Заботливая мама и бабушка Зинаида Лапицкая принимала поздравления с 90-летием

Общество

Ружы куставыя і чайныя, хрызантэмы, мудрагелістыя букеты. Столькі кветак Зінаідзе Іванаўне Лапіцкай не дарылі за ўсё жыццё – не прынята было марнаваць грошы на пустое, калі кожная сям’я ў пасляваенныя гады зажывалася з капейкі самым неабходным. Затое на 90-годдзе іх перадалі нават з Ніжневартаўска – унук паклапаціўся, каб яшчэ раз усміхнулася бабуля.

Рана застаўшыся без маці, Зінаіда Іванаўна не працягвала вучобу, а пайшла працаваць. Спачатку на льнозавод, што бліжэй за ўсё знаходзіўся да роднай вёскі Гаравыя. Церабілі лён машыны, а вось вычышчаць з-пад іх кастру пасылалі маладых і хударлявых – не кожны мог праціснуцца пад ніз. Потым гандлявала півам на разліў у “Блакінтым Дунаі” – павільён з такой назвай стаяў ля цяперашняй міліцыі. А калі ў 1958-м выйшла замуж, уладкавалася ў санэпідстанцыю дэзінфектарам. Правяралі пацыентаў на педыкулёз, раскладалі атруту ад крыс і іншых пераносчыкаў інфекцый, выязджалі на апрацоўку дамоў, калі ў сям’і выяўлялі заразную хваробу. У вёсцы тады з’яўлялася машына, з трубы якой валіў дым – дрывамі тапілі печку, што награвала аўтаклаў, у які накіроўвалі ўсю бялізну і вопратку.

Сучаснага бальнічнага комплексу яшчэ не было, паліклініка з вялікім холам, у якім на Новы год збіралі дзяцей супрацоўнікаў, раддом у круглай вежы – усё гэта ля агароднінасушыльнага завода. Пральня і гаражы – праз дарогу. А вось інфекцыйнае аддзяленне – у Арэхаўне. “Боткіна мне, напэўна, мама “прынесла”, – смяецца дачка Ірына, прыгадваючы бальніцу на 20 ложкаў, якой кіраваў Пётр Васільевіч Красноў. А калі сур’ёзна, то небяспека падчапіць інфекцыю сапраўды існавала рэальная і штодня, паколькі з ахоўных сродкаў тады былі толькі пальчаткі, халат і марлевая павязка. А рукі Зінаіды Іванаўны заўсёды пахлі хлёркай, якой апрацоўвалі памяшканні.

На яе свяце былі самыя блізкія: сын і нявестка, дачка і зяць, а таксама два з пяцярых праўнукаў, удзельнікі клуба “Ветэран”. Часцей за іншыя гучала песня “Многія лета”, якую падпявала і юбілярша. Вясёлай, бадзёрай, шчаслівай заставалася не адзін дзень: на дом з віншаваннямі завітала старшыня прафкама бальніцы. Ды і кветкі яшчэ нагадваюць пра родныя твары.

Пазней жанчыну перавялі на больш лёгкую работу кладаўшчыка. Гаспадарыла ў будынку з вялізнымі стэлажамі, на якіх асобна ляжалі стосы коўдр, тапак, бялізны, халатаў. “Ці не здаралася, што памеру не маглі падабраць на нестандартнага хворага?” – пытаюся ў Зінаіды Іванаўны. Яна здзіўляецца: “Што Вы. Там на такіх волатаў піжамы былі, што зараз і не знойдзеш”. Са сваім жа адзеннем нікога ў бальніцу не клалі. Пральня асобная працавала, дзе ўсё мылі і прасавалі, швачка штодня прышывала гузікі, рамантавала бялізну. У нашай размове з юбіляршай актыўны ўдзел прымала дачка Ірына. Памятае, што на скрыжаванні Ленінскай і Кастрычніцкай знаходзілася аўташкола, у якой падпрацоўваў – выкладаў бацька. І “хуткую дапамогу” з драўляным каркасам кузава, напалову абабітым жалезам, на якой пад’язджалі ў цэнтр за марожаным, калі Пётр Іванавіч вёз у аптэку лекі. Ён таксама ўвесь час адпрацаваў у бальніцы вадзіцелем.

Сціплая, нават занадта сарамлівая, Зінаіда Іванаўна ніколі не знаходзілася ў гушчыні падзей, а ведаюць жанчыну многія. Па рабоце ў бальніцы, як удзельніцу клуба “Ветэран”, жыхары завулка Ніжненабярэжнага – як выдатную суседку. Сюды перавезлі палову бацькоўскага дома. Дабудоўваліся, вялікую гаспадарку трымалі, а карову – на дзве сям’і з Марковічамі – так прасцей было справіцца працуючым сям’ям. Суседка Аляксандра Міхайлаўна была крыху старэйшай, Ганна Іванаўна Карабань – равесніца, з якой знаёмы з юнацтва, калі жылі ў службовым памяшканні ў Градзянцы. А з Кацярынай Мікалаеўнай Васілеўскай – з дзяцінства, дзве супрацьлегласці па характары, яны ў сталым узросце праводзілі дні разам – Зінаіда Іванаўна дапамагала зямлячцы ў быце. Прыходзіла на выручку яна без ваганняў. Дзялілася адзеннем з мнагадзетнымі сем’ямі, перашывала для чужых малых вопратку. Калі захварэла нявестка – паехала ў Мінск, а потым дапамагала ёй даглядаць унучку – забрала да сябе ва Ушачы. Усе выраслі годнымі людзьмі, а прыязджаючы да бабулі, просяць Зінаіду Іванаўну спячы бліны – такіх танюткіх і смачных не атрымліваецца ні ў каго.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *