Усхваляваныя ўдзельнікі, бадзёрыя словы калег, урачыстая музыка – усё стварала атмасферу сапраўднага свята, галоўнымі героямі якога сталі педагогі. На бягучым тыдні на базе Ушацкай школы прайшоў фінал раённага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года – 2023”. Маладыя і ўжо вопытныя спецыялісты, з сельскіх і гарадскіх устаноў – хто стане лепшым, загадзя зрабіць стаўку не браўся ніхто: у сваіх калектывах усе самыя творчыя, актыўныя.
Падтрымаць на старце канкурсантаў выклікаліся члены журы, удзельнікі клуба “Інсайт” для актыўных і крэатыўных педагогаў Ушаччыны В.А.Жыткая, У.Л.Хамёнак і А.В.Марозава. Дарэчы, Вольга Анатольеўна і Уладзімір Леанідавіч падобны іспыт у свой час праходзілі – у 2014 і 2020 гадах адпаведна станавіліся пераможцамі раённага, прызёрамі абласнога этапу прыгаданага конкурсу. Вось і ў гэты дзень з веданнем справы яны раілі ўсім расслабіцца, расправіць крылы і атрымліваць ад таго, што адбываецца ў іх прафесійным жыцці, задавальненне.
Зрэшты, яшчэ да мерапрыемства ўдзельнікі пераадолелі шэраг выпрабаванняў: падрыхтавалі самапрэзентацыю і пісьмовы праект заняткаў, далі адкрытыя ўрокі ў незнаёмых класах… Цяпер жа неабходна было выйсці на сцэну з майстар-класам – падзяліцца з калегамі вопытам уласнай педагагічнай дзейнасці.
Напэўна, прасцей за ўсё ў гэтым пытанні было настаўніку фізічнай культуры і здароўя Ушацкай школы Ю.М.Красілевіч. Па-першае, вопыт удзелу ў конкурсе прафмайстэрства ў яе ўжо быў (тады – у 2020-м – у сваёй намінацыі стала пераможцай). Ну а па-другое, у зале сабралася немалая група падтрымкі. У сваім выступленні Юлія Мікалаеўна акцэнтавала ўвагу на метад кругавой трэніроўкі, якую часта выкарыстоўвае на занятках.
Як з самых маленькіх школьнікаў выхаваць сапраўдных патрыётаў, ведае настаўнік пачатковых класаў з гэтай жа навучальнай установы А.В.Цяляк. Нягледзячы на непрацяглы прафесійны стаж (у сістэме адукацыі Алёна Валер’еўна з 2019 года), на ўроках беларускай мовы і літаратуры ўмела выкарыстоўвае краязнаўчы матэрыял. Замацаваць жа яго хлопчыкам і дзяўчынкам дапамагаюць цікавыя лекторыі, экскурсіі па ўшацкіх адметнасцях.
За 45 хвілін завочна здзейсніць вандроўку, скажам, у Лондан, пазнаёміцца з яго жыхарамі, па відэасувязі пагутарыць з імі – думаеце, нерэальна? Са сваімі ж вучнямі настаўнік англійскай мовы Ушацкай школы В.А.Мартынюк падобнае практыкуе. Гэта, упэўнена Вольга Аляксандраўна, і цікавасць да прадмета павышае, і боязь памыліцца ў маўленні мінімізуе. Педагог расказала пра выкарыстанне аўтэнтычнага матэрыялу на занятках, пра ўдзел у посткросінгу – са школьнікамі атрымалі ўжо больш за 500 паштовак з усяго свету. Цікава, што сябры В.А.Мартынюк з ЗША, Азербайджана, Германіі, Расійскай Федэрацыі запісалі з нагоды яе ўдзелу ў конкурсе цёплае відэавіншаванне.
Мілых папяровых жураўлікаў – як сімвал педагагічнага майстэрства – падрыхтавала для калег з усяго раёна настаўнік біялогіі Арэхаўскай школы Т.У.Ліленка. Захопленасць любімай справай – вось яе формула поспеху. Пераняла ж яе Таццяна Уладзіміраўна ад сваёй маці Ганны Аляксандраўны Ліленка, якая была яе першым настаўнікам. Пра гэта, а таксама экалагічную работу, якую праводзіць з навучэнцамі, казала педагог са сцэны. Не хавала і звестак пра сваю сям’ю, у якой нямала настаўнікаў, свае захапленні – музыку, чытанне, фота і кулінарыю.
Значны прафесійны стаж, а гэта ўжо 23 гады, атрыманыя вышэйшая адукацыя і такая ж кваліфікацыйная катэгорыя – за плячыма А.М.Жук, настаўніка хіміі, біялогіі, геаграфіі Вялікадолецкай школы. Праўда, вылучае з гэтых прадметаў Алена Мечыславаўна менавіта першую, паколькі душа да яе ляжала з дзяцінства. Нядзіўна, што юных аматараў хіміі ў аграгарадку нямала: апантаны справай педагог вучыць выкарыстоўваць магчымасці гэтай навукі не толькі ў пазнанні законаў прыроды, але і ў быце.
У тым, што якасць урокаў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій павышаецца ў разы, упэўнена настаўнік нямецкай мовы Глыбачанскай школы Таіса Ігараўна Церашкавец. У гэтай канкурсанткі немалы багаж дасягненняў! Яе цікавяць не толькі прадметныя спаборніцтвы, конкурсы камп’ютарных распрацовак, але і мерапрыемствы па энергазберажэнні, фарміраванні здаровага ладу жыцця, а таксама жывапіс і рукадзелле.
Цікавыя заняткі для сваіх маленькіх выхаванцаў праводзяць выхавацелі дзіцячых садоў №2 і №4 г.п.Ушачы Т.М.Змітрачэнка і С.А.Будняк. Убачыўшы на экране мілыя відэаролікі, фотаздымкі, як ніколі, захацелася вярнуцца ў дзяцінства – разам з Таццянай Мікалаеўнай парашаць асацыятыўныя галаваломкі, прайсціся па экалагічнай сцяжыне, са Святланай Аляксандраўнай асвоіць нетрадыцыйныя тэхнікі малявання: пластыкавымі відэльцамі, ватнымі палачкамі ці нават мыльнымі бурбалкамі.
Усе ўдзельнікі конкурсу годна прадставілі свае ўстановы і атрымалі дыпломы ад аддзела па адукацыі Ушацкага райвыканкама. Але, як і ў любым спаборніцтве, вызначыліся мацнейшыя. Імі сталі: у намінацыі “Выхавацель дашкольнай адукацыі” – Т.Змітрачэнка, “Замежная мова” – В.Мартынюк, “Пачатковыя класы” – А.Цяляк, “Хімія, біялогія” – А.Жук, “Музыка, выяўленчае мастацтва, чарчэнне, фізічная культура і здароўе” – Ю.Красілевіч. Не абышлося без цёплых абдымкаў, кветак і сувеніраў ад калег, вакальных выступленняў ад юных выхаванцаў раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Змоўклі фанфары. Засталіся ў мінулым узнагароджанне, трапяткое хваляванне, псіхалагічнае напружанне. Але ж, думаецца, удзельнікі яшчэ доўга будуць успамінаць конкурс “Настаўнік года – 2023”, які аб’ядноўвае, мабілізуе на творчыя пошукі, запальвае зоркі. Новых усім перамог!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.