Работники Ушачского участка ДЭУ-37 делают ямочный ремонт и в мороз

Общество

На двары лёгкі мінус, а на трасе Р-116 падымаецца пара. Вёўся лакальны рамонт дарогі, якая і сапраўды была ў ямках рознага памеру. “Выконваеце чарговыя прадпісанні інспекцыі ДАІ?” – запыталася ў работнікаў ушацкага ўчастка ДЭУ-37.

А.Кавалевіч.

– Так, і хібы ўхіляем, і ямкавы рамонт па ўсім палатне паралельна робім, каб не вяртацца потым,– адказваў Андрэй Анатольевіч Ізмайловіч, які быў на аб’екце за старшага.

– Задзейнічаны жа тут увесь камплект тэхнікі і агрэгатаў. Першым па трасе ішоў трактар Рыгора Захаравіча Шарамета – выразаў фрэзай асфальт на месцы ям. Потым яны прасушваюцца паветрам. А следам рухаецца рэцыклер – спецыяльнае абсталяванне для разагрэву сомса, ці халоднага асфальту. Аляксандр Канстанцінавіч Шараг дэманструе, як гэта працуе: накіроўвае на ёмістасць з сумессю асфальтабетону спецыяльнае прыстасаванне – падаецца і запальваецца салярка. Некалькі хвілін, і ўжо гарачая сумесь закладаецца ў выбоіны і трамбуецца вібраўкатчыкам. Следам па перыметры прамавугольнік заліваецца спецыяльным бітумам, які разаграваецца ў яшчэ адной бочцы.

А.Шараг.

– Паколькі праводзіцца лакальны рамонт без перакрыцця руху, працуем спачатку па адной, а потым па другой паласе. Закладзеныя такім чынам ямы прастаяць доўга, – сцвярджае А.Ізмайловіч. – Летась атрымалі новы рэцыклер, які змяшчае ў два разы больш халоднага асфальту, чым раней – адной закладкі хапае на дзесяць квадратных метраў. На дарозе гэта можа быць і большая адлегласць, і меншая, усё залежыць ад шчыльнасці ям і іх памеру. А вось гарантыі, што побач не з’явіцца новых выбоін, на жаль, няма.

Пацвярджэннем таму – чарговы перапад ад 22 градусаў марозу да плюсавой тэмпературы. А менавіта вільгаць, трапіўшая ў шчыліны, пры наступным замярзанні ўтварае чарговы раскол палатна.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *