Золотая свадьба семьи Крицких

Золотые юбиляры

Па-добраму можна пазайздросціць Міхаілу Нікіфаравічу і Ефрасінні Піліпаўне Крыцкім з вёскі Ільюшына. Ужо 50 гадоў як ідуць па жыцці разам, а 14 мая ў аддзеле загса Ушацкага райвыканкама яны адзначылі залатое вяселле. 

У зале сабраліся родныя, сябры і суседзі юбіляраў, каб сардэчна павіншаваць іх з выдатнай падзеяй.
У гэты дзень Крыцкія прымалі віншаванні і памятныя падарункі ад старшыні Ушацкай раённага Савета дэпутатаў, старшыні Ушацкай раённай арганізацыі «Белая Русь» Алены Васільеўны Пашковіч, старшыні Жарскага сельскага Савета дэпутатаў Алены Уладзіміраўны Кузьміной. Па традыцыі Міхаіл Нікіфаравіч і Ефрасіння Піліпаўна паставілі свае подпісы ў Кнізе ганаровых юбіляраў Ушацкага раёна, атрымалі юбілейнае пасведчанне аб заключэнні шлюбу і памятны медаль.
На імпрэзе прысутнічалі верныя сябры юбіляраў, дружба з якімі праверана гадамі. Так здарылася, што Уладзімір Васільевіч Клачкоў і Тамара Лук’янаўна Грышкевіч сапраўды сталі сведкамі сямейнага жыцця Крыцкіх – і ў гэты асаблівы дзень таксама былі побач з імі.
50 гадоў Міхаіл Нікіфаравіч і Ефрасіння Піліпаўна прайшлі дарогай сямейнага жыцця, шмат паспелі зрабіць за гэтыя гады. Іх жыццё – яркі прыклад для маладога пакалення. Прыклад сумленнага сямейнага жыцця, адданасці любімай справе, працавітасці. А пачыналася ўсё так….
З самага дзяцінства Міхаіл Нікіфаравіч і Ефрасіння Піліпаўна жылі ў адной вёсцы Зацякляссе Лепельскага раёна. Дзяцінства ў іх, як і ў многіх дзяцей ваеннага часу, падобнае. Абое сіроты з малых гадоў.
У цяжкія пасляваенныя гады і вучыцца было няпроста. Ефрасіння Піліпаўна змагла скончыць 7 класаў школы і пайшла працаваць. Спачатку дзяжурнай на радыёвузле, а ў 1955 годзе – на ферму. Была даяркай, прычым, пяцітысячніцай, брыгадзірам.
Міхаілу Нікіфаравічу ўдалося скончыць толькі пачатковую школу, куды даводзілася хадзіць басанож, нават па марозе, пакуль сам сабе не сплёў лапці. Калі з ежы скончылася нават бульба, з-за голаду прыйшлося пакінуць вучобу. У калгасе падзарабляў з 12 гадоў, з 15 працаваў паляводам, з 17 – рахункаводам.
У верасні 1950-га Міхаіл Нікіфаравіч пайшоў у армію на тры гады ў далёкі Мурманск. Служыў у пяхотных войсках. Вярнуўся ў родную гаспадарку. І не змог не звярнуць увагі на актыўную, жыццярадасную, першую пявунню і прыгажуню Ефрасінню. Яна была ва ўсіх справах першай: арганізоўвала канцэрты, удзельнічала ў іх сама, была сакратаром камсамольскай арганізацыі, а з верасня 1959 года стала членам камуністычнай партыі. Маладыя сустракаліся восем гадоў: хадзілі на танцы, прагульваліся, але ажаніцца не рашаліся, бо маладой сям’і зусім не было дзе жыць. Сам Міхаіл жыў у брата, у якога было двое дзяцей, жонка, якая ўзяла да сябе яшчэ свайго брата-сірату. Маладую жонку сюды не прывядзеш. І было прынята дзёрзкае рашэнне: нарыхтаваць лес і самому пабудаваць сваю хату. Што і было зроблена.
Не атрымалася ў маладых адсвяткаваць вяселле. Зрабілі ў 1961-м невялікі вечар у сястры і адразу перайшлі жыць у сваю недабудаваную хату. Паволі абзаводзіліся гаспадаркай, а падарункамі лёсу сталі дзеці. Спачатку на свет з’явілася дачка Волечка, праз два гады – Танюша. З нараджэннем дзетак клопатаў у Ефрасінні Піліпаўны прыбавілася, але заўсёды побач было надзейнае плячо мужа, яго ўвага і каханне. А калі ў сям’і мір і лад, то і любая справа спорыцца.
Некаторы час працавалі маладыя ў калгасе «Адважны барацьбіт», а з сакавіка 1973-га сям’я пераехала жыць у Ільюшына. Уладкаваліся працаваць у мясцовы калгас «Дружба». Ефрасіння Піліпаўна яшчэ і на пенсіі пяць гадоў працавала ў гаспадарцы галоўным заатэхнікам. А Міхаіл Нікіфаравіч яшчэ восем гадоў заслужанага адпачынку вёў бухгалтарскі ўлік ветсанутыльзавода.
Велізарная колькасць узнагарод і грамат належаць Ефрасінні Піліпаўне. Заўсёды на перадавой, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, не лічачыся з асабістым часам і здароўем. У 1960 годзе яна атрымала ў Крамлі сваю першую дзяржаўную ўзнагароду – ордэн Леніна. У Крамлі, ВДНГ была неаднаразова, бачыла і Хрушчова, і Брэжнева. Мае медаль «Ветэран працы», медаль за добрасумленную працу ў гонар святкавання 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна.
Каля 18 гадоў працоўнага стажу Міхаіла Нікіфаравіча аддадзена калгасу «Дружба», а Ефрасіння Піліпаўна адпрацавала ў ім 23 гады. Іх сям’я заўсёды карысталася заслужаным аўтарытэтам і павагай. І у дзень імпрэзы павіншаваць юбіляраў з выдатным святам – 50-годдзем сямейнага жыцця – прыйшлі дырэктар ААТ “Ільюшынскі” Сяргей Анатольевіч Халімоненка і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Таццяна Барысаўна Бондарава. Музычныя віншаванні юбілярам уручылі спецыялісты РМЦ аддзела культуры Ушацкага райвыканкама І.Клімава, Г.Краўчонак пад акампанемент Ю.Канстанцінава.
Міхаіл Нікіфаравіч і Ефрасіння Піліпаўна пакінулі добры след на гэтай зямлі, хоць лёс ніколі не песціў іх. Цяжкая хвароба ў 30-гадовым узросце абарвала жыццё старэйшай дачкі Вольгі. На руках бабулі і дзядулі засталася 9-месячная ўнучка Маргарыта, зараз студэнтка трэцяга курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, вучыцца на юрыста. Малодшая дачка Таццяна скончыла на выдатна Мінскі медыцынскі інстытут, жыве ў Мінску, працуе ўрачом у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры пульманалогіі і эфтызіятрыі. Унучка Лізавета скончыла Белдзяржуніверсітэт па спецыяльнасці эканаміст і ўжо год працуе.
Сям’я Міхаіла Нікіфаравіча і Ефрасінні Піліпаўны з’явілася ў далёкім 1961-м. Тады было ўсё па-іншаму. Не было ўпрыгожаных машын, шыкоўнага адзення, такой колькасці гасцей і сяброў. Але, аказваецца, не гэта галоўнае. А тое, што і за паўстагоддзя яны збераглі свае пачуцці, павагу, клопат адзін аб адным.
Хочацца спадзявацца, што гэтая чароўная пара адзначыць яшчэ не адзін юбілей свайго сямейнага жыцця.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *