Молодежный клуб «Правовой навигатор» отметил свое десятилетие

Образование и молодежь

Сваё дзесяцігоддзе адзначыў на гэтым тыдні маладзёжны клуб «Прававы навігатар». 95 пасяджэнняў на розную прававую тэматыку правяла за гэты час супрацоўнік раённай бібліятэкі і заснавальнік клуба Галіна Талстая са старшакласнікамі Ушацкай школы, а тры прадстаўнікі першага выпуску ўжо самі сталі праваахоўнікамі.

Так, Ілья Клачок і Дзяніс Бункевіч атрымалі дыпломы і працуюць у следчых камітэтах ці органах унутраных спраў, Даша Іваньковіч працягвае навучанне ў аспірантуры МУС Расійскай Федэрацыі. Пра ўсё гэта прыгадалі падчас відэасправаздачы клуба як Г.П.Талстая, так і класны кіраўнік таго першага 10 “Б” Людміла Худалеева. Яна ж выконвала і асаблівую місію, падлічвала трапныя адказы ўдзельнікаў віктарыны, у якую былі ўключаны пытанні не толькі на эрудыцыю, але відэаролікі з прававым “падвохам”. Найбольшую колькасць балаў набралі Мікалай Баравікоў, Павел Аўдочанка, Вераніка Хадан, Іван Чумакоў і Сяргей Арцем’еў. Аднак не ўмоўная перамога гарантавала “пропуск” у члены клуба. Яго, як і спецыяльныя значкі, атрымалі ўсе вучні 10 “Б” класа пад кіраўніцтвам Галіны Данілёнак. Ліза Пахолак зачытала клятву, напісаную дзесяць год таму, а таксама вучні праслухалі гімн клуба ў стылі рэп у выкананні Косці Савіцкага – яшчэ аднаго прадстаўніка першага выпуску.

Галіна Пятроўна прыгадала тэмы і гасцей ранейшых пасяджэнняў “Прававога навігатара”. Праходзілі яны, дарэчы, не толькі ў сценах раённай бібліятэкі. Гасцілі вучні ў ЗАГСе, прыходзілі выступоўцы непасрэдна ў школу. Ну а памочнік пракурора Вадзім Лісаў запрасіў старшакласнікаў на пасяджэнне суда, чым яўна зацікавіў. Гасцямі юбілейнай сустрэчы былі таксама начальнік адасобленай групы па Ушацкім раёне ваеннага камісарыята Дзмітрый Заікін, натарыус Жанна Каваленка, начальнік аддзела прымусовага выканання Алена Маслюк, спецыяліст інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ніна Крахотка, псіхолаг раённай бальніцы Наталля Лісічонак. Усе яны жадалі вучням вызначыцца з будучай прафесіяй, ну і канечне, каб атрыманыя ў клубе веды спатрэбіліся толькі для годных спраў.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *