Па-свойску пагутарыць з зоркамі самых прэстыжных сусветных ралі, сфатаграфавацца на фоне грузавіка, які ганяў па пясках Дакара, а яшчэ і атрымаць памятны плакат ад удзельнікаў каманды МАЗ-СПОРТаўта – многія аматары гонак пра гэта могуць толькі марыць. А вось гледачы, якія прыйшлі ў суботу на пляцоўку перад спарткомплексам, дзе разгарнуліся мерапрыемствы І этапу Адкрытага кубка Рэспублікі Беларусь па ралі-спрынце “Ушачы-2023”, ахвотна карысталіся такой магчымасцю.
Сэлфі з зоркамі “Дакара”
Пра тое, што кіраўнік і пілот прыгаданай каманды Сяргей Вязовіч заўсёды вельмі пазітыўна ставіцца да балельшчыкаў, жыхары райцэнтра ўжо добра ведаюць: лепшы гоншчык краіны часта прыязджае на ўшацкія этапы. А вось другі па рэйтынгу экіпаж мазаўскіх грузавікоў у поўным сваім складзе завітаў да нас упершыню, і тыя, хто на Дакары хварэе за пілота Аляксея Вішнеўскага, штурмана Максіма Новікава і механіка Сяргея Сачука (да такіх належу і я), былі вельмі рады ўжывую ўбачыць сваіх куміраў. Балельшчыцкі інтарэс зразумелы, бо Максім – ураджэнец Ушач. На правах гаспадара ён знаёміў нас з сябрамі-калегамі, якія таксама аказаліся вельмі простымі і добразычлівымі. На жаль, апошнім часам палітычныя рашэнні пазбавілі нашу каманду магчымасці ўдзелу ў міжнародных ралі, аднак без стартаў мы летась не засталіся: спаборнічалі ў расійскіх гонках – ралі-рэйдах “Шаўковы шлях”, “Ціхі Дон”, “Холмы России” (дарэчы, на апошнім абодва беларускія экіпажы трапілі на подыум).
“Без сяброўскіх адносін нам ніяк нельга! Мы ж разам не толькі ў кабіне грузавіка, а і ў цэхах канструктарскага бюро МАЗа, ды і вольны час праводзім супольна, сябруем сем’ямі”, – падзяліўся з намі Сяргей Сачук. У экіпаж Вішнеўскага ён трапіў нядаўна, але вельмі хутка стаў сваім. Аляксей жа не шкадаваў кампліментаў у адрас нашага райцэнтра і спартыўнага комплексу.
“Амерыканскія горкі” ўшацкіх дарог
Але вернемся непасрэдна да ралі. Хоць прыехала на яго толькі сем баявых экіпажаў, але сам факт правядзення гонкі пасля мінулагодняй паўзы, калі ў Беларусі падобных ралійных спаборніцтваў увогуле не было, ужо не мог не радаваць аўтагоншчыкаў. З надвор’ем пашанцавала: адліга не знішчыла снег і лёд на трасе, а ўшацкія дарожнікі, камунальнікі, медыкі, кааператары, службы МНС, РАУС, валанцёры паклапаціліся пра тое, каб гонкі былі відовішчнымі і бяспечнымі.
На трасе ж, бы на тых амерыканскіх горках, “узлёты” чаргаваліся з “падзеннямі”. Мала хто з экіпажаў здолеў пазбегнуць тэхнічных праблем. Так, ужо на першым спецучастку зламалася “Рэно” Аляксея Крэктуна, а “Фольксваген Пола” Дзмітрыя Ніказачанкі апынуўся ў кювеце, і хоць машыны вярнуліся ў гонку, да фінішу так і не дабраліся. Праблемы з маторам падпільнавалі “Субару” Кірыла Ермаковіча. Давялося пахвалявацца і Сяргею Вязовічу: на апошнім чацвёртым спецучастку ў яго “Міцубішы” “рванула” кола – але экіпаж дацягнуў да фінішу. Тым не менш папярэдніх вынікаў гонкі фаварыт чакаў з хваляваннем: Іван Рускіх, які даволі ўпэўнена адолеў трасу на “васьмёрцы”, меў шанс пераўзысці яго па агульным часе. Ды ўсё ж Вязовіч захаваў перавагу ў 5,5 секунды і разам са сваім штурманам Дзмітрыем Ахрэмчыкам стаў першым у класе Б12. Іван Рускіх і Яўген Кандраценя святкавалі перамогу ў заліку Б10, ва ўпартай барацьбе апярэдзіўшы срэбраных прызёраў Паўла Кавалеўскага і Паўла Вашкевіча, якія выступалі на “Сітраене Сакса”.
Прызы і дыпломы на ўрачыстым закрыцці атрымалі і юныя пілоты віртуальных гонак, якія праводзіліся на сімулятары. Самымі хуткімі тут сталі Максім Ісаеў, Мікіта Сцяпко, Уладзімір Крывашэеў, а перамагла віртуозная гоншчыца Сафія Грунтовіч.
Горача не толькі на трасе
А ці шмат будзе тых, хто ў суботні дзень захоча прамяняць “мяккае крэсла і клятчасты плед” на зябкую абочыну заснежанай дарогі? Цікавіла нас і такая інтрыга. Прынамсі, яна адразу знікла, ледзь мы апынуліся на ўскрайку Кубліч, дзе размешчана адна з самых зручных глядацкіх зон. Людзей тут было нямала. Абменьваліся ўражаннямі маладыя хлопцы. Абмяркоўвала перыпетыі гонкі, а заадно і сваіх працоўных будняў, група работнікаў мясцовага лясніцтва. Убачылі мы тут і цэлыя сем’і. Напрыклад, зладзілі прыемнае знаёмства з кублічанкай Аленай Харашкевіч, яе дачкой Аляксандрай, зяцем Максімам і сынам Колем. “За гонкамі сачу – колькі сябе памятаю! – падзялілася з намі камунікабельная прыгажуня Саша. – Яшчэ малымі былі, мама на рабоце, адным ісці на трасу нельга, дык узбіраліся на саламяныя цюкі, каб хоць здаля паназіраць. Я ж усіх гоншчыкаў ведаю, а з Вязовічам у сацсетках перапісваемся. Мы з мужам у Полацку зараз жывём, але на ралі спецыяльна прыехалі. Гэта ж траса – наша мясцовая адметнасць, якой мы ганарымся. Я і мужа выбрала з адпаведнай кагорты: Максім – удзельнік полацкага аўтаклуба, напэўна, чыталі пра тое, як яны з сябрамі розныя малюнкі да святаў са сваіх аўто складаюць і фатаграфуюць іх з вышыні, напрыклад, ёлку да Новага года вырабілі!” Адным словам, ушацкія балельшчыкі ў чарговы раз прадэманстравалі сваю цікаўнасць і вынаходлівасць – некаторыя для сугрэву нават вогнішчы ля абочыны раскладалі. Так што горача было не толькі на трасе!
Чарговае ўшацкае ралі стала гісторыяй. Але развітваемся мы з гоншчыкамі ненадоўга. Ёсць планы па далучэнні ралі ў праграму нашага брэндавага фестывалю “EXTRЕME-Прарыў”, так што спадзяёмся зноў сустрэцца з усімі героямі гэтага артыкула ў пачатку ліпеня.
Наталля БАГДАНОВІЧ.