В Ушачах прошла III областная спартакиада среди работников региональной дирекции по Витебской области ОАО «Белагропромбанк»

Cпорт

Шмат транспарту ля будынка “Юнацтва-Ушачы”, дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах, выставы мастацкіх вырабаў у холе – у аўторак усё падказвала на правядзенне ў спарткомплексе маштабнага мерапрыемства. Менавіта ў нашым раёне ладзілася спартакіяда сярод работнікаў рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк”.

Месца яе правядзення было выбрана невыпадкова. Па-першае, пра наш комплекс, яго вартасці работнікі банка чулі не раз – многія марылі тут пабываць. Па-другое ж, як зазначыла на ўрачыстым адкрыцці намеснік начальніка рэгіянальнай дырэкцыі Алена Львоўна Жураўская, ёсць у гэтым і пэўны сімвалізм. У ліку галоўных славутасцяў Ушаччыны – мемарыяльны комплекс “Прарыў”, назва якога ідэальна падыходзіць, каб ахарактарызаваць дасягненні супрацоўнікаў “Белаграпрамбанка” Віцебшчыны: па ўсіх паказчыках работы яны захапілі лідарства ў агульнарэспубліканскім рэйтынгу. Такога ж прарыву – толькі спартыўнага кшталту – пажадала камандам старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч. Ад імя гаспадароў удзельнікам свята ўручаны каравай.

І вось прадстаўнікі Віцебска, Лепеля, Оршы, Полацка, Глыбокага і непасрэдна рэгіянальнай дырэкцыі рушылі на старт. Свае сілы ім трэба было прадэманстраваць як ва ўжо прывычных для ўшачан відах – настольным тэнісе, плаванні, дартсе, шахматах, так і ў “неабкатаных” – джэнга, більярдзе. Залу для арганізацыі апошняга гасцінна выдзеліў уладальнік кафэ “Бераг”. Ну а экзатычнае джэнга (у перакладзе – “пабудуй”) спачатку давялося асвоіць самім работнікам спарткомплексу. Сутнасць гульні заключаецца ў хуткай рэканструкцыі вежы, складзенай пэўным чынам са спецыяльных драўляных блокаў на падлозе. Ігрок павінен даставаць іх з падмурка і класці наверх, робячы вежу вышэйшай, але менш устойлівай. Калі яна падае, гульня заканчваецца.

“Не важна, хто сёння зойме вышэйшыя прыступкі п’едэстала, галоўнае – каб візіт на Ушаччыну запомніўся ўсім, а сустрэча яшчэ больш згуртавала”, – адзначыла начальнік цэнтра банкаўскіх паслуг №237 ААТ “Белаграпрамбанк” у г.п.Ушачы Дзіна Міхайлаўна Садоўская. Так усё і атрымалася. “У нас, канечне, таксама ёсць басейн, аднак ваш проста пакарыў!” – пасля “залатога” заплыву прызнаваліся прадстаўнікі полацкай каманды. “А мы сёння ў чаканні вынікаў спартакіяды паспрабавалі сябе на скаладроме, – расказвалі іх калегі з абласнога цэнтра. – Падмацавалі ж свае сілы ў кафэ “Тайм-Аўт” – дзякуем усім за гасціннасць і смачныя стравы!”.

Падчас закрыцця спартакіяды каманды-пераможцы, асобныя іх прадстаўнікі адзначаны ўзнагародамі, у тым ліку грашовымі сертыфікатамі – на далейшае развіццё спорту ў рэгіёнах.

На гэтым візіт на Ушаччыну прадстаўнікоў рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” не скончыўся. Насычаная праграма – з экскурсіяй, урачыстым мітынгам – чакала на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Прысутныя прыгадалі падзеі, што адбываліся тут у маі 1944-га, ушанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання, усклалі вянок, кветкі да мемарыяльных пліт і вечнага агню. “Яркае завяршэнне сустрэчы! – не хавала эмоцый А.Л.Жураўская. – Цяпер ПРАРЫЎ – не толькі мэта, да якой усе мы імкнёмся ў рабоце, спорце, творчасці, а і канкрэтнае месца, якое сваёй велічнасцю кранула сэрца”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *