Хутка лета, час, калі дарослыя і дзеці кожны пагодлівы дзянёк імкнуцца выкарыстаць для адпачынку на прыродзе, паблізу рэк і азёр. Хтосьці рыбачыць, хтосьці катаецца на лодцы, а хтосьці проста плавае. Але ўсе гэтыя віды адпачынку, хоць і прывабныя, утойваюць у сабе патэнцыяльную пагрозу для людзей.
Аналізуючы прычыны няшчасных выпадкаў, можна вылучыць дзве асноўныя: безнагляднасць за дзецьмі і ўжыванне спіртных напіткаў дарослымі. Даказана, што 90 працэнтаў тапельцаў умелі плаваць, але не выконвалі правілы бяспекі. Тонуць дарослыя, і тонуць, на вялікі жаль, дзеці. Прычым, у большасці выпадкаў у гэтым вінаваты дарослыя. Адсутнасць пастаяннага кантролю з іх боку, няўменне аказаць першую дапамогу пры няшчасным выпадку прыводзяць да непапраўнай бяды. Каб гэтага не здарылася, неабходна ведаць і выконваць нескладаныя правілы паводзін каля вады і на ёй. Купайцеся ў спецыяльна адведзеных месцах. Перад пачаткам купальнага сезону ў раёне праведзена вадалазнае абследаванне дна вадаёмаў у месцах масавага адпачынку людзей: рака Ушача (насупраць касцёла), азёры Чаравэчча, Должыца, Вечалле і рака Дзіва, на беразе якой размяшчаецца дзіцячы аздараўленчы лагер “Турасполле”.
Пастаянна сачыце за дзецьмі, нельга ні на хвіліну выпускаць іх з поля зроку. Лепш за ўсё купацца ў сонечнае бязветранае надвор’е пры тэмпературы паветра не ніжэй за 20-25 градусаў, а вады – 17-19 градусаў. Не купайцеся адразу пасля прыёму ежы. Калі не ўмееце плаваць, не заходзьце ў ваду вышэй пояса. Пры няўпэўненым плаванні плывіце ўздоўж берага. Ні ў якім разе нельга купацца ў нецвярозым стане: п’яны чалавек губляе над сабой кантроль, у яго парушаецца каардынацыя рухаў, у выніку чаго можа адбыцца няшчасны выпадак. Будзьце ўважлівымі пры карыстанні лодкай, катэрам або іншым плавальным сродкам. Перш чым сесці ў лодку, пільна праверце ў ёй наяўнасць выратавальных сродкаў, не перагружайце яе і не разгойдвайце на плыву. Памятайце, што ад вашых паводзін і ўвагі залежыць жыццё вашых родных і блізкіх! Выконвайце правілы паводзін на вадзе – і тады летні цёплы дзень прынясе вам толькі задавальненне.
Э.ВЕРТАШОНАК,
старшыня раённага таварыства выратавання на водах.
Аддзяленне аховы
правапарадку і прафілактыкі Ушацкага РАУС.