Торжественный митинг, диалоговая площадка, концерт. Как Ушаччина встретила областной автомарафон «85 лет под небом Витебщины»?

Общество

Віцебшчына працягвае з размахам святкаваць 85-годдзе з дня ўтварэння. На бягучым тыдні ў абласной сталіцэ быў дадзены старт маштабнаму грамадзянска-патрыятычнаму аўтамарафону “85 год пад небам Віцебшчыны”. Дэлегацыя ў складзе прадстаўнікоў абласнога Маладзёжнага парламента, Савета працоўнай моладзі, БРСМ, творчых калектываў на працягу некалькіх дзён праехала маршрутамі памяці звыш тысячы кіламетраў, завітаўшы ва ўсе райцэнтры паўночнага рэгіёну. На Ушаччыну ўдзельнікі юбілейнай акцыі прыбылі вечарам аўторка.

“Для мяне вялікае шчасце – зноў пабываць у вашым цудоўным краі, бліжэй пазнаёміцца з яго гісторыяй, жыхарамі, – не хаваў эмоцый на адкрыцці дыялогавай пляцоўкі з ідэалагічным актывам раёна, моладдзю першы сакратар Віцебскага абкама БРСМ Уладзімір Бабічаў. – Дарэчы, невыпадкова, што сустрэліся на базе “Юнацтва-Ушачы”: ваш спарткомплекс па праве можна назваць славутасцю далёка не раённага маштабу”.

Удзельнікаў аўтамарафону віталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч, намеснік старшыні райвыканкама А.А.Міранкова. З цікавай прапановай выступіў райкам БРСМ: у Год міру і стварэння, у рамках акцыі “Роднае – народнае” ўсім раздаваліся папяровыя галубкі (сімвалы міру), на якіх можна было пакінуць свае віншаванні вобласці-юбіляршы. Выпусціць іх на паветраных шарах у неба на Ушаччыне плануюць 9 Мая – падчас святкавання Дня Перамогі.

Урачыстае мерапрыемства прайшло ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Ужо ў фае гасцей сустракалі грамадзянска-патрыятычныя, краязнаўчыя пляцоўкі, можна было пазнаёміцца з дэкаратыўна-прыкладной творчасцю ўшачан. Тут жа пазней удзельнікам аўтамарафону давала інтэрв’ю наша зямлячка, равесніца Віцебскай вобласці Н.А.Багдановіч.

Усё жыццё Ніны Аляксандраўны непарыўна звязана з паўночным рэгіёнам: ураджэнка Полаччыны ў 1960-м скончыла Віцебскі педінстытут, па размеркаванні прыехала ў наш раён, да якога хутка прырасла душой і сэрцам. 47 гадоў прысвяціла жанчына педагагічнай справе, найперш – ва Ушацкай школе, у якой выкладала матэматыку, была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. “Шмат чаго прыгадваецца за гэты час: і заняткі ў дзве змены да позняга, і чаканае адкрыццё ў 1977-м новага будынка навучальнай установы, – кажа Н.А.Багдановіч. – Калі ж толькі пачынала прафесійную дзейнасць, у штаце былі пераважна сталыя педагогі – каб надта не вылучацца, пашыла сабе спецыяльны “ўзроставы” касцюм. Аднак зараз упэўнена: і без гэтага б прынялі, падтрымалі – школа заўсёды магла пахваліцца выдатнымі кадрамі”. Напрыканцы ж свайго аповеду з нагоды юбілею Віцебшчыны Ніна Аляксандраўна пажадала ўсім яе жыхарам міру, стабільнасці і далейшых здзяйсненняў.

Насычаная праграма чакала ў канцэртнай зале. Вядучыя нагадалі гісторыю стварэння вобласці, перыяды яе развіцця. Прыгожыя вакальна-харэаграфічныя нумары падрыхтавалі культработнікі Ушаччыны, удзельнікі аўтамарафону. Пад гучныя апладысменты прысутных (дарэчы, свабодных месцаў практычна не было) на сцэну запрасілі заслужанага чалавека, ветэрана працы У.М.Малаткаўца. У нашым раёне Уладзімір Мікалаевіч з 1965-га. Пачатак яго кар’еры быў няпростым: якраз праходзіў працэс механізацыі ферм, іншых сельгасаб’ектаў – і яму, інжынеру, а потым і дырэктару “Сельгастэхнікі”, кіраўніку “Адважнага барацьбіта”, спецыялісту райсельгасхарча даводзілася адным з першых асвойваць новаўвядзенні. Завяршыў жа сваю прафесійную дзейнасць мужчына ва “Ушачырайгазе”, дзе з 2000-га быў дырэктарам. Аднак і пасля выхаду на пенсію У.М.Малаткавец не сядзеў без справы – доўгі час узначальваў раённы савет ветэранаў, быў старэйшынам вёскі Градзянец. У скарбонцы яго дасягненняў – нямала ўзнагарод, сярод якіх – Ордэн Пашаны. Прыемна было атрымаць і падарункі ад раённага кіраўніцтва, якія ў гэты вечар уручыла Н.М.Марковіч.

Выканала Наталля Мікалаеўна яшчэ адну важную місію – перадала ўдзельнікам аўтамарафону сімвалічны элемент карты нашага раёна. Размесціцца ён на агульнай спілс-карце вобласці, прэзентацыя якой запланавана на 17 лютага – да цырымоніі ўзнагароджання “Чалавек года Віцебшчыны”.

Нягледзячы на прыцемкі, якія спусціліся на зямлю, яркі ва ўсіх сэнсах гэтага слова чэлендж чакаў на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Удзельнікі марафону, прадстаўнікі працоўных калектываў Ушаччыны, моладзь з запаленымі ліхтарыкамі выстраіліся жывым ланцужком у лічбу 85 – у знак еднасці жыхароў Віцебскай вобласці. Падчас урачыстага мітынгу яны прыгадалі падзеі, што адбываліся на Ушаччыне ў маі 1944-га, ушанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання, усклалі кветкі да Вечнага агню.

Брэндаваны мікрааўтобус з лагатыпам акцыі ў колерах дзяржаўнага сцяга і QR-кодам будзе курсіраваць па вобласці і падчас іншых юбілейных мерапрыемстваў.

Пра мерапрыемствы, што ў рамках юбілейнай акцыі ладзіліся ва Ушацкім і іншых раёнах, можна паглядзець у відэа-дзённіках арганізатараў: галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, абкама БРСМ. Заходзьце і на наш сайт, у сацыяльныя сеткі – і будзьце ў курсе ўсіх навін.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *