4 марта белорусская милиция отмечает профессиональный праздник

Общество

Сукенкі, абутак на абцасах, шыкоўныя прычоскі пасуюць гераіні нашага аповеду. Вось толькі з дзяцінства марыла яна менавіта пра міліцэйскую форму. І год таму жаданне спраўдзілася – сёлетні Дзень міліцыі інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі Ушацкага РАУС А.В.Быкава адзначае як уласнае прафесійнае свята.

“Не сорамна прызнацца, наколькі шчаслівай сябе адчуваю! – не хавае эмоцый ушачанка. – На любімай рабоце гатова праводзіць суткі, а ў форме з пагонамі малодшага лейтэнанта – нават спаць. Калектыў у нас цудоўны! Калі ўзнікалі пытанні, і глыбокай ноччу магла звярнуцца да ўчастковых інспектараў, супрацоўнікаў аператыўна-дзяжурнай службы – усе дапамагалі, падказвалі. Заўсёды знаходзіла паразуменне і з кіраўніцтвам аддзела. У знаёмых з іншых гарадоў такога няма – цяпер, бывае, “кансультую” іх па розных пытаннях”.

“У нашым калектыве шмат вопытных, заслужаных работнікаў – абавязкова іх адзначым, – выбіраючы кандыдатуру для напісання артыкула, зазначыў намеснік начальніка РАУС Уладзімір Анатольевіч Чумакоў. – Але напішыце пра Аксану Быкаву. Жанчын з афіцэрскім званнем не так многа, спраўляцца са службовымі абавязкамі ім, безумоўна, цяжэй, чым нам, ды і такая ўвага прыемным падарункам да 8 Сакавіка стане”.

Калі знаёмыя Аксаны Валер’еўны даведваюцца, з якім кантынгентам яна працуе, многія хапаюцца за галаву. Ён, сапраўды, спецыфічны: у народзе такіх людзей называюць коратка – “крымінальнікі”. Большасць маюць судзімасць за крадзяжы, але ёсць і тыя, хто здзейсніў забойства. Кантактаваць з імі даводзіцца пастаянна, у тым ліку ў вячэрні, начны час. “Нічога страшнага ў гэтым не бачу, – кажа А.В.Быкава. – Па-першае, адна не бываю – у рэйды па раёне, як таго патрабуюць правілы, накіроўваюся са старшым інспектарам службы Віктарам Пятровічам Обухам ці з участковымі. Па-другое, для падстрахоўкі ўключана сістэма “Дазор”, на выклік – у бронікамізэльцы, касцы. Зрэшты, у маёй практыцы, на шчасце, не было выпадкаў, калі хтосьці з улікоўцаў кідаўся з кулакамі”.

Прыгадала ўшачанка, як адзін з яе падапечных упарта ігнараваў патрабаванні, маўляў, што яму зробіць “міліцыянер у спадніцы”. Аднак пасля некалькіх пратаколаў меркаванне сваё змяніў – пры сустрэчы абяцае больш не “балавацца”. “Не думаў, што ў РАУС такія чулыя людзі працуюць!” – сказаў яшчэ адзін уліковец, якога, прыкмеціўшы дрэннае самаадчуванне, супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі ўгаварылі звярнуцца да медыкаў і адвезлі ў бальніцу.

“Я толькі з блізкімі і сябрамі такая ўсмешлівая – на службе ж хутчэй строгая, – прызнаецца А.В.Быкава. – Адзінае – не магу стрымаць вясёлых эмоцый, калі ўлікоўцы, заўважыўшы на маіх пагонах адну зорачку, называюць маёрам. Ёсць да чаго імкнуцца!”.

Між тым, каб стаць праваахоўнікам, нашай гераіні давялося пераадолець доўгі цярністы шлях. Маці была супраць такой прафесіі – маўляў, не дзявочая. Таму пасля заканчэння Ушацкай школы Аксана паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. “Вельмі хутка зразумела, што гэта не маё! Запісалася ў секцыю па тайскім боксе – і ўвесь час праводзіла на рынгу. Ужо праз два месяцы ўдзельнічала ў спаборніцтвах рэспубліканскага ўзроўню, часта заваёўвала “золата”, “срэбра”. Траўм не баялася, ды і не было іх практычна”.

На сённяшні дзень на ўліку інспекцыі знаходзіцца 130 грамадзян, у тым ліку 6 жанчын. Тых, хто ўчыніў толькі адно злачынства, менш за 30 працэнтаў. Астатнія “засвяціліся” па 2-3, а то і больш разоў.

Напорысты характар дзяўчыны праяўляўся з дзяцінства. Напэўна, гены ўзялі сваё: прапрадзед А.В.Быкавай быў генерал-маёрам царскай арміі, дзядуля па бацькавай лініі – данскім казаком. Ды і ў акружэнні Аксаны – пераважна хлопцы з брутальнымі заняткамі і інтарэсамі. Да слова, яе брат-двайнік Вячаслаў Сакалоў таксама звязаў свой лёс з праваахоўнымі органамі. Ёй жа перад спаўненнем прафесійнай мары давялося некалькі год адпрацаваць бібліятэкарам, справаводам у аддзеле прымусовага выканання, падпрацоўваць прыбіральшчыцай і завочна скончыць юрыдычны факультэт Полацкага эканамічнага каледжа. Калі ж даведалася пра наяўную ў РАУС вакансію пашпартыста, паспяшалася на ўзгадненне – верыла, што ў перспектыве атрымае чаканае права насіць афіцэрскае званне. І вельмі хутка мара збылася. “Тры месяцы ў вучэбным цэнтры – найлепшы час у маім жыцці, – расказвае Аксана. – Не проста тэорыя – шмат спорту, адпрацоўка прыёмаў самаабароны. Прыгадала і свае баксёрскія навыкі. Хлопцы спачатку пасмейваліся – маўляў, як са мной на бой выходзіць. Аднак потым бедавалі, аказаўшыся ў пройгрышы”.

Так, у выпадку чаго А.В.Быкава і адпор дасць, і за словам у кішэню не палезе. І ўсё ж стараецца ў зносінах з землякамі (судзімых ніколі не ставіла ніжэй за іншых) быць стрыманай, тактоўнай. Працуе з усімі індывідуальна: аднаму цвёрда загадае, другому мякка падкажа. І гэта дае плён – пра станоўчыя прыклады, калі ўлікоўцы “ўзялі сябе ў рукі” і дэманструюць узорныя паводзіны, пазней раскажам нашым чытачам.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *