Наш несціхаючы боль
Сёння спаўняецца 80 гадоў з моманту трагедыі ў Хатыні, якая стала журботнай старонкай гісторыі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Да ракавога дня 1943 года гэта была звычайная мірная вёска Лагойскага раёна, якая налічвала 26 двароў. Раніцай 22 сакавіка ў 6 кіламетрах ад яе партызаны абстралялі нямецкую аўтакалону. У перастрэлцы загінуў нямецкі афіцэр. У хуткім часе Хатынь акружылі карнікі, сагналі ў хлеў старых, жанчын, дзяцей, замкнулі і падпалілі. У агні загінулі 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей. Выратавацца змаглі толькі 6 дзяцей і адзін дарослы.
У памяць сотняў беларускіх вёсак, знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны, і вялізнага ўкладу беларускага народа, які панёс незлічоныя ахвяры ў імя Перамогі, у 1969 годзе на месцы спаленай вёскі быў адкрыты мемарыяльны комплекс “Хатынь”.
Хатынская трагедыя – гэта гістарычны факт, бясспрэчна даказаны як матэрыяламі крымінальных спраў мінулых гадоў і архіўнымі дакументамі, так і вынікамі расследавання сучаснай крымінальнай справы аб генацыдзе. На жаль, цяпер гэтая тэма становіцца мішэнню для фэйкаў і здагадак. А любыя спробы вынасу на абмеркаванне грамадскасці розных правакацыйных пытанняў, якія ставяць пад сумненне хатынскую трагедыю, неабходна спыняць, паколькі гэта робіцца для таго, каб ачарніць нашу гісторыю, падарваць важны для нас складнік беларускай дзяржаўнасці.
На тэрыторыі комплексу знаходзяцца адзіныя ў свеце “Могілкі вёсак”. Мемарыял за ўсе гады наведала больш за 40 млн чалавек са 100 краін.
Сёння мемарыяльны комплекс “Хатынь” адкрыецца пасля рэканструкцыі. Як вядома, 16 красавіка 2022 года мемарыял быў абвешчаны Усебеларускай будоўляй, дзе працавалі сем студэнцкіх атрадаў з усіх куткоў Беларусі. Усяго на работах у Хатыні было задзейнічана больш за дзве тысячы чалавек. На рэканструкцыю комплексу былі выдзелены бюджэтныя сродкі, пералічваліся грошы, заробленыя падчас рэспубліканскага суботніка. Было выдаткавана каля пяці мільёнаў рублёў. У памяць аб беларусах, жыццё якіх забрала Вялікая Айчынная, на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу ўзведзены новы музей “Кожны трэці” плошчай у тысячу квадратных метраў. Таксама тут аднавілі вясковую царкву Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.
Што да расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, то да пачатку 2023 года супрацоўнікамі пракуратуры было дапытана 16 тысяч чалавек, больш за 7 тысяч з іх – былыя вязні нямецкіх канцлагераў. Было ўстаноўлена больш за 10,5 тысячы вёсак, якія падзялілі лёс Хатыні, – да пачатку расследавання лічба складала 9200. 216 населеных пунктаў (да ўзбуджэння крымінальнай справы – 186) былі цалкам знішчаны і не аднавіліся. Рэспубліка страціла больш за палову свайго нацыянальнага багацця. Прамы матэрыяльны ўрон, нанесены нашай краіне акупацыяй, вылічаецца ў 75 млрд. рублёў (у цэнах 1941 года), што ў 35 разоў перавысіла бюджэт рэспублікі.
Тэме Хатынскай трагедыі і генацыду беларускага народа быў прысвечаны і Адзіны дзень інфармавання, які прайшоў у працоўных калектывах Ушаччыны на мінулым тыдні.
У 2022-м пры каардынацыі Генпракуратуры былі праведзены пошукавыя работы ў 25 месцах пахаванняў, на гэты год запланаваны яшчэ ў 35 месцах. У цяперашні час арганізавана работа па стварэнні і ўстаноўцы ў абласцях і ў Мінску адзінага памятнага знака, прысвечанага ахвярам генацыду беларускага
народа.
Кіраўнік дзяржавы А.Лукашэнка падкрэсліў, што сабраныя доказы, устаноўленыя абставіны злачынстваў нацызму – гэта адэкватны адказ на кінуты нам выклік. Цяпер трэба захаваць самае каштоўнае, што ёсць у нашай краіне: мір, спакой, стабільнасць.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.
Колькі брацкіх магіл не ўлічана…
Мерапрыемства з удзелам актыву ветэранскай арганізацыі прайшло на базе музея народнай славы імя У.Е.Лабанка і прысвячалася генацыду беларускага народа. Кінахроніку, знятую ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ваеннага трыбунала над нацысцкімі катамі прывёз для паказу намеснік старшыні абласной ветэранскай арганізацыі М.А.Ляшчынскі. У гэты ж дзень дакументальныя кадры пабачылі вучні Ушацкай і Ільюшынскай школ.
“Вы звярнулі ўвагу: пры падрыхтоўцы матэрыялу з трыбуналу ў Бабруйску ў 1947 годзе прагучала, што Беларусь страціла ў гады Вялікай Айчыннай вайны 2 мільёны 300 тысяч мірных жыхароў. Тады была вядома толькі такая лічба, сёння – ужо тры мільёны, але і яна няпоўная. Напрыклад, у першым сюжэце вы бачылі скінутыя ў супрацьтанкавы роў целы мірных жыхароў. Яны з вёскі Ляды, якая знаходзілася ў Віцебскай вобласці на мяжы са Смаленскай. Брацкая магіла – у Расіі і нідзе не ўлічана. І колькі яшчэ такіх невядомых брацкіх магіл”, – каменціраваў убачанае М.Ляшчынскі.
Хто ён – хлопчык або дзяўчынка – немаўля з пустышкай у роце, чый тварык і зараз стаіць перад вачыма. Нішто не пранікае ў сэрцы так, як кадры ваеннай хронікі. А вось чырвонаармеец Юрый Смірноў. Калі нашы салдаты захапілі варожы бліндаж, убачылі акрываўленага юнака з выкалатымі вачыма і прыбітымі цвікамі да слупа рукамі і нагамі. Пра гэта расказваў савецкі маёр падчас трыбуналу над нямецкім генералам Крафтам, а таксама “памочнікамі” – латышамі, украінцамі, рукамі якіх часта і здзяйсняліся карныя аперацыі над мірнымі жыхарамі. Дарэчы, ільюшынскія школьнікі добра ведалі, хто такі Юрый Смірноў – літаральна за некалькі дзён да сустрэчы ім расказвала пра яго выкладчыца Наталля Васільеўна Стрыжонак.
У гады вайны на Ушаччыне поўнасцю або часткова было спалена больш 190 вёсак.
Ва ўступным слове Міхаіл Аляксандравіч зрабіў акцэнт на тым, што менавіта старэйшаму пакаленню трэба даносіць да моладзі гістарычную праўду, часцей расказваць як пра сваіх гераічных продкаў, так і пра Герояў Савецкага Саюза, якія атрымалі гэтыя высокія званні ў тым ліку і ў мірны час, бо практыка паказвае, што дзеці ведаюць як правіла біяграфію толькі таго чалавека, імя якога носіць школа. Аднак на Ушаччыне ўбачыў іншыя прыклады. Па-першае, музей нашага раёна мае і выкарыстоўвае пры правядзенні экскурсій дакументальныя стужкі аб вайне. Па-другое, пераканаўся, што ільюшынцы ведаюць не толькі біяграфію камбрыга Фёдара Фаміча Дуброўскага, чыё імя нядаўна атрымала іх установа.
М.А.Ляшчынскі прыгадаў, што ў архівах, у тым ліку кіна-аўдыя-фотадакументаў, ёсць стужкі з удзелам камбрыгаў Данукалава, Лабанка, Караленкі. А прывезеныя ім кадры да гэтага наогул не паказваліся і мала хто ведае, што трыбуналы над карнікамі ў СССР пачаліся задоўга да Нюрнбергскага працэсу. Першыя прайшлі ў Харкаве адразу пасля вайны – тады катам давалі выключна вышэйшую меру пакарання. Пазней, як і было ў Бабруйску – 25 гадоў, але пасля пяці гадоў усе асуджаныя фашысты былі адпушчаны. Так патрабавалі палітычныя абставіны.
М.А.Ляшчынскі прыгадаў, што яшчэ ў 1987 годзе ў Дубровенскім раёне, які ён узначальваў, пры пракладцы “непраходнай” дарогі аказалася, што яна замініравана. Што пакінутыя карнікамі калодзежы са ўзрыўчаткай былі абясшкоджаны ля шашы Мінск-Масква ў 1998-м.
Мерапрыемства аказалася пазнавальным як для дзяцей, так і для старэйшага пакалення.
Вольга КАРАЛЕНКА.