Многие считают непрестижной профессией. Чем занимается водитель мусоровоза и как проходит его рабочий день?

Общество

Распачаты сёлета праект, у якім журналісты “раёнкі” праводзяць працоўную змену поруч з работнікамі розных сфер, каб глыбей спасцігнуць спецыфіку прафесій, мы вырашылі працягнуць аповедам пра адзін з напрамкаў дзейнасці камунальнай гаспадаркі. Як сведчыць статыстыка, кожны беларус за год выкідвае больш 400 кілаграмаў адходаў – у маштабах краіны гэта 4 мільёны тон. Аднак прафесію тых, хто прыбірае і сартуе смецце, многія лічуць непрэстыжнай. Маўляў, калі ты выгружаеш бачкі, значыць, не змог знайсці лепшае месца ў жыцці. Я ж, праехаўшы з вадзіцелем Сяргеем Каваленкам больш сотні кіламетраў па трасучых вясковых дарогах на МАЗе з аранжавым кузавам, прыйшла да адназначнай высновы: такім спецыялістам варта шчыра дзякаваць за тое, што яны цярпліва і адказна робяць гэтую непрывабную работу.

Сціплая “абойма”

Чарга на вакансію вадзіцеля смеццявоза не стаіць: калі не так даўно пайшоў на пенсію ветэран прадпрыемства Расціслаў Скрыпко, у “абойме” застаўся толькі Андрэй Апёнак, і яму ў дапамогу вылучылі С.Каваленку, які працаваў на “ГАЗэлі” (з гэтай тэхнікай прыйшоў у камунгас у 2014-м пры далучэнні да арганізацыі УП “Прагрэс”). “У захапленні не быў, але нехта ж павінен гэтым займацца”, – зазначае мужчына. Зараз працэс асвойвае яшчэ адзін работнік, але пакуль Андрэй і Сяргей абслугоўваюць раён удвух: першы на новай машыне аб’язджае гарпасёлак і прылеглыя вёскі, другі – больш аддаленыя пункты. На гарадскім маршруце прыбіраць кантэйнерныя пляцоўкі дапамагае падсобны рабочы Наталля Роўба, на вясковым Сяргей спраўляецца з гэтым сам.

У любога шафёра змена пачынаецца з запраўкі. У мінулую ж сераду старт паездкі затрымаўся: вадзіцель ухіляў паломку. Старэнькі МАЗ дастаўся яму ад Р.Скрыпко, і як ні стараўся папярэдні гаспадар даглядаць тэхніку, гады і дарогі сваю справу робяць. І вось мы рушылі па маршруце. Размеркаваны яны па днях тыдня: у панядзелак і чацвер машына едзе ў бок Вяркуд, Глыбачкі, Дубраўкі, у аўторак – на Жары, Старое Сяло, Мосар, у пятніцу аб’язджае абшырную Далеччыну, а ў нядзелю напарнікі па чарзе абслугоўваюць райцэнтр.

Пра Бычкі распавядуць… бачкі

Для тых, хто не прыглядаўся да смеццявозаў, коратка патлумачу прынцып іх работы: гідраўлічны механізм прыводзіць у дзеянне маніпулятар, які фіксуе скрыню, падымае яе cvtwі высыпае ў ёмістасць кузава, дзе маецца прэс для прасоўвання смецця ўглыб. Пры гэтым вадзіцель павінен максімальна дакладна пад’ехаць да кантэйнера, што часам даволі складана, асабліва ўзімку, калі пляцоўкі занесены снегам. Кіруецца механізм з дапамогай дзевяці рычагоў ля задняга кола. Папрасіла Сяргея патлумачыць, для чаго служыць кожны, але адразу гэта і не запомніш. Ды ўсё ж “прыклала руку” да справы: апусціла на дарогу так званую “лапу” – упор, якім перад пачаткам загрузкі трэба ўмацаваць устойлівасць машыны.
У Наваселлі, з якога пачалі аб’езд, высыпаць кантэйнер цалкам не ўдалося – частка смецця трывала прымерзла. А вось у Гуце ёмістасць была закрытая і стаяла на пакрышцы (каб не псавалася дно) – і ніводнай паперкі побач: недарэмна вёска лічыцца адной з лепшых па добраўпарадкаванні. Сапраўды, па стане кантэйнернай пляцоўкі можна ў многім меркаваць пра акуратнасць жыхароў. У Бычках, напрыклад, вяскоўцы самі прыстасавалі накрыўку для бака. Летам паказвалі нам здымак з Двор Павулля, дзе людзі пасцялілі пад скрыню… дыван! А ў час паездкі Сяргею патэлефанавала старэйшына Гарадца – у гэты населены пункт машына заязджае па заяўцы, калі бак напаўняецца: так і паліва эканоміцца, і мясцовая дарога лішні раз не псуецца тэхнікай.

У Двор Павуллі.

Крэсла, шыбы і іншыя хібы

Больш складана захаваць дбайны выгляд пляцовак у вялікіх населеных пунктах. Ды і з правіламі звароту з адходамі тут горш. Колькі просяць камунальнікі не грузіць у ёмістасці старую мэблю, траву ды галіны дрэў, а лепш пакідаць іх побач, адпраўляць расліннасць у кампост, а людзі ўсё роўна імкнуцца загрувасціць бакі. Сяргей расказвае, як аднойчы цэлай брыгадай вызвалялі кантэйнер у канцы вуліцы Садовай райцэнтра ад уціснутага ў яго вялікага крэсла. Нядаўна давялося вымаць са скрыні ў Ільюшыне палову канапы. Быў негабарытны “груз” на пляцоўках аграгарадка і ў гэты раз. І калі старыя дзверы, кавалкі фанеры і пліткі ляжалі ля кантэйнераў (вадзіцель пазначае, на якіх яны пляцоўках, каб потым забраць на іншай тэхніцы), то аконныя шыбы нехта выкінуў у бак: давялося іх вымаць, каб не пашкодзіць прэс. А ў райцэнтры свая праблема: іншы раз жыхары шматпавярховак так заставяць двор машынамі, што да пляцовак не падбярэшся: у нядзелю нават спрабаваць выгрузіць бакі за “Віражом” ці ля дамоў на Віцебскай не варта. Няўдала ўладкавана стаянка і ў апошняй новабудоўлі: з-за яе складана пад’ехаць да кантэйнераў…

“І як Вы памятаеце ўсе месцы, куды трэба завярнуць?” – здзіўляюся я, бо ў адным толькі Ільюшыне налічыла 11 пляцовак з 27-ю скрынямі. “Дык я ж на сваёй “ГАЗэльцы” амаль усе бакі і развозіў, а старыя дастаўляю на базу: наш зваршчык “латае”, дзе магчыма. Вось гэтыя два, напрыклад, сабраў з чатырох дрэнных”, – тлумачыць Сяргей на селішчанскай пляцоўцы. Трэба сказаць, што вяскоўцы апошнім часам актыўна падпісваюць дагаворы на абслугоўванне, зараз ужо няшмат пунктаў з насельніцтвам больш за дзесяць чалавек, дзе не стаяць скрыні. Адпаведна, павялічыліся маршруты і патрэба ў кантэйнерах: прадпрыемства па меры магчымасці закупляе новыя (толькі летась набыта 60), стараецца падоўжыць тэрмін службы. Для гэтага, канечне, трэба абсталёўваць пляцоўкі цвёрдым пакрыццём, а яшчэ па санітарных нормах яны павінны быць абгароджаны з трох бакоў. Гэта выканана пакуль не паўсюдна, але работа вядзецца.

А.Апёнак.

З печы – на плечы

Пакуль едзем да Кублічаў, распытваю суразмоўцу пра нюансы работы. Высвятляю, напрыклад, што ў халодны час больш смецця ў райцэнтры, а летам – на сяле, куды прыязджаюць студэнты і дачнікі. А вось непрыемныя моманты ёсць у кожным сезоне: зімой з узнятых угару бачкоў на вадзіцеля можа паляцець “дождж” з попелу. “Такі сюрпрыз часта рыхтуюць у Слабадзе, дзе многія топяцца брыкетам”, – усміхаецца Сяргей. Летам жа пастаянным спадарожнікам працы становіцца пах – і тут нічога не зробіш: трэба трываць і суцяшаць сябе тым, што на свінакомплексе ці рыбным заводзе таксама “не мяды”, а людзі ж працуюць. На пытанне пра самыя ўразлівыя “знаходкі” ў бачках мужчына махае рукой: “Чаго толькі там не ўбачыш! Дзякуй Богу, шакіруючага крыміналу пакуль не траплялася. А вось целы дамашніх жывёл знаходзім часта – нават трусоў ды коз выкідваюць, замест таго каб закапаць”. Дарэчы, у гэты дзень у палёт разам са смеццем ледзь не адправіўся кот: у апошні момант паспеў выкуліцца з ужо ўзнятага бачка і закульгаў прэч – напэўна, хворая лапа і не дазволіла небараку рэціравацца больш шпарка.

Паводле апытання на старонках “Патрыёта” ў “Аднакласніках” і “ВКонтакте”, у якім прынялі ўдзел 152 чалавекі, найбольшая колькасць (49 наведвальнікаў) ацаніла работу па вывазе смецця выразам “У цэлым нармальна, але часам бываюць недахопы”, другім па папулярнасці (39) стала меркаванне, што камунальнікі маглі б працаваць лепш, трэцім (31) – “Больш прэтэнзій – да людзей, якія смецяць”. 17 чалавек цалкам задаволены і толькі 16 далі рабоце адмоўную ацэнку.

Шафёрскае братэрства

Але галоўная прыгода гэтага дня чакала нас у Кублічах. “Вузкая тут дарога, дрэнна расчышчаная, можна засесці, таму і не заехаў сюды ў мінулы раз, аднак жыхары патэлефанавалі, што бачок поўны, трэба забраць”, – тлумачыў Сяргей, паварочваючы на Савецкі завулак аграгарадка. Быццам у ваду глядзеў: выгрузіўшы кантэйнер, паспрабаваў развярнуцца заднім ходам на пятачку ля аднаго з дамоў – і колы снежнымі пырскамі абвясцілі аб вымушаным прыпынку. “Каб было два вядучыя масты – выехаў бы, а тут адзін. Калісьці сам на такім самазвале робіў”, – зазначыў мясцовы пенсіянер Святаслаў Хамёнак і паспяшаўся на дапамогу. Умацавалі выратавальную брыгаду таксама дачнікі Васіль Кляпец і Аляксандр Лупенька. Тут і лапаты пайшлі ў ход, і дошкі, і фізічная сіла. Праз чвэрць гадзіны цяжкі МАЗ натужліва чмыхнуў і выкаціў на вуліцу пад нашы пераможныя воклічы.

У Кублічах.

“Пашанцавала, – па дарозе на Сорзава разважаў вадзіцель. – Гэтай зімой ужо неаднойчы чакаў, пакуль з Ушач прыедзе трактар: буксаваў у Крывушчыне, Увалоках… А ў Царкавішчы мяне Толік Тычына з ДРБУ-105 выцягнуў – якраз міма ехаў”. А калі мой суразмоўца ўбачыў ззаду два лесавозы, збавіў хуткасць і прыціснуўся да абочыны: “Гэта Віця з Максімам. Хай праязджаюць, ім МАЗ абганяць нязручна”. Вось такое шафёрскае братэрства.

Каштоўныя “барханы”

А мы тым часам прыбылі на канечны пункт маршруту – палігон ля Лутава. Трапіла сюды ўпершыню. Пакуль Сяргей выгружаў МАЗ, пазнаёмілася з брыгадай рабочых, занятых сартаваннем смецця. Справа гэта стратэгічная: стаіць задача максімальна павысіць долю другасных рэсурсаў, вымаемых з бытавых адходаў. У перапрацоўку адпраўляецца не толькі змесціва спецыяльных кантэйнераў для раздзельнага збору, а і сыравіна, адсартаваная з агульных. Жанчыны выбіралі з гурбаў шклотару, макулатуру і пэт-бутэлькі – некалькі дзясяткаў вялікіх мяхоў з пластыкам ужо чакалі адпраўкі на завод у Наваполацк. Бульдазерыст падбуртоўваў перабраныя “барханы”. І ўжо неўпершыню я пачула: “Камусьці трэба і гэтым займацца”. А між тым плён ад няўдзячнай работы відавочны: калі дзясятак год таму ў нашай краіне вымалася толькі каля 12 працэнтаў каштоўнай сыравіны, то на нядаўнім пасяджэнні Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя была агучана мінулагодняя лічба ў 38 працэнтаў. Далей – болей!

* * *

…“Ну што, машыну на базу – і хутчэй дамоў вячэраць? Вы ж нават не абедалі ў рэйсе”, – перад развітаннем запыталася ў Сяргея Каваленкі. “Спачатку проста паляжу. За дзень так у кабіне натрасешся, туды-сюды наскокаешся, што трэба ў сябе прыйсці, – шчыра прызнаецца камунгасавец. – Крыху крыўдна, што скаргі наконт несвоечасовага вывазу смецця – справа звычайная. А вось удзячнасці нашай службе пакуль ніводнай ніхто не напісаў…”

А можа з’явяцца яны пасля гэтага артыкула? Ну а я дык дакладна не буду кідаць траву ў кантэйнер і не палянуюся сартаваць пластык і шкло.

Як паведаміў нам майстар участка па выдаленні бытавых адходаў Уладзімір Лесін, у населеных пунктах раёна зараз абсталявана 255 кантэйнерных пляцовак, устаноўлена 650 скрынь.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *