“Прарыў” закрануў за жывое, уразіў сваёй велічнасцю, шмат чулі пра мемарыял і нарэшце пашчасціла тут пабываць. Гледзячы на такую колькасць імёнаў на плітах, сапраўды разумеш, што самае цэннае – мірнае неба над галавой”. Такі водгук давялося пачуць ад маладых работнікаў Аршанскага МКК і “Віцебскэнерга”, раздзялілі гэтае меркаванне і іншыя ўдзельнікі абласнога патрыятычнага аўтамарафону “Аўтацягнік памяці”, якія суботнім вечарам завіталі на Ушаччыну.
Больш за 300 школьнікаў, студэнтаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, прадстаўнікоў працоўнай моладзі з прадпрыемстваў вобласці адправіліся 25 сакавіка ў патрыятычную вандроўку па маршруце Віцебск – “Хатынь” – «Шунеўка» – «Прарыў». Арганізавалі аўтамарафон абласны камітэт БРСМ і турыстычны аператар “Ілва” ў рамках рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае”, прысвячаўся ён Году міру і стварэння, 85-годдзю Віцебскай вобласці і 80-годдзю трагедыі Хатыні і Шунеўкі.
Старт аўтамарафону быў дадзены на плошчы Перамогі ў Віцебску, дзе да манумента ў гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў вобласці ўдзельнікі ўсклалі кветкі і правялі акцыю “Памяць сэрца”, запаліўшы дзясяткі лампадак. На працягу дня яны пабывалі ў абноўленай “Хатыні”, наведалі мемарыял “Шунеўка” ў Докшыцкім раёне на месцы аднайменнай спаленай у гады вайны разам з жыхарамі вёскі. Фінальнай кропкай стала экскурсія па нашым “Прарыве”, дзе прайшоў мітынг-рэквіем, а да пліт, фігуры партызана і вечнага агню былі ўскладзены кветкі. На мемарыяле да гасцей раёна далучылася і ўшацкая моладзь. Дарэчы, удзельнікам аўтамарафону мог стаць кожны жадаючы, абласны камітэт БРСМ загадзя запрашаў усіх праз свае акаунты.
На “Прарыве” гэтым вечарам былі зроблены сотні фотаздымкаў, шмат слоў удзячнасці прагучала ў адрас арганізатараў марафону. Упэўнены, што ніхто не пашкадаваў аб гэтым патрыятычным падарожжы. Моладзі нават у дарозе не давялося сумаваць: былі наладжаны пазнавальныя гульні-конкурсы, віктарыны, на экранах у аўтобусах трансліраваліся сюжэты аб мемарыяльных комплексах, каб удзельнікі бліжэй пазнаёміліся з гісторыяй роднай краіны.
Вольга КАМАРКОВА.