В Ушачской районной организации РОО «Белая Русь» подвели итоги работы за 2022 год

Общество

Чым жыве адно з самых масавых і ўплывовых грамадскіх аб’яднанняў, якія годныя справы ажыццяўляе? Пра гэта ішла гаворка на нядаўнім пасяджэнні савета Ушацкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. З дакладам пра рэалізаванае летась перад прысутнымі (сярод іх – намеснік старшыні райвыканкама А.А.Міранкова, члены савета, актывісты пярвічак) выступіла старшыня суполкі Н.М.Марковіч.

Членскі білет атрымлівае Святлана Бехава.

Для раённай арганізацыі 2022-і стаў годам багатым на правядзенне розных акцый, на ўдзел у грамадска-палітычных, патрыятычных і іншых мерапрыемствах. Сярод іх, напрыклад, святкаванне 78-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – з урачыстымі мітынгамі, цырымоніяй ускладання кветак да помнікаў воінскай славы, ушанаваннем лепшай моладзі, віншаваннем ветэранаў; рэферэндум па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю – з уваходжаннем актывістаў “Белай Русі” ў склад раённай і ўчастковых камісій, з праведзенымі ў працоўных калектывах пасяджэнняў па абмеркаванні новаўвядзенняў. Штогод да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў каштоўныя падарункі ад грамадскага аб’яднання ўручаюцца матулям загінуўшых вайскоўцаў. Традыцыйна ўдзельнічае раённая арганізацыя і ў рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”, іншых навагодніх падзеях – віншаванні, падарункі атрымліваюць выхаванцы дома сямейнага тыпу ў Арэхаўне, пастаяльцы аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН у Вяркудах, а прадстаўнікі дэпутацкай групы з ліку членаў “Белай Русі” наведалі з такой мэтай дзіцячае аддзяленне райбальніцы. Значная ўвага ўдзяляецца падтрымцы інстытута сям’і – са спецыялістамі сацслужбы актывісты павіншавалі з Днём маці жанчын, якія выхоўваюць дзетак з інваліднасцю, каштоўнымі падарункамі ўшанавалі ўдзельнікаў конкурсу “Лепшая мнагадзетная сям’я”.

У 2022-м раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” аказала грашовую дапамогу музею народнай славы імя У.Е.Лабанка, выступіла адным са спонсараў раённага мерапрыемства “Экстрым-Прарыў”. У красавіку быў арганізаваны збор гуманітарнай дапамогі сем’ям Данбаса і Украіны.

“Нямала зроблена і ў мінулыя гады! – падкрэсліла Н.М.Марковіч. – Ва ўмовах пандэміі каранавіруса наша грамадскае аб’яднанне падтрымала работнікаў ТЦСАН, якія актыўна кантактуюць з пажылымі, – для іх набыты ахоўныя маскі, дэзінфектары. У 2019-м рэалізаваны праект сумесна з УП ЖКГ па будаўніцтве тратуара па вуліцы Віцебскай, сумесна з лясгасам аднаўлялі масток праз раку Ушача, які звязаў Кастрычніцкую і Чапаева, а ў 2020-м з камунальнікамі пабудавалі прыступкі да стаянкі магазіна “Санта”.

Вядома, рэалізацыя ўсіх годных спраў была б немагчымай не толькі без членскіх узносаў, але і непасрэднага ўдзелу, ініцыятывы актывістаў “Белай Русі”. Большасць з іх – прыклад для тых, хто толькі ўключыўся ў работу грамадскага аб’яднання. Ва ўзгаданы дзень Наталля Мікалаеўна ўручыла членскія білеты 8 “навабранцам”. За шматгадовае плённае супрацоўніцтва з раённай арганізацыяй РГА “Белая Русь” падзякавала яна кіраўніку філіяла аблспажыўтаварыства Ліліі Альбінаўне Долгай, сектара спорту і турызму – Сяргею Іванавічу Ціханёнку, аддзела па адукацыі – Маргарыце Віктараўне Варава, райбальніцы – Наталіі Васільеўне Дрозд, УП ЖКГ – Андрэю Аляксеевічу Сідзюку, аддзела па аказанні страхавых паслуг – Тамары Васільеўне Зімніцкай, а таксама лідарам грамадскіх аб’яднанняў Ушаччыны.

“Упэўнена: яшчэ больш здзяйсненняў наперадзе, – зазначыла выступоўца. – Будзем працаваць над павелічэннем членства, актывізуем “жывую” работу ў пярвічках, у інфармацыйнай сферы. Далучайцеся!”

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *