У гэты аўторак з рабочым візітам Ушацкі раён наведаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, начальнік рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” А.В.Жынгель.
Дзве гадзіны, вызначаныя на правядзенне прыёму грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў, прадстаўнікоў юрыдычных асоб, праляцелі вельмі хутка. І хоць зваротаў не паступіла, абмеркаваць з першым намеснікам старшыні райвыканкама Ю.М.Ладновай, начальнікам цэнтра банкаўскіх паслуг №237 ААТ “Белаграпрамбанк” у г.п.Ушачы Д.М.Садоўскай Алегу Валянцінавічу было што. Прыгадаўшы мінулагодні прыём, сенатар пацікавіўся справамі ўшачан, якія звярталіся да яго за падтрымкай. У прыватнасці, свінагадоўчым комплексам “Сарочына”, фермеры якога ўдакладнялі магчымасці льготнага і, што немалаважна, хуткага крэдытавання. Юлія Міхайлаўна зазначыла, што прадпрыемства развіваецца, пагалоўе за гэты час значна павялічылася.
Працягваючы тэму развіцця аграпрамысловага комплексу, А.В.Жынгель спытаў пра кадравае забеспячэнне гаспадарак раёна, замацаванне моладзі на сяле (тут статыстыка не надта аптымістычная: па словах Ю.М.Ладновай, многія пасля 2-5-гадовай адпрацоўкі мяняюць месца жыхарства і, адпаведна, працы).
Ведае Алег Валянцінавіч і пра запланаванае будаўніцтва ля спарткомплексу гасцініцы, таму шчыра парадаваўся, што зрухі ў гэтым пытанні ўжо ёсць.
Напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь з прыемнай місіяй завітаў сенатар у аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў
ТЦСАН Ушацкага раёна, што ў Вяркудах. Зараз тут знаходзіцца 31 пастаялец ва ўзросце ад 39 да 96 гадоў – і кожны атрымаў з рук А.В.Жынгеля, яго памочніц персанальныя падарункі ад рэгіянальнай дырэкцыі “Белаграпрамбанка”, пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын. Старшыня апошняй, намеснік начальніка дырэкцыі Алена Львоўна Жураўская пажартавала, маўляў, давялося абысці ўсе магазіны Віцебска, апусташыць паліцы з масажорамі, іншымі сродкамі рэабілітацыі. Сапраўды, вялізны набор такога неабходнага тавару госці перадалі загадчыцы аддзялення Алене Леанідаўне Ігнатовіч. Няма сумненняў: цяпер заняткі з жыхарамі гэтага асаблівага дома будуць яшчэ больш цікавымі, карыснымі.
Пастаяльцы сардэчна дзякавалі ўсім за аказаную ўвагу, чыталі вершы пра Беларусь, праспявалі песню пра партызанаў. Не шкадавалі цёплых слоў і ў адрас урада, Прэзідэнта нашай краіны за годны клопат пра пажылых, людзей з інваліднасцю.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.