На базе дзіцячага сада №3 г.п.Ушачы з’явілася дашкольнае лясніцтва “Лесавічок”. Такі фармат выхавання падрастаючага пакалення ініцыіраваў Ушацкі лясгас, а аддзел па адукацыі і дашкольная ўстанова яго з задавальненнем падтрымалі.
У сельскіх школах такая практыка прымяняецца вельмі даўно. Напрыклад, не адно пакаленне юных лесаводаў вырасцілі ў Вялікадолецкай школе, плённа супрацоўнічаюць мясцовае лясніцтва і вучні ўстановы – сумеснымі намаганнямі яны садзяць новы лес, добраўпарадкоўваюць месцы адпачынку ў лесфондзе, рэалізуюць экалагічныя праекты. А вось самыя маленькія жыхары раёна такой увагай лесаводаў былі абдзелены. Дарэчы, ідэя арганізацыі менавіта дашкольных лясніцтваў у краіне рэалізавана ўсяго ў некалькіх раёнах, у іх ліку цяпер і багаты на лясы наш рэгіён.
– Лічу, што гэта адна з эфектыўных форм падрыхтоўкі падрастаючага пакалення да працы, выхавання беражлівых адносін да прыроды, фарміравання навыкаў правільнага прыродакарыстання, атрымання ведаў па аказанні дапамогі прафесіяналам у ахове і добраўпарадкаванні лесу, – падкрэсліў дырэктар Ушацкага лясгаса А.М.
Апёнак на ўрачыстым адкрыцці дашкольнага лясніцтва.
– Мы заўсёды шукаем новыя і цікавыя формы работы, а таму з радасцю прынялі прапанову лясгаса. Толькі віталі гэтую ідэю і непасрэдна бацькі нашых выхаванцаў, – падкрэсліла загадчык дзіцячага сада С.І.Лёля.
У дашкольным лясніцтве 13 дзетак сярэдняй групы садка. Для іх была пашыта спецыяльная форма, што яшчэ больш падагрэла інтарэс малышоў. Дарэчы, некаторыя з іх адчувалі сябе ўпэўнена і не баяліся такой увагі. Напрыклад, Данііл Варапаеў з гордасцю казаў, што яго тата Мікалай Пятровіч працуе на вывазцы лесу, а Ева Кальчэўская ганарыцца сваім татам Вадзімам Васільевічам, які ўзначальвае Кубліцкае лясніцтва.
Юныя лесаводы атрымалі падарункі ад лясгаса, наперадзе ў іх шмат цікавых спраў. У бліжэйшых планах конкурс малюнкаў, пасвячэнне ў лесаводы, экскурсія ў лясгас, а вясной на тэрыторыі садка з’явіцца міні-дэндрарый, які малышы будуць старанна даглядаць.
Вольга КАМАРКОВА.