На его картинах память о войне

Общество

Кажуць, што па творах мастака можна вызначыць яго жыццёвы вопыт, светаўспрыманне, філасофію поглядаў на жыццё. Што гэта так, вучні нашай Глыбачанскай школы імя Б.І.Юркіна пераконваюцца штораз у ходзе гутарак з Д.У.Крупенем, які бывае тут нярэдкім госцем.
Чарговая сустрэча са стваральнікам карцін была прысвечана тэме Вялікай Айчыннай у яго творчасці. А матэрыял для напісання ён браў са свайго жыццёвага вопыту, сваіх успамінаў пра жахлівы час.
Дзям’ян Уладзіміравіч расказаў вучням, што, калі пачалася вайна, яму споўнілася трынаццаць гадоў. Бацька быў партызанам брыгады Дубава. А ў 1944-м, у час блакады, давялося ўзяць у рукі вінтоўку і хлопцу. Тыя ўспаміны заўсёды паўстаюць перад вачыма Дзям’яна Уладзіміравіча, асабліва калі ён бывае на мемарыяльным комплексе “Прарыў”.
У школьным музеі нямала карцін Д.У.Крупені. Ён расказвае пра тое, што папярэднічала іх напісанню, і перад намі паўстаюць тыя ваенныя падзеі, калі нават падлеткі ўносілі свой уклад у выгнанне ворага з роднай зямлі. Прыгадаем сюжэт адной карціны: пра подзвіг Б.І.Юркіна ў час фарсіравання Заходняй Дзвіны. У поўны рост узняўся малады салдат з аўтаматам у руках. У вачах рашучасць, імкненне выканаць загад камандзіра, выстаяць у няроўным баі…
Вось таемнай сцежкай вядзе камандзір групу разведчыкаў. Лес дапамагае ім, хавае ад вока нямецкага лётчыка. Твары партызан спакойныя, бо яны ведаюць, што нават прырода на іх баку ў вызваленчай справе. Гэта карціна “Партызанскай сцяжынай”.
Выбухі, агонь, смерць. Ваенная навала не шкадуе нікога і нічога. У змаганні, у барацьбе куецца вызваленне. Фашысцкая куля прабіла грудзі салдата, а ў вачах змагара – мужнасць, прага перамогі. (“Апошні бой”).
Дастойна жыве толькі той, хто памятае. Такія думкі прыходзяць, калі глядзіш на карціну “Ля абеліска”. На палянцы сярод бору сабраліся і былыя салдаты, і моладзь. Прадстаўнікі новага пакалення ўслухоўваюцца ў словы былога змагара. Унукі захаваюць памяць пра сваіх дастойных продкаў.
Чым прывабліваюць такія карціны? Шчырасцю, жыццёвай праўдай, тым, што Дзям’ян Уладзіміравіч імкнецца звярнуць нашы думкі і сэрцы да сапраўдных вечных каштоўнасцяў. Маладому пакаленню гэта асабліва патрэбна. Таму і наладжваем такія сустрэчы. 
Шчыра дзякуем Дзям’яну Уладзіміравічу Крупеню за творчасць і такія наведванні школы. Жадаем моцнага здароўя і плёну ў мастакоўскай справе.
Т.ЧУМАКОВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Глыбачанскай школы.
На здымку: Д.У.Крупеня з арганізатарамі сустрэчы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *