Адной з ключавых палітычных падзей у жыцці нашай краіны стане ўстаноўчы з’езд па стварэнні новай партыі, які запланавана правесці ў Мінску 18 сакавіка. З такой ініцыятывай выступіла рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”. Ва ўсіх раёнах абраны дэлегаты, якім і трэба будзе прыняць адказнае рашэнне.
Наталля Мікалаеўна МАРКОВІЧ, старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь”, дэлегат ад Ушацкага раёна:
– Ідэя стварэння партыі ўзнікла даўно, прыйшоў час яе ўвасаблення ў рэальнасць. Уся дзейнасць “Белай Русі” паказвае, што яе ініцыятывы карыстаюцца падтрымкай у значнай часткі насельніцтва, а значыць разам з партыяй у краіне з’явіцца магутная палітычная сіла, вектар якой накіраваны на падтрымку дзяржаўнай палітыкі, народнае адзінства, дабрабыт краіны.
У знакавы момант прадстаўнікі працоўных калектываў арганізацый, нашага раёна, неабыякавыя грамадзяне аднагалосна падтрымалі ініцыятыву партыйнага будаўніцтва і гатовы дзейнічаць зладжана на карысць беларускага грамадства. Стварэнне партыі лічу неабходнай стратэгіяй, бо гэта не толькі ўдзел грамадзян у дзяржаўным кіраванні, але і аснова палітычнай стабільнасці.