеце сябе. Будынак і ўвогуле ўмовы працы, у нас выдатныя! Ну а дружная каманда спецыялістаў падкажа, падтрымае.

– Дзякуй, Аксана Мікалаеўна, за цікавую размову. Поспехаў Вам у рабоце і як мага менш рэзанансных спраў з удзелам нашых землякоў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *