Для учащихся 9х классов Ушачского района прошло профориентационное мероприятие

Образование и молодежь

Праз лічаныя месяцы выпускнікам трэба будзе зрабіць выбар, які паўплывае на іх будучае. І калі 11-класнікі ў сваёй большасці ўжо вызначыліся з напрамкам спецыяльнасці, то вучні 9-х актыўна разглядаюць варыянты. Дапамагчы ім у гэтым меў на мэце “Кірмаш прафесій”, які сабраў ва Ушацкай школе каля ста дзевяцікласнікаў з розных устаноў раёна, а таксама іх бацькоў і настаўнікаў, гасцей з ушацкіх прадпрыемстваў і каледжаў Віцебшчыны.

“Пры правядзенні такіх мерапрыемстваў вельмі важна, каб яны былі жывымі і цікавымі, таму мы абралі эксперыментальны фармат: падзялілі ўдзельнікаў на групы і правялі па пляцоўках, на кожнай з якіх іх намагаліся здзівіць і прывабіць у пэўную сферу”, – тлумачыць метадыст Ушацкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кацярына Грачова.

Дарэчы, калі ў калідоры мы правялі невялікае апытанне сярод дзевяцікласнікаў, хто з іх мяркуе вучыцца далей у школе, а хто – у каледжах і ліцэях, адказы размеркаваліся амаль пароўну. Ушачанка Ганна Чарняўская, напрыклад, схіляецца да другога варыянту: вагаецца паміж прафесіямі медсястры і цырульніка – многае будзе залежыць ад бала атэстата.

“Некаторыя бацькі кажуць, што не хочуць адпраўляць падлеткаў у іншы горад, бо яны непадрыхтаваныя да жыцця. Мая ж дачка ў бытавых пытаннях самастойная, так што я за гэта не хвалююся”, – падзялілася з намі мама школьніцы Святлана. Відавочна, што асаблівую цікавасць у іх выклікала медыцынская пляцоўка, дзе прысутным расказалі, што сёлета набор на спецыяльнасць “сястрынская справа” на аснове базавай адукацыі будзе адкрыты ў Аршанскім медкаледжы, групу з 26 чалавек плануе набраць і Полацкі.

Летась са 111-ці дзевяцікласнікаў раёна ва ўстановы прафтэхадукацыі паступіў 31 чалавек, 14 абралі сярэднюю спецыяльную, 66 працягнулі вучобу ў 10 класах, 2 з іх – у ліцэях ВДУ і БДУ.

А што да цырульнай справы, то ёю можна авалодаць у Полацкім хіміка-тэхналагічным каледжы. Адметна, што навучаюць тут адразу некалькім спецыяльнасцям: дзяўчаты змогуць не толькі чараваць з нажніцамі, а і атрымаюць корачкі швачкі, майстры манікюра будуць мець спецыяльнасці снавальшчыка і ткача, электрагазазваршчыкі – цесляра-бетоншчыка.

Прэстыжныя прафесіі прапануе Полацкі эканамічны каледж, але трэба добра падрыхтавацца: леташні прахадны бал на “бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль” і “праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” быў 8,2, “аперацыйная дзейнасць у лагістыцы” – 7,7. Дарэчы, расказвала пра гэтую ўстанову яе малады выкладчык Ганна Кандзякова, нядаўняя выпускніца Ушацкай школы.

А вось нашы зямлячкі Марыя Лукашэвіч і Ганна Александровіч эмацыянальна распавялі пра Полацкі каледж ВДУ імя П.М.Машэрава. Першая хутка стане выкладчыкам замежнай мовы, прызнаецца, што спачатку марыла пра ВНУ, аднак зараз нават рада, што пачала адукацыю з сярэдняй спецыяльнай: вучыцца цікава, шмат навыкаў дала практыка ў гімназіі, работа ў летнім лагеры. Аня ж першы год займаецца на спецыяльнасці “Музычная адукацыя” і пасля заканчэння зможа выкладаць музыку, у садках весці заняткі ў гуртках. Дарэчы, для паступлення сюды неабавязкова быць выпускніком школы мастацтваў – да сярэдняга бала атэстата дадаецца ацэнка за творчы іспыт.

У лютым кірмаш мэтавай падрыхтоўкі прайшоў і для адзінаццацікласнікаў раёна. На ім былі прэзентаваны як каледжы, так і ВНУ. Асабліва шмат пытанняў выпускнікі задалі гасцям з Горацкай сельгасакадэміі і ВДУ імя П.М.Машэрава.

Пра вартасці прафесій культработніка, бібліятэкара, дарожніка з веданнем справы распавялі школьнікам супрацоўнікі адпаведных ушацкіх арганізацый. Нязменна папулярны ў нашых землякоў Полацкі лясны каледж – у мінулым годзе сюды паступіла 5 дзевяцікласнікаў. Дарэчы, прахадны бал тут быў 6,3, а сярэдняя зарплата выпускнікоў склала каля 1200 рублёў. З мэтавым накіраваннем ад Ушацкага лясгаса паступіць яшчэ прасцей, а ўзяць яго могуць не толькі будучыя тэхнікі лясной гаспадаркі, а і тыя, хто мяркуе ісці ў прафтэхустановы: прадпрыемства мае патрэбу ў вадзіцелях, трактарыстах-машыністах.

Авалодаць жа тэхнікай можна ў Лепелі і Уле. Шчыра прызнацца, да таго як пабывала на кірмашы, размешчаны ў сціплым пасёлку прафтэхліцэй успрымала як не самае рэйтынгавае месца вучобы… Аднак відэапрэзентацыя і расказ выкладчыка Святланы Рублеўскай прымусілі змяніць меркаванне. Добрая вучэбная база, адрамантаваны інтэрнат, трохразовае харчаванне – годныя аргументы на карысць ульскай установы, якая, дарэчы, нядаўна павысіла статус да каледжа. А яшчэ тут адкрылі цэнтр па вывучэнні тэхналогій дакладнага земляробства, дзе юнакі асвойваюць трактары з аўтапілотам і іншыя наватарствы аграрнай сферы. Да слова, дыплом каледжа не азначае, што выпускнік абавязкова будзе працаваць у сельгассектары – летась ульскія спецыялісты ўладкаваліся таксама на “Нафтан”, Лукомльскую ДРЭС.

“Калі вы не зможаце пры паступленні ўзяць намечаную планку, не губляйце час і асвойвайце больш даступнупную спецыяльнасць. Магчыма, яна не стане справай вашага лёсу, але тыя ж навыкі вадзіцеля, повара, будаўніка дакладна не будуць лішнімі ў жыцці”, – з гэтай парадай прадстаўнікоў прафтэхустаноў цяжка не пагадзіцца. Ну а каб “планка” ўсё ж паддалася, заручайцеся “пратэкцыяй” ушацкіх арганізацый – пачынаць кар’еру ў родных мясцінах не толькі зручна, а і высакародна.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *