У панядзелак, 30 мая, у школах раёна прайшлі заключныя лінейкі, прагучалі “апошнія званкі”. Падводзіліся вынікі года, а для выпускнікоў нарэшце прагучалі загады аб допуску да выпускных іспытаў – гэта значыць, для іх цяпер пачалася самая адказная пара…
Першага чэрвеня стартавала экзаменацыйная кампанія, выпускнікі школ раёна селі за парты, каб паказаць свае веды, атрыманыя за гады навучання. Ад таго, як адзінаццацікласнікі напішуць пераказ, рашаць матэматычныя задачы і справяцца з заданнямі экзамену на выбар, залежаць выніковыя адзнакі, якія пойдуць у атэстат. Дзевяцікласнікі ж будуць здаваць матэматыку, рускую і беларускую мову, гісторыю.
Напэўна, самым хвалюючым момантам падчас здачы экзаменаў для школьнікаў з’яўляецца аб’яўленне нумароў заданняў і варыянтаў тэкстаў, якое звычайна праходзіць па тэлебачанні. Седзячы ў аўдыторыях, вучні, безумоўна, хвалююцца. Аднак для тых, хто адказна рыхтаваўся да экзаменаў, спадзявацца на шанцаванне не трэба: за іх плячыма – грунтоўныя веды, якія дапамогуць выканаць усе заданні так, як трэба.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку: выпускнікі 11 “А” класа Ушацкай ДАСШ.