Для ушачских школьников прозвенел последний звонок

Общество

30 мая. Панядзелак. З самай раніцы на вуліцах назіраўся нязвыклы для гэтага дня рух. Прыгожа апранутыя хлопчыкі і дзяўчынкі, юнакі і дзяўчаты з букетамі кветак у руках, таты і мамы, бабулі і дзядулі накіроўваліся ў розныя школы. Ва ўстановах адукацыі раёна праводзіліся доўгачаканыя традыцыйныя лінейкі – свята апошняга званка, шлях да якога пралягаў праз доўгія цярністыя адзінаццаць гадоў. Развітальна-шчымлівыя мелодыі ў гэты дзень прагучалі апошні раз для 121 адзінаццацікласніка Ушаччыны (базавую школу заканчваюць 187 школьнікаў).
Незабыўная ўрачыстасць прайшла ў гэты дзень ва Ушацкай сярэдняй школе. Да выпускнікоў, настаўнікаў і бацькоў з прывітальным словам звярнулася дырэктар установы адукацыі С.К.Турло. Пад дружныя апладысменты прысутных граматамі былі ўзнагароджаны лепшыя вучні за высокія дасягненні ў вучобе, актыўны ўдзел у школьным жыцці, прыкладныя паводзіны, за ўдзел у школьных алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях. Ад імя райвыканкама і ад сябе асабіста шчыра павіншавала прысутных з заканчэннем навучальнага года намеснік старшыні райвыканкама і маці выпускніцы В.В.Дзямешка.
Усе 65 вучняў Плінскай школы спакойна размяшчаюцца на ўтульнай пляцоўцы перад школай, дзе пачэснае цэнтральнае месца адводзіцца шасцярым выпускнікам (на здымку). Як у кожнай невялікай школе, свята апошняга званка – шчымлівае, запамінальнае, на якім не забыты ніводны настаўнік, дзе ўсе шчыра радуюцца ўзнагародам аднакласнікаў, сяброў і не шкадуюць апладысментаў.
Традыцыйныя словы-пажаданні настаўнікаў, бацькоў, словы ўдзячнасці ад саміх выпускнікоў і віншаванне першакласнікаў. І, канечне, верыцца ў тое, што выпускнікі не падвядуць.
Па традыцыі выпускнікі дораць кветкі настаўнікам, кніжкі – першакласнікам. Гучыць апошні школьны званок. Бывай, школа! Наперадзе ў выпускнікоў далёкая дарога ў самастойнае жыццё. Дык няхай яна будзе лёгкай, роўнай і мірнай.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *