У рэгіёнах рэспублікі праходзяць устаноўчыя сходы па стварэнні палітычнай партыі з рабочай назвай “Беларуская палітычная партыя “Белая Русь”. На гэтым тыдні сход адбыўся ва Ушачах. У музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка сабраліся кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, прадстаўнікі розных сфер дзейнасці і грамадскіх арганізацый.
Як адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Н.М.Марковіч, неабходнасць стварэння палітычнай партыі ў нашай краіне наспела даўно, і для вырашэння гэтай задачы зроблены канкрэтныя крокі, падрыхтавана пэўная база. Моцная палітычная арганізацыя будзе выказваць і абараняць інтарэсы беларускага народа і дзяржавы. У аснову пакладзена ідэалогія беларускай дзяржаўнасці, якая выказана ў нашай Канстытуцыі.
Наталля Мікалаеўна дала і адказ на пытанне аб суадносінах паміж будучай палітычнай партыяй і існуючым грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь”. Апошняе не трансфармуецца ў партыю і не сыдзе з грамадскай прасторы.
Удзельнікі сходу адзінагалосна выказаліся за стварэнне новай палітычнай партыі ў Беларусі. Былі абраны старшыня і сакратар устаноўчага сходу, імі сталі дырэктар УП ЖКГ А.А.Сідзюк і дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Л.М.Шкаруба. Вылучаны дэлегаты на ўстаноўчы з’езд па стварэнні палітычнай партыі, які пройдзе ў сакавіку ў Мінску. Ушаччыну прадставяць А.А.Сідзюк, Н.М.Марковіч, а таксама старшыня Маладзёжнай палаты Ушацкага раёна Л.Д.Больц.
Вольга КАМАРКОВА.