В Ушачах впервые состоялся отборный тур областного конкурса «Песни юности наших отцов»

Культура

Адборачныя туры абласнога конкурсу “Песні юнацтва нашых бацькоў”, дзе пераможцы раённых этапаў змагаюцца за пуцёўкі ў фінал праекта, сёлета павінны былі прайсці ў Шуміліне і Верхнядзвінску. Аднак раптоўна высветлілася, што апошні горад не зможа прыняць канкурсантаў – і плячо арганізатарам тэрмінова падставілі Ушачы. На падрыхтоўку нашаму раённаму цэнтру культуры і народнай творчасці заставалася ўсяго пару дзён, аднак мерапрыемства прайшло на дастойным узроўні.

Хоць конкурс праводзіцца ўжо ў 29-ы раз, у нашым раёне абласны яго тур яшчэ не ладзіўся. Прыехалі ж ва Ушачы два дзясяткі вакалістаў з васьмі раёнаў і горада Наваполацка: журы і гледачы праслухалі больш сарака вакальных нумароў. У гэты дзень паралельна прайшоў і абласны адборачны этап ХХІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2023”. На сцэне прагучалі патрыятычныя і лірычныя творы пра родную Беларусь, знакамітыя хіты савецкіх часоў, шлягеры 70-90 гадоў. Выканаўчы ўзровень канкурсантаў ушацкія гледачы неаднойчы ацэньвалі крыкамі “Брава!” Неўміручым творам “Песня застаецца з чалавекам” завёў залу бравы вайсковец з Заслонава Алег Назараў. Вельмі пранікнёна выканала песню “Мама” грацыёзная палачанка Марыя Кірылава, выключным прафесіяналізмам пакарылі навапалачане.

Сярод удзельнікаў адбору былі як прафесіяналы (выкладчыкі і навучэнцы музычных школ і каледжа, культработнікі), так і аматары. “Па прафесіі я повар, зараз знаходжуся ў дэкрэтным водпуску, але не прапускаю заняткаў у эстраднай студыі “Архіў” Глыбоцкага гарадскога Дома культуры”, – падзялілася з намі Ірына Скрага. На конкурсе яна выканала шчымлівую ваенную “Баладу пра фарбы” і хіт “Каляровыя кірмашы” з рэпертуару Марылі Радовіч, пад які ў 70-я танцаваў увесь Саюз.

На вялікі жаль, не змагла выйсці на родную сцэну пераможца раённага этапу Вольга Пугачова – літаральна ў апошні дзень перад конкурсам ушачанка захварэла. Да слова, па такой жа прычыне не прыехалі да нас і яшчэ некалькі ўдзельнікаў.

Вызначыць лепшых выканаўцаў журы будзе вельмі няпроста – імёны тых, хто адправіцца ў сакавіку на фінал праекта ў Оршу, будуць агучаны крыху пазней.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *