Создана Белорусская политическая партия «Белая Русь»

Общество

18 сакавіка на ўстаноўчым з’ездзе ў Мінску створана і аднагалосна падтрымана новая палітычная партыя краіны “Белая Русь”. Дэлегаты з усіх рэгіёнаў сабраліся ў сталіцы, каб зацвердзіць статут і праграму новай партыі. Дарэчы, многія з прысутных на з’ездзе ўносілі свае прапановы ў выніковыя версіі дакументаў на працягу ўсяго перыяду грамадскага абмеркавання. Старшынёй партыі аднагалосна абраны доктар філасофскіх навук Алег Раманаў. Таксама сфарміраваны вышэйшы палітычны савет, куды ўвайшоў 71 чалавек. Ушаччыну на з’ездзе прадстаўлялі 3 дэлегаты, абраныя на ўстаноўчым сходзе – старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Н.М.Марковіч, дырэктар УП ЖКГ А.А.Сідзюк, лідар Маладзёжнай палаты Ушацкага раёна Л.Д.Больц (на здымку). Яны падзяліліся сваімі ўражаннямі аб гістарычнай падзеі.

Наталля Мікалаеўна адзначыла маштабнасць мерапрыемства – у рабоце з’езда ўдзельнічалі больш за тысячу чалавек з усёй краіны. “За 15 гадоў існавання грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” стала не толькі адным з самых буйных у краіне, але і адной з самых аўтарытэтных і ўплывовых арганізацый рэспублікі. Праект праграмы партыі быў апублікаваны 28 лютага і вынесены на грамадскае абмеркаванне. У ходзе тэматычных дыялогавых пляцовак свае прапановы ўносілі і ўшачане. 14 раздзелаў статута не супярэчаць заканадаўству нашай краіны, а гарманіруюць з Канстытуцыяй. Новая партыя заклікана стаць каналам цеснага ўзаемадзеяння народа і ўлады, пасрэднікам паміж грамадствам і дзяржавай, праз якога будзе наладжаны канструктыўны дыялог па праблемных пытаннях”, – адзначыла Наталля Мікалаеўна.

“Партыйная сістэма Беларусі выходзіць на новы, больш высокі ўзровень развіцця. Як адзначалася на з’ездзе, партыя будзе працаваць на адну мэту з беларускім грамадствам і дзяржавай – пабудову моцнай і квітнеючай Беларусі. Значнасць з’езда праявілася ў глыбокім змесце дакладаў і дэталёвай прапрацоўцы пытанняў. Радасна, што ў нашай краіне ёсць шмат ініцыятыўных, актыўных людзей, якім не абыякавы лёс рэспублікі, – падкрэсліў А.А.Сідзюк.

“Для мяне вельмі пачэсна і адначасова хвалююча было прымаць удзел у такім гістарычным мерапрыемстве, якое запомніцца на ўсё жыццё, – падзялілася Л.Больц. – З’явілася натхненне і яшчэ большае жаданне жыць і працаваць у Беларусі – моцнай і квітнеючай краіне. Адна з задач праграмы партыі – захаванне культурных традыцый і памяці нашага народа. Лічу, што гэта ключавыя пазіцыі ў фарміраванні асобы грамадзяніна-патрыёта Рэспублікі Беларусь”.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *