Сельхозпредприятия Ушачского района готовятся к посевной кампании

Сельское хозяйство

На мінулым тыдні яшчэ дзве гаспадаркі здавалі іспыт па гатоўнасці да новага сезону: камісія па правядзенні тэхагляду пабывала на мехдварах “Агра-Селішча” і “Ільюшынскага”.

Механізатары “Ільюшынскага” А.Лабэцкі, А.Усовік, А.Майсеенка.

Селішчанцы апошнім часам праходзяць гэты экзамен зладжана. Сёлета, праўда, рыхтавацца давялося без галоўнага інжынера – усе пытанні па арганізацыі і забеспячэнні запчасткамі вырашаў дырэктар Сяргей Плігаўка. Вопытныя ж механізатары самі добра ведаюць, як давесці да ладу замацаваныя адзінкі, ды і кантраляваць тут фактычна нікога не трэба – невыпадкова на пытанне, хто праявіў асаблівую стараннасць, кіраўнік адказаў лаканічна: “Усе малайцы!”. Сур’ёзных паломак не было, таму справіліся ўласнымі сіламі. Закупляць давялося толькі фары, маячкі, заднія ліхтары, лямпачкі, рулявыя наканечнікі і, канечне, фарбу. Самую ж вялікую занепакоенасць выклікаў “Кіравец”, які сышоў з канвеера аж у 1988 годзе. Да слова, летась з усёй выстаўленай на лінейку мясцовай тэхнікі толькі гэты рарытэт не здолеў з першага разу атрымаць штамп аб допуску да эксплуатацыі – падвяла электрыка, так што сёлета вывесці яго на лінейку ў поўнай боегатоўнасці палічылі справай гонару. “Некалькі разоў з хлопцамі ўсё пераправяралі, перароблівалі – і атрымалася!” – задаволена канстатаваў Ілья Загародні, за якім замацаваны “Кіравец”. Дарэчы, менавіта за яго зачэпяць на пасяўной шыроказахопную 12-мятровую барану, што паступіла ў гаспадарку па леташнім прэзідэнцкім распараджэнні аб падтрымцы сельгаспрадпрыемстваў – такім чынам самая старая тэхніка “аб’яднаецца” з самай новай. Ну а што датычыцца вынікаў тэхагляду, то яго прайшлі ўсе 8 трактароў і 2 прычэпы, выстаўленыя ў той дзень на лінейку.

Больш унушальна выглядаў арсенал “Ільюшынскага”: трактары і пагрузчыкі, плугі і бароны выстраіліся па вялікім перыметры мехдвара і блішчэлі на сонейку свежымі фарбамі. Дарэчы, кіраўніцтва гаспадаркі папрасіла перанесці тэхагляд на два дні, каб паспець пачысціць адзінкі, занятыя на перавозцы сіласу. Як патлумачыў нам начальнік рамонтных майстэрняў Арцём Шпіронак, тут таксама спраўляліся сваімі сіламі, непасрэдна да пасяўной на капрамонт тэхніку не адпраўлялі, энерганасычаны МТЗ-3022 і РДУ-8,5 аднавілі летам, зараз жа ў Ціраспальскім агратэхсэрвісе знаходзіцца толькі кормараздатчык.

А.Шпіронак, М.Калітуха, Ю.Марковіч.

Большасць трактароў ільюшынцы рыхтавалі “без адрыву ад вытворчасці”. Так, усю зіму шчыраваў на фермах на сваім МТЗ-952 Віктар Буйніцкі, таму трактар даводзіў да толку ў перапынках: адрэгуляваў тармазную сістэму, абнавіў светлавое абсталяванне. Тыдзень не адыходзіў ад двух замацаваных за ім “Беларусаў” Юрый Марковіч і падрыхтаваў іх бездакорна. Андрэй Лабэцкі памяняў падшыпнікі і перабраў рулявое, з апошняй сістэмай былі праблемы і ў маладога работніка Мікіты Калітухі, які зусім нядаўна папоўніў калектыў пасля заканчэння Ульскага каледжа. У “Амкадоры” Аляксандра Дуброўскага летась паставілі новы рухавік, так што сёлета тэхніка, на якую круглы год выпадае вялікая нагрузка, значных укладанняў не запатрабавала. Дарэчы, фарбаваць пагрузчык механізатару дапамагала спадарожніца жыцця Ганна і нават спецыяльна прыехала са Старога Сяла разам з маленькім сынам, каб палюбавацца на прыгожую лінейку тэхнікі. “Будучы механізатар расце!”, – не хаваў задавальнення Аляксандр – і ад увагі родных, і ад станоўчага выніку тэхагляду.

Усяго ж у “Ільюшынскім” у мінулую пятніцу афіцыйны дазвол на работу атрымалі 11 адзінак, тэхнічны стан яшчэ 6 трактароў і 2 прычэпаў таксама аказаўся вартым, аднак у іх не будзе адпаведнай адзнакі з-за нявыплаты па дагаворах лізінгу. І толькі адзін старэнькі МТЗ падвяла электроніка, аднак праблему паабяцалі выправіць да другога візіту правяраючых, плануюць да гэтага часу і падварыць “Дзвіну”.
“У цэлым тэхагляд у гэтых гаспадарках прайшоў годна. Хочацца падзякаваць кіраўніцтву і работнікам за старанную падрыхтоўку”, – канстатаваў галоўны інспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання Сяргей Мікалаевіч Качан.
Учора справаздачу па гатоўнасці тэхнікі трымалі ў “Вялікадолецкім”: з 9 выстаўленых адзінак тэхагляд прайшлі 6, адна знаходзіцца ў лізінгу, у дзвюх меліся дробныя хібы. У бліжэйшыя дні камісія накіруецца ў “Глыбачаны” і “Дземенец”. Час да масавага старту палявых работ яшчэ ёсць, але яго зусім нямнога.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Сельхозпредприятия Ушачского района готовятся к посевной кампании

  1. Посевная — время массового сева, к нему надо быть готовым на 100%, чтобы не нарушились планы по обеспечению продовольственной безопасности страны.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *