Шчымлівая музыка. Прыгожая зала. Квецень настаўнікаў і вучняў раёна. Як правільна зазначылі вядучыя “зоркавага свята” – менавіта дзякуючы гэтаму тандэму і магчымы перамогі ў навуцы, спорце, культуры… У любой справе. А сабраліся сёлета ў актавай зале Ушацкай школы пераможцы абласных прадметных алімпіяд і конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, іх бацькі, а таксама дырэктары агульнаадукацыйных школ раёна.
Песняй “Зорка” адкрывае свята таксама зорка, лаўрэат міжнароднага конкурсу эстраднай песні ў Маскве Жэня Жалязноў. Усё сімвалічна і пранікнёна да слёз. Яны стаяць у вачах маці Лаліты Рубанік з Мосарскай школы, калі яна атрымоўвае грамату за добрае выхаванне дачкі, літаральна ўсіх бацькоў, калі гучыць песня “Мама”. Калі за абсалютнае першае месца ў рэспубліканскай алімпіядзе 2010 года па хіміі дырэктару Вялікадолецкай школы і маці Яўгена Аніскевіча Рыме Леанідаўне ўручала сынаў дыплом, падпісаны Прэзідэнтам краіны, начальнік аддзела адукацыі Людміла Рыгораўна Карабань. Юнак праславіў раён у мінулым годзе і пацвердзіў свае выключныя веды сёлета: зноў абсалютная перамога ў рэспубліканскай алімпіядзе па хіміі і золата на міжнароднай алімпіядзе імя Мендзялеева.
Складана вызначыць, для каго гэта свята і перамогі важней. Але радуюцца і хвалююцца ўсе. Прызёр абласной алімпіяды па тэхнічнай працы, дзесяцікласнік з Касарской школы Вадзім Касяк і трэцякласнік, прызёр абласнога агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Здравствуй, мир” Тарас Шаўчэнка з Ушацкай (настаўніца Клаўдзія Леанідаўна Лісіца). А вось прызёр гэта ж конкурсу з Вяркуд Мікіта Казлоўскі (Алена Міхайлаўна Лунёнак) спакойны і мэтанакіраваны. Перш за ўсё самы юны ўдзельнік свята зазірнуў у атрыманы канверт.
Так, калі летась, дарэчы, упершыню ў раёне ўшаноўвалі пераможцаў прадметных алімпіяд — дарылі каштоўныя падарункі, сёлета – грашовыя прэміі. Выдатнае перакананне, што зарабляць можна сваімі ведамі, навыкамі, сілай.
Самай прадстаўнічай на ўзнагароджанні была каманда з Вялікадолецкай школы. Бо там вучыцца Уладзіслаў Грак – прызёр абласной алімпіяды па біялогіі, бо там выкладае фізкультуру Уладзімір Мікалаевіч Лапіцкі. Гэта яго выхаванцы Крысціна Ардынская, Наталля Падворная, Людміла Бука сталі пераможцамі ў абласных спаборніцтвах па настольным тэнісе, Максім Смаляк, Паліна Кісель і Яўген Альбіновіч – дыпламантам, прызёрам і членам раённай зборнай на абласных спаборніцтвах “Снежны снайпер”. У гэтых жа спаборніцтвах вызначылася вучаніца Уладзіміра Міхайлавіча Магіліна з Мосарскай школы Лаліта Рубанік.
Прызёраў абласной прадметнай алімпіяды сёлета толькі чатыры: па хіміі Антон Станевіч (педагог – Ларыса Аркадзьеўна Струй), па біялогіі – Вікторыя Волах (Вольга Анатолеўна Жыткая) і Уладзіслаў Грак (Віктар Мікалаевіч Шышоў), па тэхнічнай працы – Вадзім Касяк (Віктар Сцяпанавіч Ільюшэвіч).
Да прыгаданых вышэй прызёраў конкурсу “Здравствуй, мир” трэба дадаць вучаніцу Арэхаўскай школы Кацярыну Пугач (кіраўнік гурткоў “Маляваныч” і дэкаратыўна-прыкладной творчасці Тамара Віктараўна Алексяёнак), дзесяцікласніцу Кубліцкай школы Таццяну Жаваранак (Таіса Фёдараўна Качан). Шасцікласніца Ушацкай СШ Разалія Первянёнак стала прызёрам абласной выставы-конкурсу “Калядная зорка-2010” (кіраўнік гуртка “Умелыя рукі” Наталля Канстанцінаўна Кулініч). Ні адно мерапрыемства цэнтра пазашкольнай работы не абыходзіцца без бяззменнай вядучай Кацярыны Жалванавай, якая менавіта ў намінацыі “Лепшы вядучы” стала пераможцам абласнога фестывалю танцавальна-забаўляльных праграм “Пакаленне-2011”.
Літаральна ўсе школьнікі атрымалі грашовыя прэміі, а іх педагогі — Ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама, раённага выканаўчага камітэта, упраўлення адукацыі ці грашовыя прэміі.
А больш за ўсіх атрымалі бацькі – гэта не толькі кветкі і граматы аддзела адукацыі, гэта нічым не перадаваемы гонар за сваіх дзяцей. І, канечне, выдатна, што раённае свята ўшаноўвання пераможцаў становіцца традыцыяй.
В.КАРАЛЕНКА.
Лолита, вперед!!!