Лета – пара, калі дзеці могуць зняць назапашаныя за вучэбны год стомленасць і напружанасць, папоўніць свае сілы, па-новаму зірнуць на навакольны свет і лепш яго пазнаць. Вельмі важна, каб у гэты час яны не сумавалі, былі занятыя справай.
Арганізацыяй летняга адпачынку дзяцей займаюцца дзіцячыя аздараўленчыя лагеры, дзе выхаванцы заўсёды знаходзяцца пад наглядам кваліфікаваных педагогаў-выхавальнікаў. Дзейнасць любога лагера заключаецца не толькі ў аздараўленні дзяцей, але і ў маральным выхаванні, інтэлектуальным развіцці і далучэнні іх да свету сацыяльных адносін. У дзіцяці ёсць цудоўная магчымасць развіваць у сабе незалежнасць, уласнае «Я», знаёміцца і мець зносіны з новымі людзьмі, вучыцца працаваць у камандзе, творча падыходзіць да справы, нават крышку пасталець.
Летам 2011 года аддзелам адукацыі плануецца арганізаваць работу трох такіх лагераў, а гэта стацыянарны лагер “Турасполле” і два палатачныя: турыстычны (на базе Мосарскай ДАСШ) і абаронча-патрыятычны (на тэрыторыі вайсковай часці 71327, якая дыслакуецца ў п.Заслонава Лепельскага раёна).
Аздараўленчы лагер “Турасполле” сёлета будзе працаваць у тры змены, кожная працягласцю 18 дзён. Першая змена пачне сваю работу 2 чэрвеня, другая – 23 чэрвеня, трэцяя – 14 ліпеня. На сённяшні дзень лагер падрыхтаваны да адкрыцця: абсталяваны пляж, устаноўлена новае гульнявое і спартыўнае абсталяванне. Поўны кошт пуцёўкі ў лагер “Турасполле” складзе 414 тысяч беларускіх рублёў, бацькоўская даплата – толькі 104 тысячы для работнікаў усіх арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
Па ўсіх пытаннях, звязаных з аздараўленнем школьнікаў у летні перыяд, можна звяртацца ў аддзел адукацыі, кабінет 73, да метадыста вучэбна-метадычнага кабінета Жук Алены Мечыславаўны (рабочы тэлефон: 2-14-92).
Усяго ва Ушацкім раёне ўлетку плануецца аздаравіць 726 дзяцей, у тым ліку 400 дзяцей – у прышкольных аздараўленчых лагерах, 66 – у спартыўна-аздараўленчым, 50 – у палатачных, 210 – у аздараўленчым лагеры “Турасполле”.
Традыцыйна для арганізацыі занятасці дзяцей на летніх канікулах у школах будуць працаваць спартыўныя пляцоўкі, камп’ютарныя класы, гурткі і секцыі. Увесь летні перыяд будзе працаваць цэнтр пазашкольнай работы. Вучні старэйшых класаў Вялікадолецкай, Вяркудскай, Глыбачанскай, Ільюшынскай, Касарской, Мосарскай, Арэхаўскай, Плінскай і Ушацкай школ могуць падзарабіць, выконваючы рамонт школьных класаў і праводзячы добраўпарадкаванне тэрыторыі ў працоўных брыгадах, арганізаваных установамі адукацыі сумесна з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Л.КАРАБАНЬ,
начальнік аддзела адукацыі райвыканкама.