Призыв в армию по системе весна-осень

Зваротная сувязь

25 мая ў рэдакцыю завітаў ваенны камісар раёна Уладзімір Яўгенавіч Пальчэх, каб па “прамой лініі” пагутарыць з чытачамі. Тэма вайсковай службы актуальная амаль для кожнай сям’і, тым больш што зараз ідзе чарговы прызыў. На пытанне, ці будзе павялічаны тэрмін ваеннай службы, ваенкам адказаў адмоўна – у бліжэйшы час ніякіх змен не плануецца. А вось сам прызыў будзе хутка праводзіцца інакш, па сістэме вясна-восень.
Наступнага субяседніка хвалявала пытанне – ці будуць прызывацца ў армію студэнты-завочнікі? Уладзімір Яўгенавіч паведаміў, што ў сувязі са змяненнямі ў законе асобы, якія паступілі на завочныя аддзяленні пасля 15 жніўня 2010 года, будуць прызваны ў армію. Абумоўлена гэта, хутчэй за ўсё, дэмаграфічнымі паказчыкамі: хлопцы, што пойдуць зараз у войска, з’явіліся на свет у складаныя 90-я, калі быў спад нараджальнасці. Акрамя таго, зараз істотная колькасць асоб прызыўнага ўзросту не трапляюць у армію па медыцынскіх паказчыках. У апошні час пашыраны пералік захворванняў, з якімі не бяруць “у салдаты”. Дарэчы, у нашым раёне прыкладна 60 працэнтаў прызыўнікоў прызнаюцца медыкамі прыдатнымі да ваеннай службы, тады як у некаторых суседніх раёнах гэты паказчык даходзіць толькі да 40 працэнтаў.
Малады чалавек, які патэлефанаваў падчас “прамой лініі”, чуў аб тым, што праз ваенкамат можна трапіць на курсы вадзіцеляў.
– Сапраўды, у рамках дапрызыўнай падрыхтоўкі юнакі, старэйшыя за 17 год і прыдатныя па медыцынскіх паказчыках да ваеннай службы, могуць бясплатна скончыць паўгадавыя курсы вадзіцеляў катэгорый В і С. Навучэнне праходзіць у Лепелі, Полацку або Віцебску – па жаданні прызыўніка.
Жыхарка адной з вёсак раёна, маці вайскоўца, пацікавілася, ці дадуць яе сыну водпуск, каб ён дапамог ёй па гаспадарцы. На гэтае пытанне камісар таксама даў падрабязны адказ. Бацькі могуць звярнуцца ў ваенкамат з падобнай заявай і даведкай з сельсавета аб складзе сям’і. Ваенкамат хадайнічае перад камандзірам часці, дзе нясе службу сын, і калі той палічыць гэта магчымым, вайскоўцу будзе прадстаўлены так званы сацыяльны водпуск (ад 3 да 5 сутак). Звычайна такія пытанні вырашаюцца станоўча: камандзіры добра ставяцца да салдат-ушачан, бо тыя нясуць службу адказна і сумленна, з’яўляюцца прыкладам для астатніх.
Н.БАГДАНОВІЧ. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *