Ученики Ушачской ДШИ Владислав Ярмош и Глеб Кисель вошли в число победителей ХХІІІ Международного фестиваля исполнителей на народных инструментах «Поиграем!»

Культура

Пазітыўныя здымкі юных ушачан упрыгожваюць старонкі “Патрыёта” вельмі часта – і нічога з гэтым не зробіш: нашы таленавітыя дзеці зноў і зноў даюць нагоду для такой увагі. У гэты раз яе заслужылі выхаванцы педагога Ушацкай ДШМ Трафіма Анціпава Уладзіслаў Ярмош і Глеб Кісель, якія ўвайшлі ў лік пераможцаў ХХІІІ Міжнароднага фестывалю выканаўцаў на народных інструментах “Пайграем!”.

У прэстыжным творчым форуме, які ладзіўся ў Навасібірску, удзельнічала больш за паўтары тысячы выканаўцаў з Расіі, Беларусі, Казахстана, Германіі, Францыі, Польшчы, і каб трапіць у фінал, трэба было прайсці адборачны тур, даслаўшы відэазапіс выступлення.

Трэба сказаць, што для Улада, які займаецца на баяне першы год, гэта быў конкурсны дэбют. На пытанне, чаму выбраў менавіта такі інструмент, хлопчык адказаў з дзіцячай непасрэднасцю: “Не ведаю… проста ён мне падабаецца! Да таго ж у маёй бабулі Галі дома аж два баяны”. Дзіцячую сюіту “У гасцях у казкі” юны музыкант адказна вучыў на працягу месяца, стараўся вылучыць час паміж урокамі і лёгкаатлетычнымі трэніроўкамі ў спартшколе. І журы ацаніла яго намаганні лаўрэацкім дыпломам І ступені!

А вось за плячыма Глеба Кісяля ўжо багаты конкурсны вопыт, у тым ліку і гран-пры “Вішнёвага фэсту” ў Глыбокім, заваяваны ў дуэце з Ільёй Крахоткам. Перад Глебам стаяла няпростая задача: у яго ўзроставай групе 13-15 год спаборнічала 70 баяністаў і акардыяністаў, і наш зямляк быў адзіным, хто прадставіў складаны паліфанічны твор на выбарным баяне. Трапіць тут у прызы было вельмі прэстыжна – і Глебу гэта ўдалося: на яго рахунку дыплом лаўрэата ІІ ступені.

“Такога выніку не было б без Алесі Фёдараўны Анціпавай, якая вучыла мяне раней і вельмі шмат уклала ў маё станаўленне. У гэтым жа навучальным годзе я займаюся з Трафімам Аляксандравічам і, канечне, істотна развіў свае здольнасці”, – зазначыў юны баяніст. Ну а педагогі ў сваю чаргу выказалі ўдзячнасць маме Улада Наталлі Анатольеўне, бацькам Глеба Алесі Фёдараўне і Максіму Васільевічу, яго дзядулю Васілю Рыгоравічу – за аднадумства і падтрымку, без якіх немагчыма дасягаць пераможных вынікаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *