В Ушачской школе искусств прошел сольный концерт баяниста с мировым именем Бориса Мирончука

Культура

“Няхай шкадуюць тыя, хто гэтага не чуў”, – такімі словамі развітваўся з гледачамі канцэрта яго арганізатар Трафім Анціпаў, заснавальнік міжнароднага праекта майстроў інструментальнай музыкі “Ліра-фэст”, у межах якога не першы раз запрашае на сцэну Ушацкай школы мастацтваў выканаўцаў з сусветным іменем. На гэты раз ім быў яго сябра, таксама лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, заслужаны артыст Украіны Барыс Міранчук.

І гэтыя словы пераклікаліся з водгукамі ўсіх гледачоў. “Проста ў захапленні, вельмі рада, што наш арганізатар Н.Васілеўская пераслала спасылку пра канцэрт”, – дзялілася ўражаннямі Людміла Лосева. Ну а старшыня ветэранскай арганізацыі ў сваю чаргу прачытала пра гастролі ў “Тэлеграме” “Патрыёта” і расквеціла такім чынам будны вечар сваіх актывістак. “Я сама скончыла “музыкалку” па класе баяна, і не толькі слухала, а з заміраннем сачыла, як бегалі па клавіятуры пальцы віртуоза”, – расказвала Наталля Ануй.

І хоць Т.Анціпаў і казаў у пачатку канцэрта, што гэту музыку можна проста слухаць, ад сцэны ўсе не адрывалі вачэй. Бо баяніст нават седзячы на стуле выконваў, можна сказаць, акрабатычныя нумары, а кожны твор заканчваў нечаканым пасажам. Выхаванцы ж школы, якія традыцыйна займаюць на канцэртах першыя рады, усё шчыра здымалі на відэа.

Барыс Міранчук іграў як творы вядомых кампазітараў, так і ўласныя, кожны з якіх прысвячаўся блізкім музыканта, у тым ліку жонцы Людміле Аляксандраўне Крукавай (Бычковай). Яна таксама прысутнічала ў зале і хвалявалася, напэўна, не менш за мужа. Бо гэта было выступленне роднага ёй чалавека ў сценах роднай школы, якую скончыла па класе домры. Зараз выхаванка Маргарыты Андрэеўны Грынберг выкладае ў Наваполацкім музычным каледжы, дзе і пазнаёміліся падчас гастроляў з украінскім артыстам, а цяпер – выкладчыкам Наваполацкай школы мастацтваў.

Вельмі яркім атрымаўся і фінальны нумар канцэрта. Танга Барыс Барысавіч і Трафім Аляксандравіч выконвалі ў чатыры рукі, абмеркаваўшы за некалькі хвілін перад канцэртам, хто будзе весці партыю, а хто імправізаваць. Што ж, проста брава. І калі вы пашкадавалі, што прапусцілі канцэрт, можаце паслухаць яго ўрыўкі на YouTube-канале “Патрыёта”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *