Старейшину агрогородка Ореховно Анну Троцкую называют «второй мамой», любят и уважают

Общество

Зусім нядаўна на пашыраным пасяджэнні прэзідыума раённага савета ветэранаў узнагароду атрымлівала Ганна Барысаўна Троцкая – студзеньскі юбіляр, старэйшына вёскі і старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі аграгарадка Арэхаўна з больш чым 10-гадовым стажам. Хаця адну з пасад паважаная ў наваколлі актывістка вырашыла з сябе зняць.

– У нас са 142 пенсіянераў 72 – узростам ад 58 да 65 гадоў – “моладзь”, якой і трэба перадаваць грамадскія пасады, – усміхаецца Ганна Барысаўна, узброіўшыся папкай з дакументамі ветэранскай пярвічкі. – Таму папрасіла старшыню сельвыканкама падшукаць кандыдатуру старэйшыны. Не скажу, што моцна нагружана ўвесь час. Гэта ж не на работу хадзіць – не зробіш сёння, калі здароўя няма, выканаеш заўтра. Аднак наведваць людзей трэба, а хада нялёгкая – зараз вось праходзіў перапіс жывёлы, а значыць, у кожную сям’ю зазірнуць. У нас не маленькая вёсачка – больш паўтысячы чалавек.

Практычна кожнага ў аграгарадку Ганна Барысаўна ўжо ведае і ў твар, і па імя. Хто якую жывёлу трымае, таксама раскажа – буронак вось толькі пяць засталося. Але нават у гутарцы, а не толькі для справаздачы, былы галоўны бухгалтар саўгаса-камбіната “Арэхаўна” лічбаў “на вока” сабе не дазваляе. Вось і на сустрэчу пагадзілася, толькі калі “асвяжыла” ветэранскія лічбы па ўсіх паказчыках: узросце, поле, сацыяльным статусе.

– У нас 2 былыя настаўнікі, нядаўна было тры – не стала Надзеі Андрэеўны Долгай, якая столькі год вяла летапіс Арэхаўна, – прыгадвае Ганна Барысаўна чалавека, які і перадаў ёй ветэранскую пасаду. – На жаль, менее жыхароў, неяк падлічыла, толькі на нашым пасёлку не стала 100 жыхароў. Зараз чатыры пенсіянеры-медыкі, ну а ў асноўным – аграрыі. І дамы гэты шматпавярховыя, і катэджы людзі маладымі атрымлівалі ад “Арэхаўна”, якому раней належаў і свінагадоўчы комплекс. Прадпрыемствы з часам раздзяліліся, але не арэхаўцы. Усе святы праводзілі разам. Дырэктар УП “Сарочына” В.П.Сяргееў заўсёды да дня пажылых людзей грошы на салодкі стол выдзяляў, а якія масавыя “Масленіцы”, святы бліноў і іншыя мерапрыемствы былі – 50-60 чалавек збіралася. Зараз прагрэс перашкаджае – маладыя пенсіянеры, як тыя юнакі – у гаджэтах, меней у людзі выходзяць. Ды і прадпрыемстваў, ветэранамі якіх мы з’яўляемся, не засталося, так што складаней нешта рабіць.

Аднак не толькі святы аб’ядноўваюць арэхаўцаў – Ганна Барысаўна ці яе намеснік, актывістка Вольга Васільеўна Жукава не раз абходзілі аднавяскоўцаў, каб сабраць грошы пагарэльцам або на лячэнне хворага дзіцяці. Ці вывешвалі аб’яву, і людзі скідваліся, хто колькі мог. Бо нягледзячы на вялікі аграгарадок, праблемы аднавяскоўцаў – блізкія, суперажываюцца як свае.

Яе дом у Кляпцах таксама згарэў у юнацтве. Разумела, што вучыць на стацыянары бацькі не змогуць, і хоць скончыла Кубліцкую школу з пяцёркамі – паступіла ў Інстытут народнай гаспадаркі і пайшла працаваць. Першым месцам аказаўся цагляны завод, які належаў прамкамбінату. Маладой дзяўчыне ў адным з домікаў Арэхаўна, дзе зараз размяшчаецца ФАП, выдзелілі пакой. І хоць потым прапаноўвалі жыллё ва Ушачах, перайшла ў саўгас і засталася роднай у вёсцы, дзе не ведала нікога.

Затое зараз у яе тут шмат блізкіх людзей. Адны, як Таццяна Кавалевіч, называюць Ганну Барысаўну “другой мамай”, Марыя Андрэеўна Курбака – лепшай сяброўкай, а былы старшыня Сарочынскага сельвыканкама Л.Я.Птушка – адказным памочнікам. “Вельмі чулы чалавек, усе просьбы людзей, з якімі звярталіся да яе, перадавала мне для вырашэння, штогод збірала сродкі самаабкладання – за іх набыта спартыўнае абсталяванне, устаноўленае для дзяцей у скверы, была наглядальнікам на выбарах, актыўным удзельнікам усіх мерапрыемстваў, на якія арганізоўвала людзей. Яе ўсе паважаюць”, – расказвае Людміла Яўгенаўна. Каб атрымаць усе гэтыя водгукі, напэўна, сапраўды трэба іншых любіць больш, чым сябе, умець чуць і бачыць. Дарэчы, і ў рэдакцыю Ганна Барысаўна не раз звярталася менавіта з просьбай напісаць пра арэхаўцаў. “У нас сёлета ў 31 ветэрана – юбілей, траім, як і мне – 75, семярым – па 70 і 65, ну а больш за ўсё, 14, як і казала – моладзь – шасцідзясятнікі. Тры пары – Шчарбаковы, Курбакі, Бутоўскія больш 60 гадоў пражылі ў шлюбе. Так што прыязджайце, дастойных у нас шмат”.

І расказвала падчас сустрэчы Ганна Барысаўна пераважна пра людзей. Адну яшчэ адметную рысу я заўважыла выпадкова: патэлефанавалі і прасілі парады наконт новага падаткаабкладання. Такім чынам высветлілася, што Г.Троцкая цікавіцца зменамі заканаўства і застаецца “дзеючым галоўным бухгалтарам” – кансультуе зяця-прадпрымальніка і апраўдвае статус выпускніцы вядучай эканамічнай ВНУ краіны. А яшчэ яна выдатная гаспадыня і агародніца, дзякуй Богу ёсць для каго старацца – у яе двое дзяцей, тры ўнукі і праўнучка.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *