В Ушачах прошло расширенное заседание Президиума районной ветеранской организации

Общество

Ажыўлена ды з палемікай прайшло пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Ушацкай раённай ветэранскай арганізацыі. З дакладам пра работу суполкі ў 2022-м выступіла яе старшыня з амаль пяцігадовым стажам на гэтай пасадзе Н.А.Васілеўская.

А.Міранкова, В.Лукашонак.

Заўсёды на перадавой

Па дэмаграфічнай структуры наш раён маладым дакладна не назавеш: пажылыя складаюць больш трэці насельніцтва, а членамі 32 ветэранскіх пярвічак на пачатак 2023 года з’яўляліся 2703 чалавекі. Як падкрэсліла Ніна Аляксандраўна, галоўная мэта іх дзейнасці – павышэнне якасці жыцця ветэранаў, малалетніх вязняў Вялікай Айчыннай вайны (іх у раёне засталося 5 і 6 адпаведна), удзельнікаў ваенных дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў (35), а таксама ветэранаў працы. Для яе вырашэння суполка цесна супрацоўнічае з органамі ўлады, ТЦСАН, райбальніцай, аналізуе праблемы пажылых грамадзян. Так, летась у ветэранскую арганізацыю звярнулася 25 чалавек, пытанні якіх датычыліся пошуку сядзелкі і новага апекуна, медабследавання ветэрана працы, садзейнічання ў рамонце прыступак на гарадскіх могілках, выдзялення пуцёвак і іншых тэм.

Наладжана ўзаемадзеянне і з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, райкамам БРСМ, іншымі грамадскімі суполкамі. Так, летась былі арганізаваны сумесныя віншаванні з юбілейнымі датамі ветэранаў вайны Сямёна Сцяпанавіча Кляпца, Кацярыны Мікалаеўны Хадан, якім споўнілася па 95 гадоў, Міхаіла Сцяпанавіча Іванова – 100, былога старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Уладзіміра Мікалаевіча Малаткаўца – 80. Цёплыя словы, падарункі прымалі таксама актывісты ветэранскіх пярвічак. Са станоўчага боку можна назваць у гэтым пытанні прафсаюзныя арганізацыі райбальніцы (старшыня – М.Харэвіч), лясгаса (В.Шах), ДРБУ №105 (Н.Круцёнак).

Актыўна ўдзельнічалі ветэраны ў правядзенні рэферэндуму, былі назіральнікамі на ўчастках, уваходзілі ў склад камісій. Традыцыйна масава здавалі ўзносы ў Фонд міру, які заўсёды падтрымлівае ініцыятывы па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны, удзельнічалі ва ўсіх грамадска-палітычных і культурных мерапрыемствах раённага ўзроўню. Зрэшты, і самі іх арганізоўвалі. Сярод такіх – акцыя “Дрэва героя” па пасадцы бярозак у вёсцы Мосар, дзе нарадзіўся легендарны камбрыг, Герой Савецкага Саюза Фёдар Фаміч Дуброўскі, экскурсія для ветэранскага актыву ў музей народнай славы імя У.Е.Лабанка, знаёмства з карціннай галерэяй “Ушаччына партызанская”.

Л.Шарыпенка.

Вядуць за сабой

Людзі, якія ўзначальваюць ветэранскія пярвічкі, карыстаюцца аўтарытэтам у былых калег і аднавяскоўцаў, іх праблемы ўспрымаюць як уласныя. І гэта пацвердзілі іх выступленні на пасяджэнні.

Вяркудская арганізацыя, якой кіруе Н.В.Кірпічонак, налічвае зараз 137 чалавек (20 гадоў таму, калі Ніна Васільеўна заступала на пост, было 279). З віншаваннямі і падарункамі рэгулярна наведваюць яе прадстаўнікі аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН, прымаюць удзел у мерапрыемствах, што ладзяцца ў СДК. Добрым падарункам для ветэранаў стала і нядаўняе адкрыццё ў аграгарадку сацыяльнага пункта – звароты да спецыяліста ўжо паступаюць.

Не хавала праблемных момантаў Таццяна Віктараўна Аўтух з Ільюшына: паколькі мясцовыя клуб, бар былі зачынены, сабрацца ветэранам, якіх у пярвічцы 86, не заўсёды атрымліваецца. Аднак насустрач у гэтым пытанні ідзе ААТ “Ільюшынскі”, кіраўніцтва якога для правядзення святочных мерапрыемстваў выдзяляе памяшканне. Пры бібліятэцы працуе клуб “Лада” – з цікавымі гутаркамі за кубачкам чаю. Займаюцца вяскоўцы і скандынаўскай хадзьбой.

Больш за 10 гадоў працуюць старшынямі ветэранскіх арганізацый 20 чалавек, 7 з іх адначасова з’яўляюцца старэйшынамі ў сваіх населеных пунктах.

Пра традыцыі і апошнія дасягненні хора Народнага клуба “Ветэран” расказала яго кіраўнік Іна Сяргееўна Клімава. Яна нагадала, што прыйсці ў калектыў можа кожны – рэпетыцыі праводзяцца двойчы на тыдзень. “Не хочаце выходзіць на сцэну – проста паспявайце з намі. Не падабаецца вакал – пачытайце вершы, прозу ці, напрыклад, станцуйце”, – падкрэсліла яна.

Сярод ветэранаў працы, сапраўды, шмат актыўных людзей, якія зацікаўліваюць іншых карыснымі справамі. У ліку такіх – Таццяна Леанідаўна Клопава, дзякуючы якой на базе “Юнацтва-Ушачы” створаны спартыўны клуб “Імпульс”. Вельмі змястоўна праходзяць пасяджэнні аб’яднання “Ушачане” пры раённай бібліятэцы, старшынёй якога з’яўляецца Ніна Аляксандраўна Багдановіч. Творчыя калектывы для пажылых працуюць і ў некаторых сельскіх Дамах культуры, бібліятэках.

За асабісты ўклад у развіццё ветэранскага руху на Ушаччыне шэраг актывістаў пярвічак адзначаны ганаровымі граматамі, падзякамі раённага ўзроўню. Уручылі іх, назваўшы прадстаўнікоў ветэранскай арганізацыі моцным фундаментам грамадства, старшыня Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч і намеснік старшыні райвыканкама А.А.Міранкова. Добрым падарункам для ўдзельнікаў пасяджэння стаў у гэты дзень канцэрт ад хору Народнага клуба “Ветэран”.

У нашай памяці навечна

У выданні кнігі пад такой назвай прынялі ўдзел ўшацкія ветэраны сумесна з раённай арганізацыяй Беларускага Фонду міру. Яна змяшчае вершаваныя, празаічныя ўспаміны нашых землякоў аб іх родных, удзельніках ці сведках Вялікай Айчыннай вайны. Самым маладым з 13 аўтараў стаў шасцікласнік Ушацкай школы Міша Падворны, які ў творы “Мне ёсць на каго раўняцца…” расказаў пра свайго прадзеда Івана Кірылавіча Падворнага. Сваёй свекрыві Кацярыне Фёдараўне Жаравай прысвяціла апавяданне “Блакадніца” Лідзія Кірылаўна Сідарэнка, якая, на жаль, нядаўна пайшла з жыцця. У рамках прэзентацыі кнігі сваімі вершамі пра бабулю Еўфрасінню Цімафееўну Рудзёнак, якая ў гады вайны страціла трох дзетак, і дзеда Івана Андрэевіча Аўласенку падзялілася Тамара Дзмітрыеўна Барадзёнак. Успаміны дзядулі Яўгена Пятровіча Васілеўскага, партызана, удзельніка прарыву варожай блакады, які ў радах Чырвонай Арміі дайшоў да Берліна, пакінула на старонках выдання і дачка старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Вольга Гурленя.

Як зазначыла дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, старшыня раённай арганізацыі Беларускага Фонду міру Л.М.Шкаруба, пробны тыраж кнігі адразу разышоўся сярод чытачоў, але пры запатрабаванасці будуць надрукаваны дадатковыя.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *